23/12/23

4 нядзеля Адвэнту

ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 1, 26-38)

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца». А Марыя сказала анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага». Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.

КАМЕНТАРЫЙ

Больш за дзве тысячы гадоў назад Марыя адказала Богу  «так». Дзякуючы Яе «няхай мне станецца» пачалася гісторыя нашага збаўлення. Як піша евангеліст Лука, Марыя знайшла ласку ў Пана. Знайшла яе , бо была цалкам скіраваная да Яго, шукала Яго волю, была адкрытай і гатовай да выканання Яго жаданняў.

Можна дапусціць, што пастава Марыі ў момант Звеставання была вобразам Яе штодзённай малітвы, свайго роду адлюстраваннем рытму Яе адносін з Богам: Марыя ў пакоры разважае над Ягонымі словамі, у непасрэднай блізкасці задае пытанні і з поўным даверам прымае Яго волю.

І таму Бог палічыў Яе найпрыгажэйшым  «начыннем» для прыняцця Ласкі.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 1, с. 68.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave