15/05/21

7 велікодная нядзеля

Евангелле (Ян 17, 11b-19)

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: “Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.

А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету.

Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе”.

 

Каментарый

Сродкам пастаяннага асвячэння хрысціяніна з'яўляецца Божая праўда, якая “ўтоена” ў Божым слове. Па меры таго як чалавек чуе праўду пра Езуса Хрыста, успрымае яе і верыць ёй, яго сэрца і розум пакараюцца ёй. А ў выніку перамены яго “настрою думак” змяняецца і яго лад жыцця. У свой час Божая праўда асвяціла Апосталаў, аддзяліўшы іх ад свету дзеля выканання імі волі Айца, а не сатаны. Гэтак жа яна дзейнічае ў дачыненні да веруючых усіх стагоддзяў, прызначэнне якіх — праслаўленне Бога.

Езус быў у свеце, але Ён быў не са свету. Ён быў пасланы ў свет Айцом. А хрысціяне пасылаюцца ў свет Сынам, з місіяй, падобнай да той, якую выконваў Ён, — абвяшчаць чалавецтву пра Айца. І паколькі малітва Езуса ўзносілася Ім не толькі за вузкае кола Апосталаў, то кожны хрысціянін павінен разглядаць сябе як місіянера, пакліканага несці Божую праўду людзям. Езус “прысвячае Сябе” справе Нябеснага Айца да канца, не спыняючыся перад крыжовай мукай, для таго, каб і вучні маглі быць асвечаныя праўдаю (або “ў праўдзе”), іншымі словамі, каб у далейшым веруючыя аддзяляліся ад свету (асвячаліся) дзеля ажыццяўлення на зямлі Божага плану.

(паводле даследаванняў вучоных

Даласкай багаслоўскай семінарыі)

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave