25/03/23

5 нядзеля Вялікага посту

ЕВАНГЕЛЛЕ (Ян 11, 3–7. 17. 20–27. 33b–45)

Сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы». Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе». Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю».

Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень». Езус сказаў ёй: «Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?» Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет». Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?» Адказалі Яму: «Пане, ідзі і паглядзі». Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!» А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» Езус сказаў Ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы ў гару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!» І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць». Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

КАМЕНТАРЫЙ

«Пане, той, каго Ты любіш, хворы», — гэтае паведамленне паслалі Езусу сёстры Марыя і Марта. Яны адкрылі сапраўднае імя іх брата! Гэта таксама імя кожнага з нас: «Той (альбо тая), каго любіць Езус»! Думаю, што нашае жыццё магло б мець іншы смак, калі б мы менавіта так глядзелі на саміх сябе: у перспектыве таго, што нас любяць!

Аднак Божая любоў перавышае наша мысленне, а «Яго думкі — гэта не нашыя думкі» (пар. Іс 55, 8). Яна не засцерагае ад хваробы і смерці! Часамі і ў нас гучыць голас сясцёр: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой»… Калі б Ты быў, не было б войнаў, не было б канцэнтрацыйных лагераў, нявінныя б не пакутавалі… Калі б Ты быў! І цяжка паверыць, што Ён сапраўды з намі ёсць. У выніку ўцелаўлення Ён разам з намі перажывае нашыя цяжкасці, у самім сабе носіць нашы змаганні і цярпенні.

Калі б Езус аздаравіў Лазара падчас хваробы, ніхто б ужо асабліва не здзівіўся, бо Ён шмат разоў паказваў сваю сілу над хваробамі. Аднак адбылося нешта яшчэ больш цудоўнае! Бог паказаў, што мае сілу таксама над нашай смерцю, якую Ён проста называе сном. Езус дазволіў памерці таму, каго любіў, каб паказаць, што Яго любоў не толькі задавольвае нашыя штодзённыя патрэбы, але і адказвае на нашае самае глыбокае прагненне: жыць вечна.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 114-115.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave