ДА ЧАГО ЗАКЛІКАЕ ГЭТЫ ЗВОН?

Ліст да ўсяго Ордэна з нагоды ўрачыстасці святога Яна ад Крыжа

 

Рым, 14 снежня 2022 года

 

Дарагія браты і сёстры!

Да чаго заклікае гэты звон?..

Ян ад Крыжа атрымаў перасцярогу яшчэ загадзя. Любоў ужо абудзіла яго і падрыхтавала да Жыцця. Любоў абуджала яго на кожным кроку. Усё жыццё Яна ад Крыжа заключалася ў паміранні і абуджэнні. Ён дазволіў згубіць сябе («згубіў сябе.. і быў адшуканы»; ДП 29[1]) і даў сябе забіць і пранізаць невядомаю і ўвесь час новаю Любоўю Бога, не губляючы часу на тое, каб быць здабытым Ім, яго розум узрушаны па адзінай прычыне, якая збаўляе: Праўда Бога, Жывое Полымя Ягонай Любові. Ян ад Крыжа ўжо памёр для сябе, для свайго «я» і для свайго плану, пракладаючы сабе дарогу да Умілаванага. Быў гатовы перайсці яшчэ раз, у чарговы раз, канчатковую граніцу і, нарэшце, Ноч, якая вядзе да Жыцця, да Святла.

У тою ноч Яна ад Крыжа мучыла гарачка, яго цела было знясілена, а жыццё вычарпана; гэта была Гадзіна, у якую ўвесь ён быў абуджаны, бязлітасна гатовы [прыняць] заклік і ўнутраную перасцярогу. Дом быў гатовы, апустошаны, «ніхто ўжо на яго не глядзеў, і аблога ўжо заціхла» (ДП 40), ён жыў «у тых жаданых вачах, прыгажосць якіх ужо была накрэслена ў яго душы» (ДП 12). Ён быў чуйным, жыў у безумоўнай і свабоднай любові тых, хто не кажа Богу, куды павінна весці сцежка. Смелы адкрывальнік Адзінай дарогі, якая нас збаўляе; той, якой Бог прагне для нас і аб якой марыць на кожным кроку, у кожным дотыку, у кожным паражэнні і ў кожным поспеху. Для Яна ад Крыжа нічога не мела большага значэння, чым гэтае Прагненне Бога.

Яму было 49 гадоў, адпаведны ўзрост, у якім Бог мог разарваць заслону салодкага спаткання. Ён перасцярог яго на хвіліну раней; Сэрца ўжо было ў той Божай Перасцярозе. Песні пра Любоў і пра Умілаванага былі ў яго слабасці тым кірункам, які ажыўляў яго зраненае цела і яго пакорны дух; не чакалі яго ніякія заданні, быў непрыкрыты і голы; не было жалю, ніякай тугі, цалкам аддаваў сябе і ўвесь належыў Умілаванаму, пазбаўлены ўсяго.

Смерць і жыццё заўсёды надыходзяць у той момант, якога мы не прадбачылі, нечакана. Звон заўсёды раздаецца ў дакладна вызначаную секунду, заклікаючы да Жыцця. Заўсёды гучаць аднолькава, заклікаючы да таго, каб жыць, каб любіць, каб абудзіцца; заўсёды непрадбачана і не ў адпаведны момант.

Неяк даўно я начаваў ва Убедзе і маліўся з братамі на тым месцы, дзе Ян ад Крыжа скончыў свае дні. На працягу некалькіх гадоў я цэлебраваў вігігію яго ўрачыстасці каля магілы святога ў Сеговіі. Маліўся з братамі і сябрамі, на холадзе, паблізу жывога полымя, якое палае ў грудзях святога, як гэта прадстаўлена на яго іконе, і якое нагадвае нам аб самай праўдзівай любові, у самыя цёмныя ночы. Кожны з нас страціў дарагога брата або сястру, можа, кагосьці з родных, я страціў вялікага сябра Яна ад Крыжа Хасэ Вінцэнта Радрыгеса. Сярод ночы і холаду, калі ўспамінаю тую ноч з 13 на 14 снежня 1591 года, раздаецца вялікаю праўдаю верш Хасэ Луіса Марціна Дэскальса:

          Паміранне гэта толькі паміранне
                    Паміранне скончыцца
                    Паміранне гэта мільганне агню
                    Гэта пераход праз дрэйфуючыя дзверы
                    І знаходжанне таго, што так доўга шукалася…

У хвіліны, калі я гэта пішу, у гэтым шэрым і папялістым дні, б’е звон касцёла паблізу. Чаму ён звоніць, да чаго заклікае нас сёння, цяпер? Чаму ён звоніць, да чаго заклікае нас у Кармэлі Тэрэзы і Яна ад Крыжа ва ўсім свеце, у кожным кляштары і ў кожнай супольнасці? Што такое наша жыццё і да чаго яно набліжаецца? Што важна ў апошнюю ноч Яна ад Крыжа? Да чаго мы павінны нарадзіцца ў гэтым «цяпер» нашай гісторыі?

Святы заўсёды заклікае…

Да Ночы, а ў ёй да Святла;

Да Узыходу наверх, да таго, каб даць сябе весці ад Небыцця да Усяго;

Да Жывога Полымя Любові, каб у ім мы маглі любіць сябе і палюбіць папялішчы сучаснасці, якія змяшчаюць у сабе палаючы жар;

Да Песні, якая нараджаецца з адсутнасці і ранаў, якая прысвячае жыццё пошукам Параненага Аленя, яго жаданых вачэй унутры гэтай сучаснасці.

Дзякую Богу за нашыя Ночы, за Узыход наверх, за Полымя і за Песню, якія знаходзяцца ў глыбінях кожнага з вас, у гэты час Адвэнту, які нагадвае нам, што Ён павінен нарадзіцца, насуперак нам і менавіта дзякуючы нам у гэтым нашым Кармэлі, які з’яўляецца нашым домам, нашай ранай і аб’ектам нашай любові. Так шмат ёсць таго, што мае быць адкрыта і зроблена. Пасля таго як я наведаў некаторыя часткі нашага Ордэна ў Афрыцы, у Францыі, у Індыі і ў Італіі, ува мне нараджаецца слова «надзея», амаль што ўпэўненасць, што на самай справе нешта хоча ўзыходзіць і прарастаць.

Успамінаю нашых нядаўна памерлых братоў, у якіх мы можам знайсці мудрасць і падбадзёрванне. Памятаю таксама пра вялікага знаўцу Яна ад Крыжа Федэрыко Ру́іса, які памёр, як укрыжаваны Езус, знясілены да касцей пасля вельмі доўгай хваробы. Некаторыя яго словы, так поўныя мудрасці, пра святога Яна, пра дасягненне еднасці з Богам, пра пачуццё любові да Бога, пра тое, што́ мае каштоўнасць і пра загану сучаснасці для нас надалей гучаць ува мне і абуджаюць вялікую ўдзячнасць за яго жыццё і за жыццё мноства братоў і сясцёр, якія адыйшлі з гэтага свету:

«У Яна ад Крыжа еднасць у любові не толькі мэта, але і пачатак, а таксама імпульс і праваднік на шляху. Каб дасягнуць гэтай еднасці мы павінны заўсёды пачынаць, працягваць і заканчываць, калі хочам ушанаваць яго рытм жыцця і зразумець ніць яго думак. Еднасць з Богам — гэта поўня жыцця і ўзаемнае прынясенне сябе ў дар, гэта цалкавітая камунія. Еднасць у любові азначае гарачае пачуццё любові Бога да чалавека і гарачае пачуццё любові чалавека да Бога…

Вось Ян ад Крыжа жывы і ва ўласнай асобе. Пасля смерці ён атрымаў вялікія тытулы: містык, доктар, паэт, святы, тэолаг. Тытулы заслужаныя, здабытыя цяжкаю працаю. Нягледзячы на ўсё гэта, увесь час бачу брата Яна ад Крыжа жывога, без акадэмічных тытулаў і без кананізацыі, які носіць у сабе ўкрытую і неўсвядомленую геніяльнасць. Жыве сярод сваіх братоў як хрысціянін і кантэмплятыўны кармэліт, робячы патроху ўсё; і ў вольныя хвіліны піша. Ян ад Крыжа — гэта просты, добры, адважны, чулы, разумны, глыбока рэлігійны чалавек» (Федэрыко Ру́іс. «Містык і настаўнік. Святы Ян ад Крыжа»).

Сапраўды, мы вельмі прывілегіяваныя, бо маем Яна ад Крыжа, які быў першым кармэлітам босым разам з братам Антоніо ад Езуса, і маем таксама вялікае шчасце, што можам перажываць гэты выключны і цяжкі момант, поўны Божых дарог і меандраў[2], бо, падобна да таго як нашыя святыя і нашыя браты, якія знаходзяцца ўжо на другім беразе, мы таксама запрошаны да таго, каб слухаць звон, які б’е дзеля Новага Жыцця, заўсёды пільныя і засяроджаныя на тым, што важна, не паддаючыся спакусе смутку.

Разам з Марыяй, нашай сястрой, якая спадарожнічае нам, ідучы па той самай дарозе, жанчынай «ТАК» для немагчымага, абдымаю вас усіх. На гэтай дарозе распальвання Полымя Жывой Любові, не рэзервуючы нічога для сябе, давяраю Кармэлю, поўнаму свежасці свайго пачатку, адарванаму ад сябе, паслухмянаму і слухаючаму, не самадастатковаму, які не лічыць, што валодае адзінаю праўдаю, пакорнаму, які знаходзіцца ў дарозе, аголенаму і з пустымі кішэнямі; давяраю Кармэлю, які здзяйсняе сваё падарожжа з беднымі і дазваляе ім і ўсім даваць яму парады і падбадзёрваць у атмасферы праўдзівай,  канкрэтнай сінадальнасці; давяраю Кармэлю, які дасягае гэтага досведу святога Яна, сярод пераследаванняў і вялікіх цяжкасцяў, каб сказаць: «Ужо толькі ў любові заключаюцца мае практыкі». Не будзем жа хацець нічога большага, час прымушае.

Заахвочваю ўвесь Ордэн распачаць шлях гэтага досведу, набыцця вопыту таго, як быць мужчынамі і жанчынамі АДЗІНАЙ ЛЮБОВІ, слухаючы біццё сэрца Езуса ва ўлонні Марыі і дастасоўваючы да ягонага рытму нашае жыццё. Гэты час не для таго, каб прывязвацца да нашых капрызаў ці асабістых планаў, гэта час для пакорнай, адважнай і смелай паслухмянасці, для слухання планаў Духа Святога.

Будзем жа слухаць сябе ў цішыні, слухаць нашых братоў і сясцёр у супольнасці, слухаць Касцёл, слухаць крыкі бедных і стогны свету, які прымушае нас і заклікае да таго, каб мы адшукалі «ўтоеную крыніцу», наша галоўнае і неабходнае заданне (Дэкларацыя аб харызме, н. 3).

Дзякую кожнаму і кожнай з вас, мае браты і сёстры, за тое што ў сэрцы гэтага Адвэнта вы жывеце надзеяй Яна ад Крыжа, не паддаючыся, не дазваляючы, каб хто-небудзь або што-небудзь пазбавіла вас радасці.

Жадаю ўсім вам радаснага і благаслаўлёнага дня святога Яна ад Крыжа!


Мігель Маркес Ка́лье OCD,
Генеральны настаяцель

 

[1] Тут і далей цытуюцца словы св. Яна ад Крыжа з «Духоўнай песні» (ДП).

[2] Меандр — вядомы ў мастацтве тып геаметрычнага арнаменту, утворанага ломанай пад прамым вуглом бесперапыннай лініяй.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

Да чаго заклікае гэты звон?..

17/12/22

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave