ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 1, 18–24)
Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае „з намі Бог“». Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.
Каментарый
«Вось Дзева зачне і народзіць Сына», і застанецца Дзевай… Што адбывалася ў сэрцы Юзафа, калі ён разважаў над усім гэтым? Яго нарачоная, яго Мірыям, носіць у сваім улонні дзіця, бацькам якога ён, Юзаф, не з’яўляецца. Напэўна Юзаф узважыў усе магчымасці, калі ў канчатковым выніку вырашыў патаемна Яе адпусціць, што ў тагачаснай культуры не было баязлівасцю, але прыняццем віны на сябе, «не хочучы зняславіць Яе»… Бог бачыў, што адбывалася ў сэрцы Юзафа, калі ён прымаў рашэнне. У апошні момант Бог увайшоў у яго ўнутранную барацьбу і прапанаваў свой план — таксама цяжкі для прыняцця, але Божы.
Юзаф «абудзіўся» ад уласных думак і прыняў Бога ў гісторыю свайго жыцця. Цяжка зразумець Божы план адносна нас, асабліва тады, калі ён разбівае нашыя прынцыпы, пазіцыі і мары… Аднак, прымаючы план Бога, мы аддаем у Ягоныя рукі нашую гісторыю жыцця… Ён можа ўвайсці ў яе і стаць кімсьці блізкім, сябрам, «Богам з намі».
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 1, с. 65–66.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave