Літаніі, навэнны, заклікі...
Марыя, незавершаны вобраз, вопыт, які трэба перажыць, асэнсаваць, перажыць нанова
У кляштары, які знаходзіцца ў Батуэкас (правінцыя Саламанка, Іспанія), калі падымаешся на гару ў накірунку капліцы, на сцяне вісіць незавершаная ікона Марыі. З валокнаў дрэва гісторыі, з рэчаіснасці нашай гісторыі... выступае прыгожае аблічча Марыі, якое наўмысна не было дамалявана. Марыя — гэта прысутнасць, укаранёная ў глыбінях нашай чалавечнасці. Марыя магчымая, таму што дазволіла Айцу намаляваць Яго вобраз у Яе целе і ў Яе крыві. Яна дае ў распараджэнне Бога, для Яго справы збаўлення, сваё ТАК, без ніякіх папрокаў. Вобраз Марыі ў Кармэлі няпоўны і дазваляе дапаўняць яго кожны дзень у вопыце Яе сыноў і дачок. Штодзённа адкрываеца нешта прыгожае ў душы Марыі. Яе вобраз ніколі не закончаны, гэтаксама як заўсёды нараджаецца Бог, таму заўсёды здзіўляе і становіцца новым у вачах дзіцяці, якое бачыць усё першы раз.
І гэтак жа, як містык або сапраўды веруючы не сцвярджае, што ён мае Бога ў сваіх думках, сваіх ідэях або ў сваіх набажэнствах, так і марыйнае жыццё ў Кармэлі з’яўляецца пастаянным заклікам да таго, каб перажыць вопыт шляху Марыі, якая на кожным кроку згаджаецца на тое, каб быць закранутай і асвечанай тым Богам, які стаў чалавекам у Яе ўлонні і вядзе Яе ў неведомае, і які дазваляе, каб Яна несла Яго, ідучы дрыжачым крокам кволай і моцнай, пакорнай і мужнай жанчыны.
Так бачыць нас Бог, заўсёды ў першы раз. Учыняе так, што мы нараджаемся ў Яго позірку.
Хачу скіраваць запрашэнне да ўсяго Ордэна — запрашаю вас да ўдзелу ў прыгодзе дапаўнення вобразу Марыі з вопыту асабістай блізкасці, уваходзячы ў перажыванне Ave Maria, становячыся ўдзельнікамі гісторыі, сатканай ва ўлонні Марыі, дазваляючы Той, якая аб’яўляе сябе кожны дзень, фарміраваць у нас вобраз Яе Сына.
Воблака — Крыніца — Пустэльня
Воблака (1 Вал 18, 44)
Знаходжуся сярод руінаў першай капліцы на гары Кармэль, у Вадзі Сіах, дзе кожны год цэлебрую Эўхарыстыю, прадстаўляючы ўвесь Ордэн. У гэтым асаблівым месцы я паўтараю літургію, якая актуалізуе прысутнасць і натуру Кармэлю. На гары Кармэль мы ўзгадваем, як маленькае, нібы далонь, воблака, якое падымалася з мора, абудзіла ў Іллі ўпэўненасць, што пасля трох гадоў засухі будзе дождж. Старажытная традыцыя, прынятая Кармэлем з незапамятных часоў, бачыла ў Марыі гэтае белае і непрыкметнае воблака, якое нясе ў сваёй мізэрнасці непераможнае абяцанне Бога. У гэтым свеце ўладарных бомбаў і дыму, што носіцца ў паветры, прысутнасць Марыі па-ранейшаму заахвочвае да непахіснай веры пакорных. Кармэль хоча прыняць гэты выклік мужнай веры. Насуперак усялякай надзеі. Калі здаецца, што падставы для веры вычарпаныя, рука Марыі нагадвае нам пра Абяцанне.
Крыніца
Прыкладна ў двухстах метрах ад капліцы знаходзіцца крыніца Іллі, якая, паводле традыцыі, з’явілася тут праз шмат стагоддзяў пасля таго, як вялікі Божы прарок быў узяты на неба. Так, гэтая крыніца ўвекавечвае памяць пра Іллю, але яна прадстаўляе таксама Марыю, крыніцу надзеі і суцяшэння, сястру, якая сваім пастаянным рухам суправаджае ўсіх кармэлітаў на іх шляхах. Марыя носіць у сваім улонні ваду ласкі, і мы штодзённа п’ём яе, прагнучы нанова распачаць шлях, які прапануе нам Бог. Ён ніколі не бывае абмежаваны нашымі планамі. Журчанне вады, якая выплывае з Крыніцы Марыі, учыняе нас такімі мужчынамі і жанчынамі, якія аддаюць сябе ў распараджэнне Бога, не звязваючы Яму рукі і не заглушаючы голас Бога сваімі страхамі. «Дзе хочаш і як хочаш». Такія словы можна пачуць у журчанні вады, якая выцякае з гэтай марыйнай крыніцы.
Пустэльня ў руінах
Пустэльня крыху вышэй, сярод пячор і паглыбленняў у скале, у якіх яшчэ да кармэлітаў жылі першыя пустэльнікі, нагадвае пра адвечныя пошукі Бога ва ўсе часы. Руіны — святое і моцнае сведчанне жыцця, нават ва ўяўным запусценні. Яны прамаўляюць да нас і нагадваюць нам, што структура, якая дае нам прытулак і ахоўвае нас цяпер, не будзе той самай заўтра.
Гэтыя будынкі, гэтыя дамы, гэтая структура, якую мы атрымалі ў спадчыну, разбурацца, зменяцца. І мы не павінны ні моцна драматызаваць, ні плакаць з-за гэтага, ні ўпарта трымацца за іх ажно да смерці. У многіх выпадках структура нас знішчае і паглынае. А мы пагарджаем братамі і сёстрамі, клапоцячыся толькі аб матэрыяльнай спадчыне. Самае важнае — Госць. І гэты Госць не меў дзе прытуліць галаву. Цяпер структура кажа пра зыход, праз які трэба прайсці і які трэба дапамагаць праходзіць. Аб якой спадчыне трэба паклапаціцца? Аб чалавечай духоўнай спадчыне, Божай і чалавечай прысутнасці, каштоўнай і прыгожай. Асоба з’яўляецца спадчынай. А Марыя ў Кармэлі з’яўляецца прысутнасцю ў дарозе, іконай, якая нясе ў сабе Прысутнасць. Яна нагадвае пра тое, што пастаяннае і істотнае ў мімалётным і часовым. Дзякуючы таму, што з’яўляемся братамі Марыі, мы не будзем прывязвацца да будынкаў, калі прыйдзе час іх пакінуць, і пакорна дазволім прывесці нас ў жыллё, якое падрыхтаваў для нас Бог. Будзем ахоўваць гэтую жывую прысутнасць, якая крочыць унутры нас, жывых святынь, як Марыя.
Словы пра Марыю, якія чую каля Яе крыніцы:
ЦЯПЕР
Наша Пані Цяпер. Здаецца, гэта вельмі кармэліцкі тытул, якім можна апісаць Марыю. Марыя вучыць нас жыць у часе. Яднае нас з «тут і цяпер», са спрадвечнай прысутнасцю Бога: «Вось я»... Fiat. Гэта музыка Марыі ў кожны момант Яе жыцця. Малітва да Марыі нясе ў сабе ласку прысутнасці для нас саміх. Дазваляе зразумець каштоўнасць нашага жыцця — жыцця ўдзельнікаў Божага плану, урадлівай зямлі для Яго пасеву. Марыя пражыла кожнае імгненне свайго жыцця, не ўцякаючы, не ўхіляючыся, нават калі не разумела Божых планаў, захоўваючы ўсё ў сваім сэрцы: было Яе «так» у адказ на звеставанне анёла, былі яслі ў стайні, было прыняцце страты Сына і Яна зноў стала маці, нараджаючы Сына для новага жыцця каля падножжа Крыжа.
Дзева з гары Кармэль — гэта святая Марыя Цяпер, Кайрас[1] Бога. Гэта школа, якая вучыць, як жыць у часе. Марыя вучыць нас жыць мінулым —памятаць паходжанне, карані, першае каханне, «праўду дзяцей»[2], звеставанне анёла. Забыць і адпусціць ранейшыя запэўніванні ў даверы Божай апецы, якая заўсёды цябе апярэджвае. Ісці ад пачатку да пачатку. Марыя вучыць нас жыць цяперашнім момантам. Прамаўляць самую простую малітву: «Вось я, Пане». Вучыць засяроджанасці і прымірэнню, каб усведамляць сутнасць жыцця і рабіць яго больш простым. Сузіраць з Марыяй — значыць быць АДНО ў Божым «цяпер». Марыя вучыць нас жыць будучым з сэрцам веры, якое сярод цяжкасцяў і ў цемры ночы прыслухоўваецца, выглядвае пробліскі Божага абяцання і надзеі. Душа Марыі з’яўляецца майстрам веры ў тое, што жыццё адраджаецца і ўваскрашае.
КРЭАТЫЎНАСЦЬ
Марыя, пільная і ўважлівая, слухаючая і даверлівая, чакае з вучнямі Пяцідзясятніцы новага Касцёла. Сваёй прысутнасцю ў кожным з нас, у супольнасці Яна адкрывае магчымасць для крэатыўнасці, дзякуючы якой нанова адкрываецца жыццё і з манатоннасці «заўсёды так рабілі, заўсёды так было» выступае новы краявід. Касцёл і Кармэль адновяцца разам з Марыяй у гэтую новую Пяцідзясятніцу.
БРАТЭРСТВА
Марыя — сястра ўсіх кармэлітаў. Мы — босыя браты і сёстры Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Яна вучыць нас жыць у супольнасці. Выхоўвае нашыя сэрцы, каб яны маглі належным чынам разумець значэнне словаў «брат», «сястра». Таварыскія зносіны, сумесны ўдзел у актыўнасцях, забавах — усё гэта адкрывае жыццё на радасць Богу праз давер да братоў. Як моцна патрэбна нам, каб Ты, Марыя, выхоўвала і фарміравала нашыя сэрцы і мы маглі станавіцца супольнасцю і ствараць яе! Ты з’яўляешся нашай сястрой, каб мы адчувалі адказнасць за сям’ю і станавіліся будаўнікамі дому для ўсіх і з усімі. Гэта наша галоўная місія: быць братамі Марыі, быць супольнасцю.
СМЕЛАСЦЬ
Марыя, Ты — самотная і безабаронная жанчына, узброеная толькі даверам. Ты верыш нечуванаму слову Бога, які здзіўляе і азадачвае. Ты кранаеш сэрца Бога, дазваляючы несці Цябе прыгодзе Яго збаўчага плана. Бог знайшоў у Табе малую, простую, безабаронную душу, якая, не гледзячы на сябе, кінулася ў невядомае. Смелая і сціплая, адважная і простая. У Тваёй смеласці мы бачым шлях, на які цяпер пакліканы ўступіць Кармэль.
НАДЗЕЯ
У гэтым пастаянным «цяпер» з Табою, Марыя, заўсёды аднаўляецца надзея. Там, дзе ёсць Марыя, жыццё азараецца знутры, у нястомным уцелаўленні. Там, дзе ёсць безумоўнае «так», сказанае Богу, як у Марыі, нараджаецца Езус, аднаўляецца, адкрываючы жыццё на дагэтуль невядомую, нечаканую надзею.
Гэтую рэфлексію я напісаў, глыбока перакананы надзеяй таго часу, у які мы жывем, з думкаю пра ўвесь Кармэль, і напісаў гэта так, як была напісана ікона Марыі, якая адкрыла гэтую малітву, — у валокнах дрэва нашай рэчаіснасці, у нашым убостве, якое з’яўляецца нашым багаццем і нашай праўдай. Асноўную частку гэтай рэфлексіі я напісаў, хварэючы на COVID, закрыты ў сваім пакоі, пад апекаю братоў, удзельнічаючы ў хваробе, якая салідарызуе мяне са шматлікімі хваробамі нашага часу. Пасля гэтай ізаляцыі мне захацелася закончыць свой ліст у сінадальным духу. У мяне ўзнікла ідэя папрасіць дзесяць жанчын, каб яны напісалі пра тое, «як Марыя з’яўляецца крыніцай надзеі для нашага часу і ў тваім сэрцы». Не буду называць імёнаў. Сярод іх ёсць кармэліткі, маці сем’яў, актыўныя свецкія, місіянеркі, жанчыны, якія выбраліся з пекла вуліцы. Папрасіў іх, каб яны, карыстаючыся пэндзлем свайго жыццёвага вопыту, намалявалі некалькі рысаў Марыі — Жанчыны і Маці надзеі.
Гэтыя замалёўкі поўныя прыгажосці і жыцця, болю і надзеі. Кожны з гэтых каментараў належыць чытаць з павагай, на каленях і на малітве. Гэта Марыя ў голасе кожнай з гэтых жанчын.
Павел VI сказаў, што Марыя — гэта Дзева, якая слухае, моліцца, нараджае, ахвяруе (Marialis Cultus, 17–20). Так і цяпер Кармэль з Марыяй слухае, моліцца, нараджае і ахвяруе.
У Кармэля ёсць доўг перад Марыяй; нам трэба вярнуцца да Марыі і аднавіць жывыя, творчыя адносіны. Асмелюся сцвярджаць, што гэта ключавы і цэнтральны аспект, на які Яна нам указвае: найважнейшы, беспаваротны, неадкладны. Марыя — гэта дэкларацыя аб харызме ў дарозе, незакончаная ікона. Заахвочваю ўвесь Ордэн да аднаўлення сувязі з Марыяй і ў Марыі, як сутнасці нашага паклікання. Яна далучае нас да Божага «сёння» як прароцкае і пакорнае Духу братэрства. Яна пакажа нам шлях.
Дарагія сёстры, дарагія браты, даручаю Марыі вашае жыццё, будзем давяраць Ёй і адправімся з Ёю ў дарогу… З Ёю няма руін, якія не абяцалі б дом; цемры, якая не змяшчала б у сабе рашаючага святла; убоства, якое не заключала б у сабе багацця… Няхай Марыя заўсёды трымае вас за руку. Пойдзем разам! Шчаслівага святкавання ўрачыстасці Маці Божай з гары Кармэль! Няхай Марыя сцеражэ і чувае над усімі нашымі супольнасцямі і над кожным з нас: свецкімі, манахінямі і братамі. Над усёй вялікай сям’ёй Тэрэзіянскага Кармэлю.
Няхай Бог вам благаслаўляе!
Рым, 16 ліпеня 2022 года
Мігель Маркес Ка́лье OCD,
Генеральны настаяцель
[1] Кайрас (грэц. — спрыяльны момант) — у старажытных грэкаў бог шчаслівага моманту, удачы, спрыяльнага збегу абставінаў; Кайрас звяртае ўвагу чалавека на той спрыяльны момант, калі трэба дзейнічаць, каб дабіцца поспеху. Ідэя кайрасу была нанова інтэрпрэтавана хрысціянскім багаслоўем.
[2] Пар. 3 Ян 1, 4: «Для мяне няма большай радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе»; пар. таксама Лк 1, 4: «каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны».
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave