11/02/23

6 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  (Мц 5, 20–22а. 27–28. 33–34а. 37)

Езус сказаў сваім вучням: «Кажу вам: калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Вы чулі, што было сказана продкам: „Не забівай; а хто заб’е, падлягае суду“. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду. Вы чулі, што сказана: „Не чужалож“. А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім. Вы чулі, што сказана было продкам: „Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае“. А Я кажу вам: не прысягайце наогул. Няхай будзе слова вашае „так-так“, „не-не“. А што звыш гэтага, тое ад злога».

КАМЕНТАРЫЙ

Езус не толькі як верны сын Ізраэля, але і як Сын Таго, Хто даў і даверыў  Ізраэлю Закон, стаіць на гары Благаслаўленняў, поўны Божай моцы, каб абараняць і абараніць той Закон, які атрымаў Майсей. Як закаханы абараняе свой найвялікшы скарб, так Езус рупліва абараняе найвялікшы скарб Ізраэля, каб захаваць яго ад знішчэння і злоўжывання абыякавымі і нявернымі людзьмі. Ён, як новы Ілля, які палае руплівасцю дзеля хвалы Яхвэ, свайго Айца.

«Няхай справядлівасць вашая пераўзыдзе справядлівасць кніжнікаў і фарысеяў». Гэта значыць, няхай яна будзе, як Мая, кажа Езус. Ён дае сябе як прыклад выканання запаведзяў Бога. А потым падае́ канкрэтныя прыклады гэтай новай справядлівасці. Ужо не знешнія ўчынкі, забароны, як у наёмніка, але ўнутраная пастава сына, Божага дзіцяці, якое з любові да Айца цалкам уваходзіць, знаходзіцца ў Яго намерах, думках, планах.

Новая справядлівасць скіроўвае да пошуку праўды пра сябе, годнасць якой сягае аж да Божага сыноўства, да самога Бога. Шлях да яе дасягнення патрабуе такой радыкальнасці, што Езус, апісваючы яе, без ваганняў ужывае моцныя вобразы.

Не заставайся ў гневе, не ідзі на кампраміс з пажадлівасцю, прызнай сваё крайняе ўбоства, сваю залежнасць як стварэння ад Кагосьці Іншага. Шлях да справядлівасці, гэта значыць святасці Божага дзіцяці, сына (такога, як Езус) вельмі пакутлівы. Але варта пераадольваць гэты шлях . Толькі ідучы гэтым шляхам ты атрымаеш задавальненне ў той меры, кім ты з’яўляешься на самой справе.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 105-106.

 

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave