У адпаведнасці са Статутам Рэгіянальнага вікарыяту кармэлітаў босых у Беларусі, з 11 па 14 чэрвеня 2023 года ў Мядзелі прайшоў Капітульны кангрэс нашых супольнасцей, які ўзначаліў Правінцыял Варшаўскай правінцыі. Мэта кангрэсу, які праходзіць раз у тры гады - арганізаваць жыццё і служэнне братоў дзеля Божай хвалы і дабра супольнасці Касцёла. Такім чынам браты, сабраныя на кангрэсе, выражаюць удзел, сумесную адказнасць і еднасць усяго вікарыяту.
Ужо 11 чэрвеня вечарам браты сустрэліся разам за гасцінным сталом супольнасці ў Мядзелі, каб паразмаўляць і падзяліцца часткай жыцця іншых супольнасцей. Радасць сустрэчы раздзяліў таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адказны за інстытуты кансэкраванага жыцця ў нашай краіне.
12 чэрвеня, у першай палове дня браты прасілі Бога аб святле ды благаслаўленні дзеля мудрага і паспяховага перажывання гэтай адказнай сустрэчы. Дапамог у гэтым біскуп Алаксандр, які ўзначаліў Эўхарыстыю, Літургію Гадзін і прамовіў канферэнцыю.
У гэты ж дзень пасля абеда Рэгіянальны вікарый і эканом прадставілі справаздачы пра актуальны стан вікарыяту і перспектывы яго развіцця.
У часе капітульных кангрэсаў браты прымаюць таксама важныя персанальныя рашнні. Пад вечар на пасаду Рэгіянальнага вікарыя быў абраны паўторна а. Пётр Фроштэга.
У наступны дзень настаяцелі канвентаў прадставілі справаздачы з дзейнасці супольнасцей. Гэта добрая нагода для абмеркавання ўсімі братамі жыцця, апостальскай дзейнасці і пошуку спосабаў больш плённага ды вернага наследавання Езуса Хрыста згодна з кармэліцкім харызматам.
Рэгіянальнаму вікарыю ў выкананні свайго служэння дапамагаюць дарадчыкі, якімі былі абраны а. Сяргей Трысцень і а. Аляксандр Стока.
Пасля абмеркавання бягучых спраў браты абралі настаяцеляў супольнасцей, якімі сталі а. Генрых Валэйка ў Мядзелі, а. Аркадзь Куляха ў Гудагаі, а. Павел Герман у Нарачы і а. Сяргей Трысцень у Мінску.
У Беларусі служыць 14 братоў кармэлітаў босых, якія жывуць у чатырох супольнасцях і розным чынам ажыцяўляюць місію Кармэлю. Просім Пана Бога, асабліва праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, святога Юзафа і святых Тэрэзы ад Езуса і Яна ад Крыжа, каб напоўніў нас шчодрымі ласкамі радаснага, актыўнага, плённага, мудрага ды пабожнага трывання ў Яго прысутнасці дзеля збаўлення людзей і святасці кожнага з нас.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave