З нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння ў парафіі Божага Цела ў Мінску, якой апякуюцца кармэліты босыя, адбыліся калядныя мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел розныя парафіяльныя групы.
24 снежня ў вігілію Божага Нараджэння ўпершыню была арганізавана вігілійная сустрэча для адзінокіх асоб, а таксама для тых, хто не меў сёлета з кім перажыць вігілійны вечар. Прысутныя пасля чытання Евангелля і малітвы падзяліліся аплаткай, праспявалі калядкі і правялі вячэру ў сямейнай атмасферы. Дапамаглі ў правядзенні гэтай сустрэчы Легіянеры Марыі.
26 снежня ў свята Святой Сям'і ўпершыню ў новым будынку кляштара дзеці прадставілі ўвазе парафіянаў калядную батлейку, у якой чарговы раз наблізілі прысутным духоўны змест Божага Нараджэння. Пасля спеву калядак адбыўся конкурс талентаў, на якім маладыя парафіяне прадэманстравалі свае здольнасці ў розных музычных, гімнастычных, танцавальных і мастацкіх галінах. На заканчэнне ўсе дзеці і моладзь атрымалі салодкія падарункі ад св. Мікалая.
31 снежня а 23.00 гадзіне ў парафіяльнай капліцы Маці Божай Шкаплернай адбылася св. Імша, якую, ужо па добрай традыцыі, узначаліў Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерах у гаміліі адзначыў факт хуткай прамінальнасці часу і заахвоціў давяраць сваё жыццё Божаму Провіду. Пасля св. Імшы адбылося набажэнства перапрашэння і падзякі за 2021 год. Апоўначы біскуп удзяліў ўсім прысутным благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на Новы 2022 год Пана. Пасля адбыўся працяг святкавання ў новым кляштары, дзе парафіяне падрыхтавалі пачастунак. Усе прысутныя ў святочнай атмасферы спявалі калядкі, а таксама дзяліліся ўражаннямі з ўласнага жыцця, дзякуючы Богу за дар супольнасці Касцёла і Новага года.