ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 20, 27–38)
Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства свайму брату. Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. Потым другі, і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. Урэшце, памерла і жонка. Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю». Езус сказаў ім: «Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрасення. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра куст, калі назваў Пана „Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба“. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць».
КАМЕНТАРЫЙ
«Шукайце і знойдзеце», — заклікаў Езус. Аднак сёння Ён нібы папярэджвае нас, каб мы не шукалі ў цемры нашага розуму і не спадзяваліся празмерна на яго яснасць. Бо знайсці можна тое, што шукаеш, — і таму так важна ўсведамляць, што́ я шукаю.
Можа, я толькі шукаю доказаў для сваіх ідэй і ўяўленняў, сцвярджаючы, што яны правільныя, замест таго, каб шукаць праўду?
Можа, шукаю пацвярджэння сваіх перакананняў, лічачы адзінаю кропкаю адліку ўласнае пачуццё сэнсоўнасці?
Можа, я нават не заўважаю, што прыстасоўваю чалавечыя меркі да боскай рэчаіснасці, пра якую ніводзін чалавек не можа мець ніякага паняцця?
Менавіта так паводзілі сябе фарысеі з сённяшняга Евангелля. Вельмі саманадзейныя, яны прыходзяць да Езуса і выпрабоўваюць Яго. Аднак адыходзяць пераможаныя.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 296.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave