28/11/2023

Генерал кармэлітаў босых наведаў Беларусь

25 і 26 лістапада 2023 года з братэрскім візітам у Беларусі знаходзіўся Генеральны настаяцель Ордэна кармэлітаў босых а. Мігель Маркес Калле OCD. Госць з Рыма наведаў усе супольнасці кармэлітаў босых у Беларусі, сустрэўся з братамі і свецкімі кармэлітамі, а таксама ўдзельнічаў у мерапрыемствах, якія праходзілі ў гэтыя дні.

Мядзел

Раніцай 25 лістапада айца Генерала віталі кармэліты босыя ў Мядзелі. Гэта была першая супольнасць на шляху падарожжа высокага госця. Браты, якія служаць пры касцёле Маці Божай Шкаплернай распавялі пра парафію, Кальварыю, а таксама рэкалекцыйны дом і паказалі святыню. Айцец Генерал цікавіўся актуальнай сітуацыяй і планамі на будучыню, а таксама пажадаў плённага служэння ў гэтым важным кармэліцкім месцы ў Беларусі.

Нарач

25 лістапада ў Нарачы святкавалі святкавалі адпустовую ўрачыстасць святога Андрэя Апостала, апекуна парафіі. Айцец Генерал узначаліў Святую Імшу і правёў афіцыйную прэзентацыю ў Беларусі Апостальскай адгартацыі Папы Францішка C’est la сonfianсe — «Гэта давер» — з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча. Айцец Мігель коратка распавёў пра духоўную спадчыну святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, а таксама падзяліўся сваім асабістым вопытам духоўнага сяброўства з гэтай Святой, якая з’яўляецца не толькі кармэліткай босай, але таксама Доктарам Касцёла і Апякункай каталіцкіх місіі.

Пасля абеда прайшла агульная сустрэча айца Генерала з братамі з усіх супольнасцёў у Беларусі. Генеральны настаяцель падвёў вынікі нядаўняй візітацыі, а таксама заахвоціў братоў да руплівага служэння ў еднасці з усім Касцёлам.

Гудагай

Вечарам 25 лістапада айцец Генерал, у суправаджэнні айца Пятра Фраштэгі, прыехаў у Гудагай. Пасля вячэры айцец Мігель больш дакладна пазнаёміўся з братамі супольнасці і семінарыстам Павлам Догелям, які прыехаў у Гудагай з нагоды ўрачыстасці Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Супольная рэкрэацыя паспрыяла адпачынку пасля працавітага дня. Раніцай, 26 лістапада, айцец Генерал наведаў мясцовы санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай і памаліўся разам з братамі ў інтэнцыі кармэліцкіх супольнасцей ва ўсім свеце.

Мінск

26 лістапада ў Мінску айцец Генерал узначаліў Святую Імшу і прамовіў гамілію, жадаючы ўмацаваць духоўна вернікаў і братоў. Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету і літургічныя чытанні сталі зместам разважання цэлебранта, які заахвоціў сабраных да ажыццяўлення прынцыпаў Божага Валадарства ў асабістым жыцці і прыняцця Езуса Хрыста як Караля Любові.

Пасля абеда айцец Мігель сустрэўся з кармэліцкім свецкім ордэнам, які існуе ў Мінску. Госця цікавіла сітуацыя супольнасці, а таксама перспектывы развіцця свецкай галіны ордэна ў іншых частках Беларусі. Сам айцец Генерал распавёў сабраным пра дынамізм і надзеі свецкіх кармэлітаў у свеце.

Кульмінацыйным пунктам нядзельнага святкавання стаў бал Усіх Святых, які арганізавалі пры парафіі. Айцец Генерал прымаў актыўны ўдзел, пераўвасобіўшыся ў постаць свайго нябеснага заступніка – святога Арханёла Міхала.

На заканчэнне свайго візіту ў Мінску Генеральны настаяцель кармэлітаў босых сустрэўся таксама з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.

 

27 лістапада, візіт, вельмі кароткі, аднак багаты на падзеі, закончыўся. Айцец Генерал выехаў, пакідаючы частку сябе ў Беларусі. Няхай Арханёл Міхал дапамагае Нашаму Айцу ў кіраванні кармэліцкім ордэнам, які прысутны ў мужчынскіх супольнасцях, жаночых кляўзуровых кляштарах, сярод свецкіх кармэлітаў, а таксама ў сэрцам усіх, хто карыстаецца духоўным багаццем Кармэлю.

Аркадзь Куляха OCD   

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave