АПЕКА СВЯТОГА ЮЗАФА
НАД КАРМЭЛЕМ
Ліст Генеральных Настаяцеляў OCarm i OCD да кармэліцкай сям’і
з нагоды 150-й гадавіны абвяшчэння апекі св. Юзафа
над паўсюдным Касцёлам
Свята св. Юзафа ў 2020 г. мы адзначалі сярод пандэміі, якая прымусіла нас закрыцца ў нашых дамах. Але менавіта ў такія моманты мы яшчэ мацней адчулі патрэбу звяртацца да гэтага справядлівага і вернага чалавека, які ведаў, што такое праца, выгнанне, клопат пра заўтрашні дзень, не па́даючы духам, увесь час верачы і спадзеючыся на Бога, які даручыў яму асаблівую місію: сцерагчы Езуса і Марыю, сям’ю з Назарэта — пачатак новай сям’і, якую Бог даваў свету. Папа Францішак у гаміліі, прамоўленай у капліцы св. Марты, нагадаў пра рысы св. Юзафа — канкрэтнага чалавека, які можа дакладна і прафесійна выконваць свае абавязкі, але адначасова чалавека, які па-за сваімі ведамі і кантролем уваходзіць у таямніцу Бога і скараецца перад Ім у паставе адарацыі[1].
Для нас карысна звярнуцца да св. Юзафа, разважаць пра таго, каго наша традыцыя прызнала апекуном і ўзорам кармэліцкага жыцця. Мы хочам зрабіць гэта разам, як кармэліцкая сям’я (кармэліты і кармэліты босыя), бо ў кульце св. Юзафа і ў пастаянным звяртанні да яго мы знаходзім адзін з найкаштоўнейшых элементаў нашай супольнай гістарычнай і духоўнай спадчыны. У гэтым годзе заахвочвае нас да гэтага таксама важная гадавіна: абвяшчэнне св. Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла, якое было здзейснена 150 гадоў таму, 8 снежня 1870 г. па волі благаслаўлёнага Пія ІХ.
Культ святога Юзафа ў Кармэлі
Культ св. Юзафа — гэта частка нашай хрысціянскай фармацыі, нашай традыцыі і культуры. Мы настолькі прывыклі змяшчаць св. Юзафа побач з Езусам і Марыяй, што нам здаецца, Касцёл заўсёды прыпісваў гэтаму святому, які жыў у такой сціслай блізкасці з таямніцай Уцелаўлення, такую ж годнасць і пашану, якімі мы звычайна яго адорваем. На самай справе, гэта не так. У першым тысячагоддзі вельмі няшмат ёсць слядоў тэалагічнай рэфлексіі на тэму св. Юзафа, і перш за ўсё, на тэму асаблівага ўшанавання ягонай асобы. Набажэнства да св. Юзафа развілося толькі дзякуючы росквіту жабрачых ордэнаў. Апрача французкага тэолага Жана Жэрсо́на, вырашальны ўнёсак у гэтую справу зрабілі, у прыватнасці, францішкане і кармэліты.
Зацікаўленасць постаццю св. Юзафа была для кармэлітаў натуральным развіццём асноўнай марыйнай тэматыкі. Усе члены сям’і Марыі (Яе бацькі, св. Ганна і св. Яўхім, як другасныя апекуны Кармэлю, і нават Яе магчымыя сёстры, Марыя Кляопава і Марыя Саламея) цешыліся асаблівай пашанай ў Кармэлі. Таму нельга было абмінуць мужа Марыі. Пабожныя сярэднявечныя легенды (магчыма, інспіраваныя апакрыфічным Евангеллем Псеўда-Мацвея) дзеля пацвярджэння асаблівай сувязі са Святой Сям’ёй Езуса, Марыі і Юзафа звяртаюцца да візітаў Святой Сям’і з Назарэта на гару Кармэль, дзе, нібыта, яны размаўлялі з сынамі прарокаў, нашчадкамі прарока Іллі. У іншых легендах гаворыцца пра магчымы прыпынак Святой Сям’і на зваротным шляху з Егіпта[2]. Гэтая сувязь, напэўна, так моцна ўплывала на Касцёл, што старажытныя аўтары (напр., бэнэдыктынскі абат Джавані Трытэміо) прапанавалі тэорыю, паводле якой культ св. Юзафа ў лацінскім Касцёле быў уведзены пустэльнікамі Кармэлю, калі яны перасяліліся ў Еўропу[3]. Гэтае перакананне (якое сёння ставіцца пад сумніў) выразіў таксама папа Бэнэдыкт XIV, уводзячы ў Кармэлі практыку літургічнага культу ў гонар св. Юзафа[4]. Пэўным з’яўляецца тое, што набажэнства ў гонар св. Юзафа ў Кармэлі з самага пачатку адзначалася літургічным культам. Пазней, ажно да нашага часу, развіўся таксама эўхарыстычны падыход у набажэнстве да св. Юзафа як таго, хто трымае ў руках наш пасілак, хлеб збаўлення.
Па сутнасці, цяжка сказаць, калі дакладна ў кармэліцкіх касцёлах пачалі адзначаць свята св. Юзафа. Верагодна, ужо ў XIV ст. культ св. Юзафа пашыраўся як мясцовы і толькі ў XV ст. распаўсюдзіўся шырэй. У брэвіярыях і кармэліцкіх Імшалах, пачынаючы з другой паловы XV ст., звычайна з’яўяляецца Імша і Афіцый пра св. Юзафа, а фламандскі кармэліт Арнольдо Бостыя ў 1476 г. сведчыць, што кармэліты адзначаюць гэтае свята з урачыстым ушанаваннем[5]. Уласную літургію пра св. Юзафа ў ордэне кармэлітаў гісторыкі і літургісты лічаць першым помнікам лацінскага Касцёла, які быў узнесены у гонар св. Юзафа.
Старажытная літургія ўшаноўвае св. Юзафа як лепшага з ягоных сучаснікаў у Назарэце, які дзякуючы Божай Мудрасці быў выбраны абраннікам Дзевы, каб Сын Божы мог прыйсці ў свет годна і ў таямніцы. Кармэліцкія прапаведнікі сцвярджаюць, што гэтаксама, як Панна Марыя зачала ўцелаўлёнае Слова ва ўлонні праз дзеянне Духа Святога, так і св. Юзаф, за справай Духа Святога, зачаў (у сузіранні) Хрыста ў сваёй душы, становячыся бацькам Езуса на гэтай зямлі[6]. Літургія цэлебравала шлюбнае з’яднанне Юзафа з Дзевай і сузірала яго як вартаўніка Яе дзявоцтва і жыцця ўцелаўлёнага Божага Сына. З тыповай уражлівасцю кантэмпляцыйнага харызмату Кармэля, старажытная літургія цэлебравала чыстасць св. Юзафа ў аспекце гатоўнасці і адкрытасці на Бога, што робіць магчымым прыняцце таямніцы Уцелаўлення. Прасякнутая гэтай літургічнай духоўнасцю, св. Марыя Магдалена дэ Паццы лічыць апеку св. Юзафа наступствам цноты чыстасці: «Чыстасць св. Юзафа сустракаецца ў раі з чыстасцю Марыі, так што ў гэтым багацці бляску, якое яны перадаюць адно аднаму, здаецца, калі так можна сказаць, што чыстасць св. Юзафа садзейнічае таму, што чыстасць Дзевы здаецца значна больш яскравай і цудоўнай. Святы Юзаф стаіць паміж Езусам і Марыяй, быццам ззяючая зорка, і асабліва клапоціцца пра наш кляштар, каб ён заўсёды быў пад апекай Дзевы Марыі»[7].
Святы Юзаф у старажытнай літургіі Кармэлю прадстаўлены як дзявочы абраннік Марыі, з’яднаны з Ёю ў сапраўдным сужэнстве, у якім ягоны аўтарытэт мужа, апекуна і айца праяўляецца ў цалкавітым служэнні. Больш за тое, літургія сузірае св. Юзафа ў паслухмянасці Богу. Ён — справядлівы чалавек, годны гаспадар у доме свайго Пана; яму даручана даць Дзіцятку Езусу боскае імя, аб’яўленае анёлам. Робячы гэта, св. Юзаф становіцца тым, хто першым абвяшчае, што ў дзіцяці з Назарэта Бог нас збаўляе. У старажытнай літургіі ў постаці св. Юзафа змешчаны кампендый духоўнасці Кармэлю: 1) puritas cordis — чыстасць сэрца, якая дазваляе бачыць Бога; 2) з’яднанне з Марыяй і 3) плён містычнага жыцця, які ўспрымаецца ў катэгорыях зачацця і нараджэння ўцелаўлёнага Слова ў чыстай душы. Таму мы ўшаноўваем св. Юзафа як люстэрка містычнага кармэліцкага жыцця ў Богу.
Святая Тэрэза і святы Юзаф
Спадкаемніца інтэнсіўнай, прысвечанай св. Юзафу пабожнасці ў Кармэлі, св. Тэрэза ад Езуса, распаўсюдзіла гэтую традыцыю з вялікай карысцю для ўсяго Кармэля і ўсяго Касцёла. Сапраўды, немагчыма запярэчыць, што св. Тэрэза ад Езуса больш за каго-небудзь іншага ўчыніла з культу св. Юзафа адзін з характэрных элементаў пабожнасці і духоўнага аблічча Кармэля. Яе сустрэча са св. Юзафам адбылася ў адзін з найцяжэйшых перыядаў яе жыцця. Тэрэзе было каля 25 гадоў, яна пакутавала ад працяглай і балеснай хваробы, лячэнне якой зямнымі лекарамі аказалася не толькі неэфектыўным, але і шкодным. Яна была паралізаваная і знясіленая фізічна і псіхічна. Тэрэза адчувала, што на яе баку няма ніякай дзейснай дапамогі, і менавіта ў гэты момант, кіруючыся ўнутранай інтуіцыяй, яна звяртаецца да св. Юзафа як да свайго «айца і апекуна» («Кніга жыцця», 6, 6; 33, 12). І сапраўды, такім ён будзе для св. Тэрэзы да самага канца яе жыцця. Не будзе ніводнай цяжкай сітуацыі, у якой ён не падтрымаў бы яе, адыгрываючы ў адносінах да св. Тэрэзы і яе справы ролю вартаўніка і апекуна. Пачынаючы з гэтага прыватнага вопыту, набажэнства да св. Юзафа стане характэрнай рысай усёй тэрэзіянскай рэформы, сканцэнтраванай на сяброўстве з Езусам Хрыстом. Гэтаксама, як св. Юзаф чуваў над адносінамі паміж Марыяй і Езусам, абараняючы іх ад знешніх пагрозаў і вартуючы іх дом, ён чувае і над Кармэлямі, якія — падобна да сям’і з Назарэта — хочуць быць месцам, дзе прымаюць чалавечнасць Езуса Хрыста і жывуць толькі для Яго і з Ім. Менавіта таму св. Юзаф з’яўляецца не толькі апекуном, але таксама настаўнікам для тых, хто практыкуе малітву («Кніга жыцця», 6, 8), бо ніхто не ведае лепш за яго, як жыць у глыбокай еднасці з Езусам і Марыяй, праводзячы з імі столькі гадоў і робячы магчымым існаванне сям’і з Назарэта. Таму нічога дзіўнага, што дзесяць з пятнаццаці Кармэляў, заснаваных непасрэдна Тэрэзай, носяць тытул св. Юзафа.
Святы Юзаф настолькі моцна прысутнічае ў фундатарскай дзейнасці Тэрэзы (якая ў сваіх падарожжах заўсёды возіць з сабой фігурку св. Юзафа), што атрымаў тытул «фундатара» тэрэзіянскага Кармэля[8]. Канешне, гэты тытул трэба разумець у такім значэнні, што св. Юзаф дапамагаў Тэрэзе ў заснаванні рэфармаваных Кармэляў. Аднак несумненна, што побач з традыцыйнай постаццю святога айца Іллі стаяў цяпер святы айцец Юзаф, што стала прычынай непаразумення адносна таго, каго з іх трэба лічыць галоўным апекуном і фундатарам пасля Панны Марыі[9]. Знамянальна, што Тэрэза ў лісце да а. Грацыяна адносна пытання пра назву, якую босыя кармэліты павінны былі даць заснаванаму імі калегіуму ў Саламанцы, піша: «Было б вельмі слушным даць гэтаму калегіуму тытул св. Юзафа» (ліст ад 22 мая 1578 г.), але калегіум будзе прысвечаны св. Іллі. У наступным, 1579 г., св. Ян ад Крыжа прысвяціў фундацыю ў Ба́эса св. Юзафу. Такім чынам, калегіум у Ба́эса быў першай мужчынскай кармэліцкай фундацыяй, прысвечанай св. Юзафу. Аднак гэты тытул пратрымаўся толькі два гады: з сакавіка 1581 г. гэты калегіум выступае пад назвай шаноўнага айца Касцёла св. Базы́ля. Хутчэй за ўсё, і далей было шмат няпэўнасці адносна той ролі, якую належыць прыпісаць цясляру з Назарэта ў Ордэне. Чвэрць стагоддзя пазней гэтая няпэўнасць, здаецца, канчаткова вырашана: у «Інструкцыі для навіцыяў» (1605 г.), складзенай Янам ад Езуса Марыі, ушанаванне св. Юзафа папярэджана толькі культам Дзевы Марыі, і толькі пасля яго ідзе набажэнства да святых прарокаў Іллі і Елісея, «фундатараў нашага Ордэна» («Інструкцыя для навіцыяў», ІІІ, раздз. 4, 29-30).
Апека святога Юзафа
Адным з характэрных меркаванняў Тэрэзы з’яўляецца наступнае: у той час як іншыя святыя прызначаны Богам для дапамогі ў пэўных асаблівых патрэбах, св. Юзаф мае свайго роду ўніверсальны мандат, каб прыходзіць з дапамогай у кожнай патрэбе, і матэрыяльнай, і духоўнай («Кніга жыцця», 6, 6). На гэтым перакананні грунтуецца найбольш тыповае кармэліцкае свята св. Юзафа — свята апекі св. Юзафа. Ужо ў 1628 г. Прамежкавы Генеральны Капітул босых кармэлітаў іспанскай кангрэгацыі абвясціў св. Юзафа «галоўным апекуном» Ордэна. Ініцыятыва адзначаць свята апекі св. Юзафа паходзіла ад босага кармэліта Яна ад Уцелаўлення (1625–1700), які спачатку быў правінцыялам Каталонскай правінцыі, а пазней генеральным настаяцелем Іспанскай кангрэгацыі. На Генеральным Капітуле ў 1679 г. ён атрымаў згоду на свята апекі св. Юзафа, літургічныя тэксты якога падрыхтаваў іншы каталонскі кармэліт босы Ян ад св. Юзафа (1642–1718). Ватыканская Кангрэгацыя па справах абрадаў, пасля дакладнай рэвізіі гэтых тэкстаў, здзейсненай кардыналам Джыраламо Казанатэ, зацвердзіла іх 6 красавіка 1680 года. Свята апекі св. Юзафа прызначана на трэцюю нядзелю пасля Вялікадня, г.зн. на дзень, у які звычайна склікаліся генеральныя і правінцыяльныя капітулы. У хуткім часе свята перайшло таксама да кармэлітаў, Генеральны Капітул якіх у 1680 г. аднагалосна абвясціў св. Юзафа галоўным апекуном Ордэна Кармэлітаў, а свята адзначалася пад тытулам “De Patrocinio S. Joseph Confessoris, Protectoris, et Patroni nostrae Religionis”[10] («Пра апеку св. Юзафа, вызнаўцы, вартаўніка і апекуна нашай рэлігіі»). Ужо праз некаторы час дзеля ўказання на св. Юзафа ўзаемазаменна ўжываліся азначэнні апякун і/або заступнік. Гэтае свята хутка распаўсюдзілася на шматлікія ордэны і манаскія кангрэгацыі, ажно да абвяшчэння свята апекі св. Юзафа ў паўсюдным Касцёле.
Кантэкстам абвяшчэння і літургічнай цэлебрацыі апекі св. Юзафа над усім Кармэлем з’яўляюцца вялікія пакуты і выпрабаванні, як ва ўнутраных справах, так і ў перыпетыях і нападах на Ордэн, якія вынікалі з гістарычных акалічнасцяў, касцёльных і палітычных. У тыя часы Кармэль знаходзіўся ў цяжкай сітуацыі, намагаючыся захаваць сваю тоеснасць і каштоўнасці. Трэба заўважыць, што ў рухах адновы ў Кармэлю мы знаходзім мноства пабожных тэкстаў, прысвечаных св. Юзафу, яны былі асаблівай формай праяўлення пачуццёвай пабожнасці, якая разагравае сэрца і распальвае духоўнае жыццё. Нямала ёсць аўтараў і кармэліцкіх прапаведнікаў, якія нястомна працавалі над распаўсюджваннем культу св. Юзафа і прапагандавалі ідэю яго апекі. Годным ўзгадвання тут з’яўляецца а. Рафаэль Баварскі, які апублікаваў у 1723 г. «Гісторыю св. Юзафа». Айцец Рафаэль заахвочвае тых, хто любіць Езуса і Марыю, каб любілі таго, каго любяць яны абое[11]. Настаўніка а. Джузэпэ Марыя Сардзі можна прызнаць вялікім прапагандыстам апекі св. Юзафа не толькі ва ўлонні Ордэна, але таксама сярод хрысціянскіх бацькоў і ўсіх тых, хто бачыць у ім узор святасці[12]. Не без прычыны св. Юзафа заклікаюць у Кармэлі як найлепшага выхаваўцу (educator optime) і прапануюць ў якасці абаронцы і апекуна, асабліва тых, хто адчувае сябе стомленымі і пазбаўленымі свабоды дзеянняў, і нават разгубленым у наследаванні Хрыста.
10 верасня 1847 г., у часы вялікага прыгнёту, дэкрэтам Кангрэгацыі па справах абрадаў «Inclytus Patriarcha Joseph» папа Пій ІХ пашырыў свята апекі св. Юзафа на ўвесь Касцёл і рэкамендаваў адзначаць яго ў ІІІ Велікодную нядзелю. Для цэлебрацыі св. Імшы і Афіцыя былі прыняты тэксты, ужываныя кармэлітамі, з некаторымі зменамі. Гэта было першае распараджэнне на карысць культу св. Юзафа, зробленае ў першы год пантыфікату папы Пія ІХ, для якога была характэрна вялікая пабожнасць адносна бацькі Езуса. У сувязі са скліканнем Першага Ватыканскага Сабору да Папы трапілі шматлікія просьбы аб далейшым паглыбленні культу св. Юзафа, асабліва праз абвяшчэнне яго апекуном паўсюднага Касцёла. Сабор, раптоўна прыпынены ў верасні 1870 г., не паспеў споўніць гэтыя просьбы. Таму 8 снежня гэтага ж года сам Пій ІХ здзейсніў урачыстае абвяшчэнне, выдаўшы дэкрэт Кангрэгацыі па справах абрадаў «Quemadmodum Deus».
Свята апекі св. Юзафа было перанесена ў 1913 г. на сераду трэцяга тыдня пасля Вялікадня, а пазней, у 1956 г., было заменена ўспамінам св. Юзафа, рамесніка, прызначаным на 1 мая. Аднак босым кармэлітам дазволілі (праз зацвярджэнне літургічнага каляндара Ордэна ў 1957 г.) і надалей адзначаць свята апекі св. Юзафа, «апекуна і заступніка нашага Ордэна».
Святы Юзаф — апякун усяго Кармэля
Літургічнай рэформай пасля Другога Ватыканскага Сабору было здзейснена, між іншым, значнае спрашчэнне літургічнага каляндара. У календары, зацверджаным 14 лютага 1969 г., у галоўнага свята св. Юзафа 19 сакавіка знік тытул «апекуна паўсюднага Касцёла». Зразумела, яно не было адменена, але палічылі правільным захаваць толькі біблейскі тытул «абранніка Дзевы Марыі», пакідаючы паасобным Каферэнцыям Біскупаў і манаскім сем’ям магчымасць дадаваць іншыя тытулы. На падставе інструкцыі Кангрэгацыі па справах Божага культу адносна партыкулярных каляндароў (ад 29 чэрвеня 1969 г.) таксама і з каляндара босых кармэлітаў выдалена ўрачыстасць апекі св. Юзафа. Генеральны Дэфініторый OCD пастанавіў тады перанесці тытул «апекуна нашага Ордэна» на ўрачыстасць 19 сакавіка.
Было прынята таксама рашэнне аб тым, каб факультатыўны ўспамін св. Юзафа, рамесніка адзначаўся ва ўсім Ордэне[13]. Здаецца, аднак, што гэтыя рашэнні хутка былі забыты. І хоць тытул «апекуна Ордэна» быў захаваны ў літургічных тэкстах Ордэна Кармэлітаў OCarm, ён хутка знік з тэкстаў босых кармэлітаў, бо ні ўрачыстасць, ні ўспамін св. Юзафа не змешчаны ў партыкулярным календары Ордэна. Аднак паслясаборныя Канстытуцыі абодвух Ордэнаў надалей адносяцца да св. Юзафа як да іх «апекуна» (Канстытуцыя OCarm, 91; Канстытуцыя OCD, 52). У гэтым належыць бачыць важны элемент еднасці ўсёй кармэліцкай сям’і, на які, магчыма, мы недастаткова звярталі ўвагу і які, хутчэй за ўсё, недаацэньвалі.
Сённяшні свет
Мы жывем у перыяд, калі Касцёл не столькі думае пра абарону ад знешняга ворага, колькі стараецца прызнаць сваё заданне, якім з’яўляецца аўтэнтычнае сведчанне аб праўдзе Евангелля. Такім чынам, у гэтым свеце, у якім існуе патрэба ў канкрэтыцы і пачуцці таямніцы[14], у свеце, у якім ёсць тэндэнцыя да ўцёкаў ад повязяў стабільных адносін і абавязацельстваў, а таксама да замыкання ў бясплодным нарцысізме, Юзаф паказвае нам шлях адрачэння ад сябе, штодзённай адказнасці, ціхай працы, каб сям’я жыла і ўзрастала. Айцец сям’і стараецца лячыць раны свайго ўласнага дома. Наш апякун ставіць нас перад неабходнасцю лячыць раны чалавецтва і раны ў яго ўласным Касцёле. Няма Касцёла, няма Кармэля без людзей, якія, забываючы пра сябе, працуюць удзень і ўначы, каб даць іншым бяспечны фундамент, на які мы маглі б абапірацца. Яны працуюць у цемры, несучы ў сэрцах свае клопаты і стомленасць, часта не бачачы плёнаў і не бачачы мэты, ускладаючы надзею толькі на Таго, ад якога паходзіць і бярэ сваё імя́ іх айцоўства (пар. Эф 3, 15). Такія людзі заўсёды змогуць бачыць у св. Юзафе свайго апекуна і ўзор, свайго «айца і пана».
Слова прыйшло да Юзафа ў сне, які можна інтэрпрэтаваць як яго малітву, яго ўнутраны свет. Можна сказаць, што кожны Кармэль — гэта месца сноў: малітва — як сон, як змяшчае ў сабе таямнічы змест. Кармэліцкая супольнасць — гэта група людзей, якія сняць аб тым, каб учыніць свой дом новым Ерузалемам; людзей, якія раздзяляюць з прарокам сон пра лепшы свет; людзей, якія кожны дзень дазваляюць захапіць іх сном пра збаўленне. Кожны дзень, слухаючы Слова збаўлення, мы прыпадабняемся да Хрыста ў Яго паслухмянасці і волі да служэння; які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць; які знаходзіў у малым дзіцяці прыклад таго, якімі мы павінны быць, калі хочам увайсці ў Божае Валадарства. Кармэліты, падобна св. Юзафу, добра ведаюць гэты сон і сцерагуць святло надзеі, якая ззяе для новага свету, абяцанага тым, хто ўважлівы на слова Божае, таму што Бог усё ўчыніць новым.
Святы Юзаф сцеражэ Кармэль не толькі таму, што абараняе яго «ад варожых пастак і ўсялякіх перашкодаў»[15], але і таму, што захоўвае яго ў простай і глыбокай тоеснасці. Як чалавек справядлівы, ён паказвае нам шлях і мэту, да якой належыць імкнуцца. У гэтым значэнні, няма сумніву, што культ св. Юзафа — гэта не толькі пабожнасць або пабожная практыка, але праграма жыцця, якая з’яўляецца інтэгральнай часткай харызматычнай спадчыны Кармэля. Юзаф, разам з Марыяй, з’яўляецца евангельскай іконай, з якой мы, кармэліты, можам прачытаць і зразумець, што́ на самой справе азначае — «жыць у паслухмянасці Езусу Хрысту». Таму не без прычыны будзем і далей звяртацца да яго як да нашага айца і апекуна, але таксама вернага сябра і вопытнага правадніка на сцежцы па слядах Езуса.
Калі свет спрабуе змагаецца з Covid-19, мы лучымся ў малітве за медыцынскіх работнікаў, за вучоных і даследчыкаў, за тых, якія па́лі ахвярамі вірусу, а таксама за сем’і, якія аплакваюць сёння страту сваіх блізкіх. Няхай наш апякун, Юзаф, сцеражэ кожнага з нас і, з чулай любоўю Бога, распасцірае сваю апеку над усім светам.
З братэскім прывітаннем у Кармэлі
а. Майкл О’Ніл OCarm, Генеральны Прыёр
а. Саверыё Каністра́ OCD, Генеральны Настаяцель
[1] Папа Францішак. Гамілія ад 19 сакавіка 2020 г.
[2] Гэтыя пабожныя легенды паслужылі натхненнем для стварэння вядомых твораў мастацтва, такіх як табліцы канца XV ст., якія знаходзяцца цяпер у Катэдральным музеі ў Франкфурце (Германія).
[3] Leone di san Gioacchino. Il culto di San Giuseppe e l’Ordine del Carmelo, Barcellona, 1905, 48. На тэму гісторыі развіцця, пар. Boaga, O.Carm., E. ‘Giuseppe, santo e sposo della B.V.M.’ // Dizionario Carmelitano / пад. рэд. E. Boaga і L. Borriello. Roma, 2008, с. 443-446.
[4] De servorum Dei beatificatione et beatorum canonizatione, I/iv, 11; I/xx, 17.
[5] Пар. Xiberta, O.Carm., B. M. Flores josefinas en la liturgia carmelitana antigua // “Estudios Josefinos”, 18, 1963-1964, с. 301-319.
[6] Christoval de Avendaño. Tomo primero sobre los evangelios de la quaresma, predicados en la corte de Madrid. Barcelona, 1630, с. 158-159.
[7] Św. Maria Maddalena De Pazzi. ‘Vigesimo secondo colloquio’ // I Colloqui: Tutte le opere... dai manoscritti originali a cura di C. Catena. Nardoni, Firenze, 1961, с. 237-238.
[8] Айцец Грацыян у знакамітым фрагменце свайго твора «Юзафіна» (1597), даходзіць нават да сцвярджэння, што «[той, хто захоўвае Статут босых кармэлітаў,] прызнае хвалебнага св. Юзафа фундатарам рэформы, распачатай Маці Тэрэзай праз набажэнства да яго, гэтаксама як Ордэн Кармэлітаў прызнае Найсвяцейшую Панну Марыю фундатаркай, дзеля Якой прарок Ілля распачаў манаскае жыццё прарокаў на гары Кармэль» (l. V, rozdz. 4; wyd. Silverio, 476).
[9] Пар. Fortunato de Jesús Sacramentado, O.C.D. San José en el Carmen Descalzo español en su primer siglo // “Estudios Josefinos”, 18, 1963-1964, с. 367.
[10] Пар., напрыклад: Missale Fratrum Ordinis Beatissimae Virginis Mariae de Monte Carmelo. Roma, 1759, с. 350.
[11] Raffaele Maria Bavaro. Istoria di San Giuseppe, Antonio Abri, Napoli, 1723, с. 612; Vita di San Giuseppe o sia Ristretto della sua Istoria ed Esercizi di Devozione per fruttuosamente venerare il medesimo Santo..., Antonio Abri, Napoli, 1724.
[12] Giuseppe Maria Sardi (Венецыя). ‘Discorso sopra il Padrocinio di San Giuseppe Sposo di Maria’ / in Sermoni, Lorenzo Rivan Monti. Venezia, 1742, с. 213-222.
[13] Пар. ‘Normae de calendario liturgico O.C.D. pro anno 1970’ (зацверджана на 128-й сесіі Генеральнага Дэфініторыюма, 18 ліпеня 1969 г.) // Ordo Divini Officii recitandi missaeque celebrandae iuxta calendarium romanum ac proprium Carmelitarum Discalceatorum [...] pro anno Domini 1970, [Casa generalizia O.C.D.], 1969, с. 29-32.
[14] Папа Францішак. Гамілія ад 19 сакавіка 2020 г.
[15] Малітва да св. Юзафа папы Льва ХІІІ на заканчэнне энцыклікі Quamquam pluries.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave