26/03/22

4 нядзеля Вялікага посту

Евангелле (Лк 15, 1–3. 11–32)

 

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: „Ойча, дай належную мне частку маёмасці“. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі ён аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў іх яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: „Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх“. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі. А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся. І, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: „Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам“. Бацька ж сказаў слугам сваім: „Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў памерлы і ажыў, прапаў і знайшоўся“. І пачалі весяліцца».

 

Каментарый

Вяртанне да Айца з далёкай краіны граху — гэта вялікае свята. Бог выбягае насустрач загубленаму чалавеку ў сваім Сыне Езусе. Яго распрасцёртыя паміж небам і зямлей рукі з’яўляюцца чулым абдымкам, у якім кожны грэшнік, які вяртаецца, можа адчуць сябе прынятым. Першы словы Айца: «Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго». Бог прыкрывае голае цела чалавека, вяртае яму годнасць і тоеснасць умілаванага сына, што выражаецца ў вопратцы. Гэтая вопратка будзе напамінаць яму ў бацькоўскім доме пра пройдзены шлях і пра дар новага жыцця.

Чалавеку неабходны сімвалы, знакі, каб лепш ахапіць у іх рэальнасць, якую перажывае. Святы Ян ад Крыжа піша пра вопратку, якая пакрывае душу падчас дарогі да Бога: «Душа, закранутая любоўю свайго Жаніха, Езуса Хрыста <…> выходзіць, апрануўшыся ў вопратку, якая мае тры асноўныя колеры: белы, зялёны і чырвоны. Гэтыя колеры сімвалізуюць тры тэалагальныя цноты: веру, надзею і любоў <…>. Вера — гэта ўнутранная вопратка <…>. На белую туніку веры душа надзяе зялёную шату <…>. Адзетая ў зялёнае адзенне надзеі, яна глядзіць на Бога і ні на што іншае не звяртае ўвагі <…>. Затым душа накідвае прыгожы чырвоны плашч: ён указвае на трэцюю цноту — любоў. Гэтая цнота не толькі надае́ вытанчанасць папярэднім колерам, але так узносіць душу і так яе ўпрыгожвае, што ставіць яе побач з Богам».

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 93-94

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave