04/08/22

Да свецкіх кармэлітаў...

Рым, 29 ліпеня 2022 года

 

Ліст да свецкіх кармэлітаў OCDS

Адна сям’я: ідучы разам

 

Дарагія браты і сёстры: СУПАКОЙ ВАМ!

Праз дзесяць месяцаў пасля нашага Генеральнага капітула, напрыканцы ліпеня з Марыяй, нашай Маці Кармэлю, адзначаючы ўрачыстасць святой Марты, якая запрашае нас жыць у штодзённых клопатах з сэрцам, сканцэнтраваным на адной справе — кантэмпляцыі ў свеце, з вялікай радасцю звяртаюся да ўсіх вас, мае браты і сёстры ў Кармэлі, каб падзякаваць вам, умацаваць вас, заахвоціць, паблагаславіць і цэлебраваць з вамі гэты момант вашай гісторыі свецкіх кармэлітаў, якая з’яўляецца таксама гісторыяй усіх нас, хто ўтварае вялікую сям’ю Тэрэзіянскага Кармэлю.

ДЗЯКУЮ

Маё першае пачуццё, калі я думаю пра Свецкі Кармэль з таго часу, як з’яўляюся генеральным настаяцелем, — захапленне і шчырая ўдзячнасць. Паўсюль, куды б я не адправіўся і дзе б не сустракаўся з мясцовымі супольнасцямі OCDS або на правінцыяльных сходах, мяне ўражвае радасць і энтузіязм, якія моцна нагадваюць палкасць сэрца Тэрэзы ад Езуса. Вельмі суцяшае і дае надзею гэтая ваша адданасць і ваш актыўны ўдзел у станаўленні мясцовых і правінцыяльных супольнасцяў, а таксама ўсяго Ордэна. Вы заўсёды нібыта ўпрысківаеце жыццё, нават калі самі просіце аб духоўным суправаджэнні і падтрымцы, больш за тое, менавіта таму гэта адбываецца. Дзякую вам, бо ў апошнія гады Свецкі Кармэль вырас не толькі колькасна, але таксама з пункту гледжання каардынацыйных структур і супрацоўніцтва, анімацыі і сінадальнасці, не гаворачы ўжо пра багацце Канстытуцыі, а таксама важныя напрацоўкі розных рэгіянальных і правінцыяльных статутаў. Віншую ўсіх вас з гэтым пройдзеным шляхам. Заахвочваю вас не трымацца празмерна літары закону, каб не ўвязнуць у бескарысных дыялогах на тэму прававых нюансаў або казуістычных інтэрпрэтацый. Прававая структура неабходна, яна абараняе і нас, і супольнасць ад самавольства ўладаў, ад імправізацыі, а ў многіх выпадках і ад маніпуляцыі. Нам патрэбны пэўныя прынцыпы жыцця, у якіх выражаецца наша жыццёвая праграма. І нам неабходна адкрываць значэнне тэрэзіянскай паслухмянасці, якая, несумненна, з’яўляецца вялікай каштоўнасцю. Паслухмянасць — гэта задача кожнага; нам трэба вярнуць здольнасць да таго, каб дазваляць сябе весці і прымаць Божы план у згодзе з тымі, хто выконвае заданне служэння ў супольнасці, і з нашымі настаяцелямі. Таксама і тыя, хто займаецца арганізацыяй дзейнасці, павінны рабіць гэта з адарванасцю ад сябе і ніколі не трымацца свёй пасады. Добрае кіраўніцтва заключаецца ў паслухмянасці Богу, а не самому сабе.

Спадзяюся, што вы не будзеце губляць час на абмеркаванне малаважных справаў, на што наракала святая Тэрэза на пачатку кнігі «Шлях дасканаласці». Свецкаму Кармэлю ва ўсім свеце патрэбен евангельскі скачок, тэрэзіянская смеласць, каб ісці на рызыку перажывання глыбокага вопыту сустрэчы з Богам, глыбокай малітвы, сапраўднага жыцця ў супольнасці, з неадольнай прывабнасцю евангельскай прастаты, без маскіроўкі або ветлівай дыпламатыі, са шчырасцю і празрыстасцю, з сапраўднай узаемнай любоўю. Няхай у нашых супольнасцях праяўляецца праўдзівасць выказвання: «Глядзіце, як яны любяць аддзін аднаго». Калі новы чалавек прыходзіць у нашу супольнасць, ён не захапляецца нашай цудоўнай арганізацыі або добрай Канстытуцыяй; ён назірае за тым, як вы моліцеся, як адносіцеся адзін да аднаго, як любіце адзін аднаго. Чалавек усведамляе, што тут няма саперніцтва і падазронасці, што гэта супольнасць, у якой адказныя за арганізацыю дзейнасці служаць усім і што апошнія таксама могуць гаварыць тое, што адчуваюць; назірае вашае суперажыванне адносна цярпенняў людзей, якія нас акружаюць.

АДНА СЯМ’Я

Хацеў бы пачаць з некалькіх прыкладаў, якія паслужаць уводзінамі і якія, хоць і простыя, могуць перадаць пачуццё сямейнасці, сумеснай адказнасці і прыналежнасці, якое было дадзена нам: свецкім, манахіням і братам. За той час, пакуль я знаходжуся ў Італіі, некалькі разоў наведваў кляштар у Монтэ Кампатры. Там Лаура і Ларэнцо, маці і сын, двое актыўных свецкіх з OCDS разам з айцом Базіліо, дырэктарам мясцовага Цэнтра духоўнасці апякуюцца домам, супрацоўнічаючы на розных узроўнях. Свецкія клапоцяцца аб адносінах з гасцямі, супрацоўнічаюць у сакратарыяце, а таксама ў арганізацыі працы і кіраванні персаналам. Лаура займаецца кухняй. Арганізацыя дзейнасці і планаванне душпастырскіх ініцыятываў Цэнтра духоўнасці адбываецца ў супрацоўніцтве паміж манахамі і свецкімі. Працаваў там таксама да мінулага года дзядуля Ларэнцо з боку маці, Джанфранко. Быў гэта чалавек добра вядомы і любімы, заўсёды знаходзіўся пры ўваходзе ў кляштар; ён працягваў працаваць нават за некалькі дзён да сваёй смерці. Цяпер спачывае ў той самай грабніцы, што і кармэліты, тут, у Монтэ Кампатры, яны злучаны нават пасля смерці. У Ордэне мы маем падобныя прыгожыя прыклады ў некаторых правінцыях, у розных галінах апостальскай дзейнасці.

Акрамя таго, у першыя месяцы гэтага года было прынята рашэнне, як і ў многіх іншых месцах, захаваць прысутнасць супольнасці братоў у Лас Эрмітас (дыяцэзія Ко́рдаба, Іспанія). Гэта вельмі прыгожае месца ў гарах са старажытнымі пустэльніцкімі традыцыямі (якія існавалі яшчэ да з’яўлення тут кармэлітаў). Аднак, улічваючы намер дыяцэзіі аддаць гэтае месца якой-небудзь іншай кантэмпляцыйнай супольнасці, а таксама тое, што гэтае месца вельмі знакавае для нашага Ордэна, мы разгледзелі магчымасць і надалей захоўваць там нашу прысутнасць, але ў рамках праекта супрацоўніцтва манахаў са свецкімі кармэлітамі. У сувязі з гэтым заахвочваю вас да ініцыятываў, у якіх «дэманструецца багацце нашага Ордэна, а таксама супольнае кантэмпляцыйнае і апостальскае пакліканне, якое вызначае нас, у супольнасці з нашымі сёстрамі кармэліткамі босымі ў служэнні Касцёлу».

Вось цытаты з Канстытуцыі OCDS, нумары 1, 2, 37 і 38: калі гаворка ідзе пра свецкіх, манахінь і братоў, сцвярджаецца: «Гэта адна сям’я — з тымі самымі духоўнымі дабротамі, з тым самым пакліканнем да святасці (пар. Эф 1, 4; 1 П 1, 15) і з тою самаю апостальскай місіяй. Свецкія асобы прыўносяць у Ордэн духоўныя багацці, уласцівыя іх свецкасці» (Канстытуцыя, н. 1). Удзельнічаюць у харызме і духоўнасці Ордэна, утвараючы яго частку (пар. Канстытуцыя, н. 2). З’яўляюцца «інтэгральнаю часткаю Ордэна Кармэлітаў Босых» (н. 37). Больш за тое, «трэба пастарацца, каб прадстаўнікі Свецкага Ордэна прысутнічалі на тых мерапрыемствах, на якіх, на мясцовым або правінцыяльным узроўні, распрацоўваюцца планы апостальскага служэння Ордэна ў дадзеным геаграфічным рэгіёне або праводіцца глыбокая рэфлексія над сітуацыяй у Касцёле і грамадстве» (н. 38).

Гэтыя вельмі дакладныя палажэнні вашай Канстытуцыі адкрываюць нас на заклік да творчага супрацоўніцтва на розных узроўнях, якое пачынаецца з сапраўднай еднасці ў тым самым пакліканні ў рамках вялікай тэрэзіянскай сям’і. Супольная харызма, з улікам спецыфікі нашага стану жыцця, прадугледжвае, што, адказваючы на Божы заклік, кожны ў поўнай меры перажывае сваё пакліканне для ўзбагачэння ўсяго цела [Хрыста]. Іншымі словамі, багацце і паўната духоўнасці, харызмы і прыналежнасці з’яўляюцца інтэгральным дарам для свецкіх, манахінь і братоў, незалежна ад узроўню важнасці. Гэтая праўда, якая прадстаўляе нас як адзін Ордэн, хутчэй, чым свядомасць «прывілеі» або пыхлівай «гордасці», укараняе нас у пачуцці сапраўднага паклікання ў Касцёле, паклікання да таго, каб жыць у штодзённым слуханні Слова, у супольнасці, гатовымі для праходжання Бога ў нашым жыцці, для подыху Духа, разам шукаючы праўду.

У нумары 38 Канстытуцыі сказана нешта вельмі прыгожае: «Манахі і манахіні тэрэзіянскага Кармэлю разглядаюць супольнасць Свецкага Кармэлю як узбагачэнне іх кансэкраванага жыцця. Праз узаемны ўплыў яны прагнуць вучыцца ў свецкіх кармэлітаў і кармэлітак распазнаваць знакі часу разам з імі». Хачу, каб вы ведалі, што мы таксама ўспрымаем вас як слова Бога для ўсяго Ордэна, для нас усіх. Хацелася б зрабіць націск на гэтым «узаемным навучанні», якое датычыць усіх нас у роўнай ступені і якое з’яўляецца неад’емнаю часткаю быцця кармэлітамі: распазнаванне ў супольнасці; гэта адзін з тых выклікаў, на які сёння павінен адказаць увесь Кармэль. Мы ўсведамляем рэчаіснасць унутры і звонку нас, звяртаем увагу на знакі часу, як пакорныя вучні крочым у супольным слуханні Слова, услухоўваемся ў крыкі сучаснасці, молячыся ў сэрцы за раны нашага свету. Праўдзівая малітва ўчыняе, што мы сузіраем Бога ў пандэміях і ў парастках новага жыцця ў нашым свеце.

СІНАДАЛЬНАСЦЬ І СУПОЛЬНАСЦЬ

Мы паглыблены ў эклезіяльны працэс глыбокага слухання Бога ў цяперашнім моманце з задачаю вучыцца жыць сінадальнасцю ў Кармэлі. Усведамляючы, што гэтая праграма адначасова і цудоўная, і нялёгкая. Не буду ўтойваць перад вамі сваёй заклапочанасці сітуацыяй, якая назіраецца ў многіх супольнасцях OCDS, дзе багацце «першай любові» і дару, атрыманага ў пакліканні, тэрэзіянскага энтузіязму харызмы часам стрымліваецца ўнутранымі канфліктамі, барацьбой за ўладу, адсутнасцю стрыманага і шчырага дыялогу, замаскіраванымі пад праўду амбіцыямі, цяжкасцямі перажывання еднасці ў разнастайнасці. Часам прыгажосць жыцця ў супольнасці аказваецца пад пагрозай з-за адсутнасці даверу і свабоды, з-за жадання навязаць уласнае бачанне рэчаў і справаў, з-за адсутнасці тэрэзіянскага прыняцця кожнага і ўсіх, без дыскрымінацыі.

Калі харызма і асабісты дар добрыя і паходзяць ад Духа, яны дапамагаюць будаваць супольнасць. Калі ёсць шчырая малітва, маё маўчанне — гэта глыбокае слуханне другога. Супольнасць будуецца падчас спатканняў і па-за спатканнямі, будуецца на тым, пра што гаворым, і на тым, чаго не гаворым; яна ўзрастае ў атмасферы добразычлівай цікавасці адзін да аднаго. Заахвочваю вас да таго, каб фармацыя ў супольнасцях была сур’ёзнай і добра укаранёнай: фармацыяй да жыцця, а не для накаплення тэорый, для ўвасаблення іх у жыццё, што дапаможа вам быць сведкамі Евангелля ў вашым асяроддзі, пасланцамі навучання і вопыту нашых кармэліцкіх святых.

Не ўсе мы пакліканы да жыцця ў супольнасці, не ўсе людзі ў стане наладжваць повязі павагі да другога чалавека і прыняцця яго на шляху супрацоўніцтва і сапраўднага слухання. Важна заўважаць, ці валодае асоба, якая хоча ўступіць у Кармэль, гэтай адкрытасцю і здольнасцю засвойваць стыль жыцця ў супольнасці. Уменне дазваляць, каб цябе вялі і суправаджалі іншыя, з разважлівасцю, шчырасцю і ў дыялогу, вельмі важнае на кожным этапе фармацыі, а таксама пасля яе заканчэння. Трэба адкрыць у нашых супольнасцях працэсы спакойнай самакрытыкі, без боязі, пачынаючы з аніматараў і асобаў, адказных за фармацыю, і заканчваючы айцамі асыстэнтамі. Для таго каб супольнасць была здаровай, яна павінна вызваліцца ад ілюзій (пар. Св. Тэрэза ад Езуса «Кніга жыцця», 16, 7).

Мы павінны суправаджаць адзін аднаго і прасіць аб дапамозе, трымаючы ў памяці тое, што святая Тэрэза думала пра адносіны паміж сябрамі Бога. Яна заўсёды дазваляла дапамагчы ёй і ўвяла галоўны ключ для распазнавання: «Ведаюць нас тыя, хто назірае за намі з боку». Дазволіць, каб за намі назіралі, азначае, паводле святой, згадзіцца на канфрантацыю, процістаянне, адкрыць вокны ў доме, у супольнасці, для таго каб умацавацца і пераканацца ў правільнасці распачатага шляху. Мы павінны нанова прачытаць «Шлях дасканаласці», каб навучыцца быць супольнасцю. «Пакора, адарванасць [ад прыхільнасцяў] і ўзаемная любоў…»гэтыя тры слупы тэрэзіянскага шляху малітвы не перастаюць натхняць нас на стварэнне сапраўдных супольнасцяў людзей, якія моляцца. Няхай у нашых супольнасцях адчуваецца водар свежага паветра, даверу і творчага дыялогу. Кармэль хоча быць, перадусім, школай не прававой або маральнай «дасканаласці», а школай еднасці, у якой дасканаласць перажываецца як інтэграцыя [з’яднанне ў адно цэлае], з тою тэрэзіянскаю радасцю, якая ўчыняла так, што манахіні хацелі быць святымі з-за таго полымя любові, якое яны насілі ў сабе і якім Маці, з сястрынскай любоўю, заражала іх.

У ШКОЛЕ ВЫТОКАЎ

Гэты шлях заўсёды ўкаранёны ў вопыце нашых вытокаў. Мы павінны вярнуцца да вытокаў Кармэля, да Першапачатковага статуту і propositum [лац. мэта, намер], якія схілілі першых пустыннікаў, каля крыніцы Іллі і пад апекай Марыі, ахвяраваць сваё жыццё дзеля супольнага ідэалу святасці, без ніякіх агаворак. Звернемся да пачатку тэрэзіянскай прыгоды, з тымі чатырма «нябогамі», якія паклалі пачатак новай сям’і ў Касцёле, народжанай любячым сэрцам Тэрэзы. Сёння выклік заключаецца ў тым, каб нанова адкрыць свежасць вытокаў, не сумуючы па мінулым… У чым была таямніца тых пустэльнікаў? Што было ім дадзена, каб так рашуча і мужна жыць у паслухмянасці Езусу Хрысту? Які скарб палаў у сэрцы Тэрэзы? Што яна ўбачыла ў позірку Езуса? Якая прыгода нарадзілася ў ёй, так што яна, «жанчына і да таго ж сапсутая», якою сябе лічыла, дазволіла захапіць сябе Духу і змяніла гісторыю духоўнасці, якая з таго часу абапіраецца на такое цудоўнае сяброўства з Богам і братамі?

Гэта каштоўны момант для ўсяго Свецкага Кармэлю, адначасова каштоўны і складаны. Не дазволім сабе ўпасці ў песімізм, які з’яўляецца грахом супраць Духа Святога. Бог заўсёды даваў Кармэлю найлепшае святло ў самых крытычных сітуацыях. Сёння мы патрэбны адзін аднаму як з’яднаная і пакорная сям’я, якая знаходзіцца ў дарозе, без самалюбавання, трыумфаў або паражэнняў. Заўсёды ёсць час на тое, каб ахвяраваць сябе як праладу, ты і я, якія адчуваем сябе «нічым» і якіх Бог, гэтаксама як Марыю, папрасіў аб мужным і неадкладным «так».

Вы патрэбны мне, заклікаю вас разам з Марыяй на шляху ў Айн Карэм, каб служыць мноству людзей, якім вы патрэбны, з таямніцай (кантэмпляцыяй) Бога ў нашых сэрцах, у нашай супольнасці. Бог ідзе наперадзе. ДАВЕР І ВЕРА.

Дзякуй, мае браты і сёстры са Свецкага Кармэлю, кармэліты душою і целам. Пойдзем разам!

Няхай Бог вам заўсёды благаслаўляе! Марыя і Юзаф няхай вядуць вас за руку.


Мігель Маркес Ка́лье OCD[1],
Генеральны настаяцель

 

[1] Хачу выказаць асаблівую і гарачую падзяку айцам Алойзію Дзіні, Алсініру Дэбасцьяні і Раміро Касале… якія былі Генеральнымі дэлегатамі па справах OCDS: за вялікую, кампетэнтную і каштоўную дапамогу, якую яны аказвалі на працягу многіх гадоў Свецкаму Кармэлю ва ўсім свеце. Няхай Бог працягвае напаўняць вас ласкаю і благаслаўленнем.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave