17/01/2023

«Маё пакліканне — гэта любоў»

14 студзеня адбылася чарговая сустрэча мінскай супольнасці Свецкага Ордэна Кармэлітаў Босых.

Сустрэча распачалася Эўхарыстыяй, а Эўхарыстыя нараджае любоў. І менавіта тэма любові чырвонай ніткай прайшла праз усе пункты праграмы нашай сустрэчы. Падчас гаміліі а. Пётр Фроштэга OCD адзначыў, што «шчасце Бога — дарыць нам любоў. Калі мы адказваем на Яго любоў, Яго шчасце павялічваецца, але толькі таму, што наша любоў да Яго з’яўляецца чымсці неверагодна добрым для нас. Жыве той, хто любіць па-сапраўднаму. Калі любоў мае шанец існаваць у поўнай меры? Калі яна скіравана на таго, ад каго нічога не чакаем узамен». Над словамі Евангелля, якое апавядала пра пакліканне мытніка Левія, і словамі, пачутымі ў гаміліі, а таксама над сваім асабістым пакліканнем мы разважалі падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Сваёй канферэнцыяй а. Пётр Фроштэга OCD распачаў цыкл разважанняў, якія праводзяцца ў Ордэне Кармэлітаў Босых па ўсім свеце ў рамках святкавання і падрыхтоўкі да 150-й гадавіны з дня нараджэння святой Тэрэзы з Лізьё, а таксама стагоддзя яе беатыфікацыі (2023 г.) і кананізацыі (2025 г.). Асістэнт беларускай супольнасці свецкіх кармэлітаў прадставіў нам духоўны шлях святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. Ён адзначыў: «Жыць, для яе, значыць быць у еднасці з Тым, хто з’яўляецца жыццём. (…) Разважаючы над сваім пакліканнем у верасні 1896 года, яна адкрывае „Маё пакліканне — гэта Любоў!“; „Так, я знайшла сваё месца ў Касцёле, і гэтае месца, мой Божа, Ты сам мне даў… У сэрцы Касцёла, маёй Маці, я буду любоўю“ (Св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса. «Гісторыя адной душы», 9). Ні адзін сказ які выйшаў з пад яе пяра не можа больш дакладна апісаць тое, што складае сутнасць яе кароткага жыцця. Сутнасць жыцця Тэрэзы ў тым, каб ведаць, што яе любяць і яна сама дорыць любоў. (…) Любоў — „гэта малая дарога“, як Тэрэза неўзабаве назаве свой духоўны запавет, гэта шлях даверу да Божай любові і ўзрастання ў любові да Хрыста. (…) Яна адкрыла для сябе свой цалкам асабісты жыццёвы шлях да Бога. Пражыла гэты шлях добра, апісала яго, выразна ўсведамляючы, што гэта можа стаць узорам паводзін для многіх. Адданасць і давер — вось галоўныя рысы гэтага шляху. (…) Тэрэза бачыць толькі адно заданне на кароткі час, які ёй застаўся, і на ўсю вечнасць — навучыць многіх людзей любіць гэту Любоў, якою з’яўляецца Бог».

Падчас lectio divina ўдзельнікі сустрэчы разважалі над тым, што «мы — нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць» (Лк 17, 10), і дзяліліся тым, як гэта праяўляецца ў нашым жыцці.

Рэалізуючы пакліканне да праяўлення любові і міласэрнасці, мы ахвяравалі Вяночак да Божай Міласэрнасці за хворых членаў нашай супольнасці і дабрадзеяў.

Наступная сустрэча запланавана на 11 лютага 2023 года.

с. Наталля Куніцкая OCDS

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave