18/03/23

4 нядзеля Вялікага посту

ЕВАНГЕЛЛЕ  Ян 9, 1. 6–9. 13–17. 34–38

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?» Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!» І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу».

Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны. Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!» Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч. Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоў яго, сказаў: «Ці верыш ў Сына Чалавечага?» Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?» Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою». Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану.

КАМЕНТАРЫЙ

Ці прагнуў чалавек, сляпы ад нараджэння, які ніколі не бачыў святла, убачыць яго? Гэтага мы не ведаем. Але слепата, якая была ўпісана ў яго жыццё, стала нейкім спадзяваннем, хоць бы нават спадзяваннем на дапамогу, аб якой ён прасіў.

Тым часам, Езус — сапраўднае Святло — хацеў асвяціць  яго сваім святлом і адкрыць перад ім цалкам новае вымярэнне жыцця, недаступнае да гэтага часу.

Хрост, які называюць асвячэннем, — гэта сустрэча са Святлом, якім з’яўляецца Уваскрослы Хрыстус. Гэта свайго роду адкрыванне вачэй: жыццё аказвацца прасякнутым любоўю Бога, а Ягонае Аблічча звернута на чалавека. Навакольны свет мае сэнс і з’ўляецца прастораю дабра, якім адорвае Бог.

Унутры чалавека, які адчуў дотык любові свайго Бога, запальваецца светач сэрца, і святло раз’ясняе ягоны зрок і позірк. Ён ідзе за святлом і ў той жа час зведвае непрыняцце з боку тых, хто знаходзіцца ў цемры.

Адбываецца суд: бачанне альбо адсутнасць бачання залежыць ад сувязі з Езусам — Ён адзінае Святло. Тыя, хто не прымае Яго, становяцца сляпымі. У той жа час тыя, хто прымае Святло, атрымліваюць усё больш поўнае пазнанне. Езус дазваляе ім убачыць Ягонае Аблічча, верыць і пакланяцца, і пастаянна прагнуць Святла.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 87-88.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave