Евангелле (Ян 8, 1–11)
Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў з’явіўся ў святыні. І ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Паставілі яе пасярэдзіне і сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве. А Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». І зноў, схіліўшыся, пісаў па зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, выйшлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся адзін Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы».
Каментарый
У сённяшнім Евангеллі адбываецца сустрэча з Тым, Хто з’яўляецца Праўдай і Хто нават подступ супраць Яго Самога здольны выкарыстаць дзеля дабра чалавека. Сустрэча з Праўдай як Асобай прывяла да таго, што жанчына, якую злавілі на чужаложстве, ацалела, што ацалеў ад дрэнных думак у нашых сэрцах наш бліжні. Сустрэча з Праўдай дае жыццё і паказвае шлях: тыя, што прывялі жанчыну, адыходзілі адзін за адным, усведамляючы, што яны не бязвінныя. Гэта той кірунак, у якім яны павінны былі ісці, пакінуўшы суд Езусу. І яны падпарадкаваліся — ніхто не кінуў камень. І хоць яны і надалей засталіся свабоднымі і зноў могуць спрабаваць падлавіць Езуса «на слове», сустрэча з Праўдай дала ім шанс сысці са шляху абвінавачвання Бога. Нават жанчына пачула: «Ідзі, і адгэтуль больш не грашы».
Разам з прыйсцем Езуса, у свеце з’явілася іншая логіка дзеяння. Нешта зусім новае! Езус дазволіў, каб смерць, якую належала прыняць жанчыне, узяла Яго. Ён ацаліў! Гэта Ён узяў на сябе смерць, таму жанчына змагла жыць далей. Гэта Ён узяў смерць, якая пагражала ўсім нам, на сябе — каб мы маглі жыць.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 120-121
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave