30/03/24

Велікодная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 20, 1–9

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

КАМЕНТАРЫЙ

Хрыстус, нашае жыццё, уваскрос з памерлых. Мы бачым Пятра і Яна каля пустой магілы. Падчас шабату ў вучняў было шмат часу, каб паразважаць над падзеямі апошніх дзён. Смерць нібыта перамагла. Аднак час яе перамогі паступова знікаў. Дні, гадзіны, хвіліны. І настаў апошні момант яе панавання. Смерць, грэх і зло былі пераможаны – Любоўю. Цяпер нават пакуты маюць збаўчую каштоўнасць.

У магіле ляжаць палотны, у якія было закручана цела Езуса. Тое, што адбылося ў цёмнай магіле, застаецца Божай таямніцай. Доступ да яе мае толькі вера. Мы б хацелі ведаць, як усё гэта адбылося. Аднак гэта не важна. Найважнейшым з’яўляецца тое, ці веру я ва Уваскрасенне? Дзякуючы яму ёсць шанс, што мае розум і сэрца будуць закрануты верай. Больш за тое, не толькі закрануты, але і аздароўлены. Толькі вера можа насыціць розум і сэрца чалавека. Наша вера грунтуецца на сведчанні тых, якія асабіста пераканаліся ў тым, што Езус жыве. Перададзім жа яе далей.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 205-206.

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave