14/11/2022

Дух Святы, прыйдзі і перамяні маё жыццё!

З 11 па 13 лістапада члены супольнасці Свецкага Ордэну Кармэлітаў Босых пры парафіі Божага Цела, што ў Мінску, перажывалі штогадовыя рэкалекцыі. 13 асоб на 3 дні пакінулі свае паўсядзённыя справы, клопаты, абавязкі і выехалі з Мінска ў Мядзел, каб акунуцца ў атмасферу духоўнай цеплыні ды супольна адкрываць Бога ў простых рэчах сумеснай малітве, слуханні, разважанні над словам Божым і адарацыі, каб чарговы раз у цішыні пачуць голас Пана, які  кліча да жыцця ў супольнасці: як выглядае тваё жыццё ў супольнасці? Што ты зрабіў у  сваім пакліканні? Ці адкрыты ты на дзеянні Духа Святога, які праз цябе дзейнічае ў Касцёле? На гэтыя пытанні і шукалі адказу ўдзельнікі рэкалекцый. Дзейснай дапамогай у паглыбленні малітвы, справах асэнсавання свайго месца ў супольнасці была праграма канферэнцый айца Пятра Фроштэгі, які ўзначаліў духоўныя практыкаванні свецкіх кармэлітаў. У пачатку рэкалекцый а. Пётр выказаў спадзяванне, што час, праведзены ў кляштары  кармэлітаў босых у Мядзелі, будзе  плённым і паспрыяе развіццю кожнага з прысутных. Лейтматывам другога дня рэкалекцый з’явіліся словы “Прыйдзі, Дух Святы, прыйдзі і перамяні маё жыццё!” А. Пётр параўнаў дарогу да святасці са шляхам чалавека, які цягне ўгару цяжкі воз. Ён часта прыпыняецца і падкладае камень пад калёсы, каб не скаціцца ўніз. Такім чынам чалавек топчыцца на месцы, замест таго, каб папрасіць дапамогі і крочыць да вяршыні гэтай гары, да дасканаласці. Усяму віна – слабасць чалавека, яго грахоўнасць. Адкрыццё на дзеянне Духа Святога, нашае навяртанне і паяднанне з Богам з’яўляецца ключавым момантам нашага жыцця. У апошні дзень рэкалекцый рэкалекцыяніст прапанаваў засяродзіцца і паразважаць над тым, як выглядае жыццё ў супольнасці кожнага яе члена. Асабістыя разважанні паўплывалі на тое, што некаторыя нанова пачулі голас Хрыста, які калісьці прывёў іх у супольнасць свецкіх кармэлітаў, аднавілі і ўмацаваліся ў сваім пакліканні.

Ганна Луцкая OCDS

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave