17/02/22

7 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 6, 27-38)

 

Езус сказаў сваім вучням: «Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце.

Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.

Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.

Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».

 

КАМЕНТАРЫЙ

У сённяшнім фрагменце Езус кажа, каб мы рабілі іншым такое дабро, якога самі хацелі бы зведаць. Гэта датычыць таксама клопату пра «ворагаў», пра тых, хто, на нашу думку, не робіць нам дабра.

Нашая натура патрабуе ўзаемнасці і таму, ведаючы гэта, мы можам любіць так, як хацелі б, каб любілі нас. Нашая натура, нашыя патрэбы могуць дапамагчы нам зразумець патрэбы і жаданні іншых людзей і зрабіць нас больш адчувальнымі на іх.

Аднак Езус просіць нас, сваіх вучняў, зрабіць крок наперад. Просіць аб далікатнай, ціхай любові да ворагаў, пасля праяўлення якой цяжка спадзявацца на ўзаемнасць. Таму мне трэба прысвяціць сябе іншай асобе ў такой ступені, каб яна не адчувала да мяне варожасці. У сваю чаргу, гэта значыць адмовіцца ад сябе, знікнуць дзеля дабра іншага чалавека, паставіць яго патрэбы вышэй
за свае.

Калі мы ададем сябе кожнаму брату ў звычайнай паўсядзённасці, знаходзячы ў кожным вобраз Бога, у нас можа нарадзіцца найважнейшае — адзінства ў Езусе
з усімі, досвед быцця «сынамі Найвышэйшага».

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 132-133

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave