17/09/2021

Зварот Святога Айца Францішка да ўдзельнікаў Генеральнага Капітула Ордэна Кармэлітаў Босых

11 верасня 2021 г

Дарагія браты,

радуюся, што магу прывітаць вас, сабраных на Генеральным Капітуле з розных куткоў свету як прадстаўнікоў каля чатырох тысяч братоў, якія прыналежаць да вашага Ордэна. Маё прывітанне скіроўваю і да іх, а таксама да сясцёр кармэлітак босых і ўсіх членаў кармэліцкай сям’і, якія ў гэтыя дні малітоўна суправаджаюць вашу працу. Дзякую новаму Генеральнаму настаяцелю за яго словы, а папярэдняму Генеральнаму настаяцелю за яго служэнне. Дзякую.

Вы распачалі Капітул, кіруючыся трыма вельмі важнымі біблейскімі тэкстамі. Тэкст першы: слухаць тое, што кажа Дух (пар. Ап 2, 7); тэкст другі: распазнаваць знакі часу (пар. Мц 16, 3); тэкст трэці: быць сведкамі ажно да краю зямлі (пар. Дз 1, 8).

Слуханне — гэта фундаментальная духоўная пастава вучня, таго, хто ўваходзіць у школу Езуса і хоча адказваць на тое, аб чым Езус просіць нас у гэты цяжкі, але заўсёды цудоўны момант, бо гэта час Божы. Слухаць Духа, каб распазнаваць, што паходзіць ад Пана, а што супраць Яго, і так адказваць, зыходзячы з Евангелля, адказваць на знакі часу, праз якія Пан гісторыі аб’яўляе сябе і звяртаецца да нас. Слухаць і распазнаваць, у перспектыве сведчання — місіі, якая ажыццяўляецца праз абвяшчэнне Евангелля словам і, перадусім, жыццём.

У гэты час, калі пандэмія паставіла ўсіх нас перад такім мноствам пытанняў і прывяла да крушэння гарантый (упэўненасці ў бясспрэчных ісцінах), вы пакліканы як дзеці святой Тэрэзы клапаціцца аб сваёй вернасці трывалым элементам вашай харызмы. Калі ў гэтым крызісе і ёсць нешта добрае (а яно, безумоўна, ёсць), то гэта тое, што ён павінен зноў прывесці нас да таго, што істотнае, а не да таго, каб жыць, засяроджваючыся на фальшывай упэўненасці. Гэты кантэкст спрыяе таксама таму, каб вы маглі даследаваць стан здароўя вашага Ордэна і падтрымліваць жар яго пачатку.

Часам хтосьці задаецца пытаннем, якая будучыня чакае кансэкраванае жыццё; і многія прарокі пагібелі гавораць, што гэтая будучыня будзе нядоўгай, што кансэкраванае жыццё перажывае стадыю выгарання. Але, дарагія браты, такія песімістычныя бачанні належыць адкідаць, як і тыя, што датычаць самога Касцёла, бо кансэкраванае жыццё з’яўляецца неад’емнай часткай Касцёла, яго эсхаталагічнай натуры, яго евангельскай аўтэнтычнасці. Кансэкраванае жыццё з’яўляецца часткай Касцёла — так задумаў яго Езус і так Дух Святы нястомна яго стварае. Таму трэба адкінуць спакусу клопату аб тым, каб выжыць, і жыць у поўнай меры, прымаючы ласку цяперашняга моманту, нягледзячы на звязаную з гэтым рызыку.

У школе Хрыста гаворка ідзе пра тое, каб быць верным цяперашняму моманту і адначасова свабодным і адкрытым на гарызонт Бога, паглыбленым у Яго таямніцу любові. Кармэліцкае жыццё — гэта жыццё кантэмпляцыйнае. Гэта дар, дадзены Духам Святым Касцёлу са святой Тэрэзай ад Езуса і святым Янам ад Крыжа, а потым — са шматлікімі кармэліцкімі святымі. Вернае гэтаму дару кармэліцкае жыццё з’яўляецца адказам на прагненне сучаснага чалавека, які адчувае моцны голад па Богу, голад па вечнасці і, хоць часта гэтага не разумее, паўсюль шукае Яго. Кармэліцкае жыццё асцерагаецца псіхалагізму, спірытуалізму або фальшывых новаўвядзенняў, у якіх тоіцца дух прыстасавання да свету (światowości). Вы добра ўсведамляеце сур’ёзнасць спакусы псіхалагізму, спірытуалізму і новаўвядзенняў, духу прыстасавання да свету. І тут я прашу вас: сцеражыцеся духоўнага прыстасавання да свету, якое з’яўляецца найбольшым злом, што можа здарыцца з Касцёлам. Калі я прачытаў гэта на апошніх старонках «Медытацыі пра Касцёл» айца Анры дэ Любака (прачытайце апошнія чатыры старонкі), не мог у гэта паверыць: але чаму (я быў тады яшчэ ў Буэнас-Айрэсе), чаму гэта адбываецца? Што гэта такое: духоўнае прыстасаванне да свету? Яно вельмі далікатнае, вельмі далікатнае: прыходзіць, а мы і не заўважаем. У тэксце цытуецца навучанне бэнэдыктынскага духоўнага айца, Анры дэ Любак бярэ гэты тэкст і кажа: «Гэта найбольшае зло, якое можа здарыцца з Касцёлам, па сутнасці, яно горшае, чым тое, што было падчас папаў, якія мелі сужыцелькаў». Аднойчы я прывёў гэтыя словы і кларэтынам... І, відаць, рэдакцыя газеты «L’Оsservatore Romano» спалохалася гэтага тэксту, які быў не маім, а айца Любака, і надрукавала: «горшае, чым айцы з сужыцелькамі»; спалохаліся праўды, спадзяюся, што «L’Оsservatore»  выправіць гэтую памылку. Духоўнае прыстасаванне да свету — гэта нешта страшнае, яно пранікае ў цябе. У Евангеллі Езус кажа пра «выхаваных дэманаў», пра «выхаваных д’яблаў», і гаворыць так: што калі нячысты дух выгнаны з душы чалавека, ён пачынае блукаць па пакінутых мясцінах, а потым яму гэта «надакучае», «няма чаго рабіць» і ён кажа: «Вярнуся, пагляжу, як там было ў маім доме». Вяртаецца і бачыць, што ўсё прыбрана, усё ў парадку; і тады, кажа Езус, ён «ідзе і бярэ іншых сем духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае» (пар. Лк 11, 24–26). Але як уваходзяць гэтыя сем дэманаў? Не як злодзеі, не: яны звоняць у званок, вітаюцца і паволі ўваходзяць, а ты і не заўважаеш, што яны завалодалі тваім домам. Гэта дух прыстасавання да свету. Ён уваходзіць паволі, уваходзіць таксама і ў малітву. Асцерагайцеся. Гэта найбольшае зло, якое можа здарыцца з Касцёлам. Калі не верыце мне, прачытайце апошнія чатыры старонкі «Медытацыі пра Касцёл» айца Анры дэ Любака. Асцерагайцеся духоўнага прыстасавання да свету.

Будзем памятаць, што евангельская вернасць — гэта не пастаянства месца, а пастаянства сэрца, якое заключаецца не ў адмаўленні ад зменаў, а ў здзяйсненні зменаў, неабходных для выканання таго, аб чым просіць нас Пан, тут і цяпер. Такім чынам, для вернасці патрэбна моцная прывязанасць да каштоўнасцяў Евангелля і да ўласнай харызмы, а таксама вырачэнне таго, што стрымлівае нас у аддаванні ўсяго найлепшага, што ёсць у нас, Пану і бліжнім.

У гэтай перспектыве заахвочваю вас да падтрымання сяброўства з Богам, братэрскага жыцця ў супольнасці і місіі, як гэта было запісана ў дакументах, распрацаваных пры падрыхтоўцы да вашага Капітула. Для святой Тэрэзы сяброўства з Панам азначае жыццё ў еднасці з Ім, і гэта не толькі малітва, але і ўчыненне малітвы з жыцця, гэта крочанне — як гаворыцца ў вашай Канстытуцыі, — «in obsequio Iesu Christi» («у паслухмянасці Езусу Хрысту») і здзяйсненне гэтага з радасцю. Наступная рэч, якую я хацеў бы падкрэсліць: радасць. Брыдка  бачыць кансэкраваных мужчын і жанчын з сумнымі тварамі. Гэта брыдка, брыдка. Радасць павінна паходзіць знутры — тая радасць, якая ёсць спакоем, праяваю сяброўства. Чарговая рэч, на якую я ўказаў у адгартацыі аб святасці: пачуццё гумару. Прашу вас, не губляйце пачуцця гумару. У аргартацыі «Gaudete et exsultate» («Радуйцеся і весяліцеся») я змясціў у адным з раздзелаў малітву святога Тамаса Мора, у якой ён просіць аб пачуцці гумару. Маліцеся гэтай малітвай, гэта прынясе вам карысць. Заўсёды з тою радасцю пакорных, якія прымаюць звычайныя, штодзённыя жыццёвыя справы ў радасці.  У гэтай перспектыве і заахвочваю вас да падтрымання сяброўства з Богам, братэрскага жыцця ў супольнасці і місіі, як ужо казаў.

Сяброўства з Богам выспявае ў цішыні, засяроджанасці, слуханні Божага слова; гэта агонь, які трэба падтрымліваць і ахоўваць дзень за днём.

Цяпло гэтага ўнутранага агню дапамагае таксама практыкаваць братэрскае жыццё ў супольнасці. Гэта не нейкі дадатковы элемент, ён вельмі істотны. Нагадвае нам пра гэта сама назва ордэна: «браты босыя». Укаранёныя ў сувязі з Богам, Тройцай Любові, вы закліканы клапаціцца аб развіцці сувязі ў Духу, у здаровым напружанні паміж самотнасцю і прабываннем з іншымі, насуперак індывідуалізму і стандартызацыі, уласцівых свету. Індывідуалізм і стандартызацыя — і супольнае жыццё. Святая маці Тэрэза заахвочвае да «стылю братэрства», «el estilo de hermandad». Гэта майстэрства, якому мы вучымся кожны дзень: быць сям’ёй, аб’яднанай у Хрысце, «босымі братамі Марыі», беручы за ўзор Святую Сям’ю з Назарэта і супольнасць Апосталаў. Святая Сям’я з Назарэта: дзякую за памяць пра святога Юзафа, не забывай пра яго! Некалі адзін з вас даў мне маленькі абразок святога Юзафа з малітвай, пакорнай малітвай, у якой гаворыцца: «Прымі мяне так, як прыняў Езуса». Прыгожая малітва, малюся ёю штодзённа. У ёй просім святога Юзафа, каб ён прыняў нас і дапамог нам рухацца наперад у духоўным жыцці, каб ён быў у пэўным сэнсе нашым духоўным айцом, як быў айцом для Езуса ў Святой Сям’і.

Зыходзячы з сяброўства з Богам і стылю братэрства, вы пакліканы таксама да таго, каб абдумаць сваю місію, творча і рашуча, з апостальскай руплівасцю, звяртаючы асаблівую ўвагу на сучасны свет. Хацелася б падкрэсліць тое, пра што ўжо ўзгадваў вышэй: гэтае аднаўленне вашай місіі непарыўна звязана з вернасцю кантэмпляцыйнаму пакліканню: шукайце спосаб, як гэта зрабіць, але гэта злучана адно з адным. Не спрабуйце пераймаць місіі іншых харызмаў, а будзьце вернымі сваёй харызме, каб даць свету тое, што Пан даў вам дзеля карысці ўсіх, а менавіта: жывую ваду кантэмпляцыі. На самай справе гэта не ўцёкі ад рэчаіснасці, не закрыццё ў абароненым аазісе, а адкрыццё сэрца і жыцця на моц, якая сапраўды перамяняе свет, — на любоў да Бога. Менавіта з працяглай малітвы ў самотнасці Езус чэрпаў сілы для штодзённага «раздавання» свайго жыцця сярод людзей. І так рабілі таксама і святыя: велікадушнасць і адвага іх апостальства з’яўляецца плёнам іх глыбокай еднасці з Богам.

Дарагія браты, гармонія паміж гэтымі трыма элементамі: сяброўства з Богам, братэрскае жыццё і місія — гэта захапляючая мэта, якая павінна стаць матывам вашых цяперашніх і будучых выбараў. Няхай Дух Святы — менавіта Ён стварае гармонію — асвячае і скіроўвае вашыя крокі на гэтым шляху. Няхай Найсвяцейшая Дзева аберагае і суправаджае вас. Ад усяго сэрца вас благаслаўляю. Калі ласка, не забудзьцеся памаліцца за мяне, мне гэта патрэбна. Дзякую!

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave