ЛІСТ АЙЦА ГЕНЕРАЛА
з нагоды 400-годдзя кананізацыі
святой Тэрэзы ад Езуса
12 сакавіка 1622 г. – 12 сакавіка 2022 г.
Дарагія браты і сёстры!
У гэтым годзе адзначаецца асаблівая гадавіна — 400 гадоў з дня кананізацыі Маці Тэрэзы. Увесь тэрэзіянскі Кармэль яднаецца ва ўдзячнасці, успамінаючы той дзень, 12 сакавіка 1622 года, і робім мы гэта разам з усім Касцёлам, дзякуючы за дар святасці Тэрэзы і благаслаўлёных, якія былі кананізаваны разам з ёю. Перш чым перайсці да тэмы святасці Тэрэзы, выкажам пашану чатыром яе таварышам па кананізацыі. У кожным з іх мы чуем Божае слова, менавіта цяпер сказанае і актуальнае ў наш час. Гэта свайго роду люстэрка, у якое можна паглядзець на сябе і ўслухацца ў Божую сучаснасць, каб з даверам святых адпраўляцца ў будучыню:
Святы Ізыдор Мадрыдскі (Земляроб) — гэта простая праца, якая робіць шляхетным звычайнае жыццё, пераўтвараючы пустыні паўсядзённасці ва ўрадлівую глебу, праз веру і любоў, якая не ганарыцца. Таксама і Тэрэза была Божаю асобаю, якая цвёрда ступала па зямлі свайго часу.
Святы Ігнацый Лаёла — гэта гісторыя жыцця, пазначаная такою ранаю, якая змяняе жыццё і становіцца шляхам да сустрэчы і адважнага выкліку: дзеля большай хвалы Божай. Гэта распазнаванне, якое дапамагае выбіраць і рэалізаваць праўду. У Тэрэзе ўсё — адкрытая рана любові, і ўсё ў ёй вучыць нас распазнаваць сапраўдную любоў да Бога.
Святы Францішак Ксавэрый — калі любоў жывая і палае ўнутры, то тады няма бар’ераў ні дыстанцыі, ні мовы, якія перашкаджалі б нам данесці праўду пра Езуса, які ўсміхаецца[1], ажно да краю зямлі. Місія без межаў. У Тэрэзы місіянерская душа адважнай заваёўніцы ўласных ўнутраных святліц, ажно да самай галоўнай святліцы, у якой прабывае Жаніх, Хрыстус. Гэты запал заахвочвае яе да ажыццяўлення місіі паўсюднай еднасці, таксама без межаў.
Святы Філіп Нэры — праз яго мы пазналі гумар Бога, які скача і танцуе ад радасці. Божая ўсмешка, якая стала творчасцю і гульнёю, заразліваю радасцю, заахвочваючы нас быць добрымі, калі толькі можам. Тэрэза падзяляе такую радасць, здаровы гумар і святочны настрой Божых дзяцей.
Памятаю словы, якія Папа Францішак скіраваў да нас на аўдыенцыі 11 верасня 2021 года, дзе гаварыў пра гумар, як фундаментальную рысу святасці: «Радасць павінна паходзіць знутры — тая радасць, якая ёсць спакоем, праяваю сяброўства. Чарговая рэч, на якую я ўказаў у адгартацыі аб святасці: пачуццё гумару. Прашу вас, не губляйце пачуцця гумару»[2].
Узгадаўшы некалькі важных рысаў гэтых чатырох святых, якія адзначаюць юбілей кананізацыі разам з нашай святой, пяройдзем з сыноўняй любоўю да тэмы Тэрэзы, нашай Маці, каб падзякаваць Богу за святасць яе жыцця.
Пачынаючы з 4 кастрычніка 1582 года, калі ў Альба-дэ-Тормес Маці Тэрэза закрыла вочы на гэты свет, слава пра яе святасць не пераставала расці. Яе творы, упершыню апублікаваныя ў 1588 годзе, распаўсюджваліся і перакладаліся на розныя мовы. Праз дзевяць гадоў пасля яе смерці, у кастрычніку 1591 года, дыяцэзія Саламанкі адкрыла працэсы па збору інфармацыі пра яе жыццё, цноты і цуды. У 1595 годзе нунцый Яго Святасці па просьбе караля Філіпа II ініцыяваў гэтыя працэсы ў многіх іншых месцах, з новымі сведчаннямі. Жаданне ўбачыць Тэрэзу ад Езуса на алтарах станавілася аднадушным ва ўсё большай колькасці людзей. Так што яна хутка завалодала сэрцамі многіх хрысціянаў, захопленых цудамі, якія здзейсніў Бог у яе жыцці.
Сутыкнуўшыся з лавінаю просьбаў, скіраваных ў Апостальскую Сталіцу незлічонаю колькасцю асобаў і ўстановаў, Кангрэгацыя абрадаў правяла неабходныя працэдуры, кульмінацыяй якіх у 1614 годзе стала беатыфікацыя Маці Тэрэзы папам Паўлам V. Амаль праз восем гадоў, 12 сакавіка 1622 года, роўна чатырыста год таму, папа Грыгорый XV кананізаваў яе булай «Omnipotens sermo Dei». Тэрэза ад Езуса была ўрачыста абвешчана святою разам з Ізыдорам Мадрыдскім, Ігнацыем Лаёлам, Францішкам Ксавэрыем і Філіпам Нэры.
Прайшло чатыры стагоддзі, але і сёння нас дасягае, як агонь сярод попелу гісторыі, бездакорнае сведчанне жанчыны, якая зведала дотык Бога ў самых глыбінях душы. Яе словы, свежыя, як у першы дзень, перапоўненыя радасцю, усё яшчэ заклікаюць нас: «Паглядзіце, што Ён учыніў мне!»[3]. І, як вучыць Папа Францішак, «наколькі кожны хрысціянін асвячаецца, настолькі становіцца больш карысным для ўсяго свету»[4].
Кожны юбілей узнаўляе ў памяці жывыя падзеі, тую крыніцу, з якой пастаянна б’е струмень: спрадвечнае святкаванне і танец у сэрцы Бога. Памяць аб мінулым сёння становіцца дзівоснаю і эфектыўнаю. Менавіта такая Тэрэза ад Езуса — жывы досвед Бога, які праходзіць праз нашае жыццё, распальваючы ў нас веру ў Яго руплівую прысутнасць.
Ёсць у ёй заўсёды нешта правакацыйнае, што наводзіць на разважанне; нешта такое, што адначасова натхняе і ставіць пытанні. Уласцівая ёй здольнасць выклікаць сімпатыю, яе пачуццё гумару, яе зухаватасць, яе інтэлект, яе глыбіня духу, яе неверагодная здольнасць перадаць словамі тое, як яна бачыць Бога вачыма сваёй душы, і выказваць гэта з яснасцю і прастатою таго, хто, не ўхіляючыся, дазваляе ахопліваць і пранікаць яго міласэрнаму Слову Божаму, прымаючы гэты выклік.
Што прыходзіць нам на розум, калі адзначаем чатырохсотгоддзе кананізацыі нашай Тэрэзы? Што мы хочам яшчэ раз перажыць або, лепш, з чаго хочам пачаць? З ёю заўсёды ўсё пачынаецца: заўсёды пачынаем пазнаваць шлях і вучымся ісці па ім так, як яна хацела: «Каб вы ведалі гэта так, як павінны ведаць, — гэта значыць, як адціснутае ўнутры вас»[5].
Стрыжань святасці: сапраўдны Жаніх
Першае, што прыносіць нам Тэрэза, — нагадвае пра крыніцу святасці. Усялякае дабро паходзіць ад адзінага дабра — Бога, які чыніць нас добрымі. На гэтым грунтуецца стрыжань святасці кожнага, таксама і Тэрэзы, і яна выдатна ўсведамляе, што «гэты сапраўдны Жаніх ніколі яе не пакідае, Ён пастаянна з ёю, дае ёй жыццё і існаванне»[6]. У гэтым уся справа. Майстэрства прымаць любоў і падпарадкоўвацца ёй, аддавацца таму, пра каго «мы ведаем, што Ён нас любіць»[7], як кажа Тэрэза, даючы азначэнне малітвы. У гэтым сутнасць святасці.
Тэрэза не перастае нагадваць нам аб гэтым. Піша пра гэта ў «Кнізе жыцця» («Сам Пан здзяйсняе гэта (...), а мы — амаль нічога»[8]) і ва ўсіх сваіх творах. Паўтарае гэта ў «Духоўных справаздачах», дзе ўкладае ў вусны Бога таямніцу адносна стрыжня святасці: «Няхай ніхто не думае, што можа жыць у святле ўласнымі сіламі, гэтаксама як не мог бы пазбегнуць надыходу ночы, бо ласка — гэта Мая справа (...). Сапраўдная пакора для душы заключаецца ў пазнанні таго, што можа яна, і таго, што магу Я»[9].
Святасць Тэрэзы, тая самая, да якой усе мы пакліканы, — гэта прыгода, якую мы можам перажываць, пачынаючы з таго моманту, калі ўсвядомім, што ўнутрана мы не пустыя[10], ажно да моманту, калі адкрываем, што з’яўляемся месцам прабывання Святой Тройцы, і ўчыняем сваім той тэрэзіянскі досвед, у якім Тэрэза апавядае, што ёй дадзена было зразумець, «як адным цэлым з’яўляюцца тры Асобы Найсвяцейшай Тройцы, вобраз якіх выгравіраваны ў маёй душы»[11]. Шлях святасці выкоўвае ў нас святло еднасці.
Усведамляючы ўсё гэта, Тэрэза рэлятывізуе меркаванні аб яе святасці: «Часам я засмучалася, слухаючы такую лухту. Бо чула, што гавораць: яна святая, — але ў гэтым няма ні галавы, ні ног[12]. Смяюцца, калі кажу ім, каб пашукалі іншую, бо для іх гэта нічога не значыць, толькі б пагаварыць»[13]. Тэрэза смяецца над сабою, а таксама над тымі, хто кананізуе яе ўжо пры жыцці.
Шлях святасці: вочы скіраваныя на Яго
Тэрэзіянская прыгода святасці мае імя: мастаком, майстрам па мастацкай разьбе з’яўляецца Хрыстус — не шукайце іншага шляху ні на вяршынях кантэмпляцыі, ні на вышынях тэалогіі, ні сярод бруду вуліц, ні ў святынях з іх цішынёю і прыгожаю літургіяй. Аддзяліць сябе ад Хрыста-чалавека, адысці ад Яго жыцця, дзеля таго каб стаць духоўным чалавекам, — гэта значыць згубіць дарогу. «Сам Пан кажа, што Ён — дарога; Ён кажа таксама, што Ён — святло, і што ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Яго (пар. Ян 14, 6)»[14]. «Не верце таму, хто будзе гаварыць нешта іншае»[15].
Святасць — гэта еднасць з Хрыстом, гэта новае жыццё, бо «для мяне жыццё — гэта Хрыстус» (Флп 1, 21а). Гэта тая панарама, якую адкрывае Тэрэза, пачынаючы з «Кнігі жыцця» — новага жыцця — да «Унутранага замка»: жыццё для мяне — гэта Хрыстус. Бо, як гаварыў айцец Томас Альварэс, святыя мы толькі ў любові, якая існуе паміж Ім і намі.
Аддаленне ад Езуса і ад Ягонага жыцця — гэта аддаленне ад святасці. Тэрэза ў гэтым радыкальная: «Усялякая шкода навальваецца на нас ад таго, што нашыя вочы не скіраваны на Цябе»[16], бо з гэтага моманту жыццё становіцца няясным, і «мы блукаем, нібы птушка, якая кружыць навокал і не мае дзе прысесці; трацім на гэта шмат часу, але не дасягаем ні поспехаў у цнотах, ні развіцця ў малітве»[17], занядбоўваючы тое жыццё, якога на самай справе прагнем.
Канкрэтыка святасці: тэрэзіянскі рэалізм
Адной з самых натхняльных рэчаў у Тэрэзе з’яўляецца яе рэалізм, таму што гэта робіць святасць шляхам, які сапраўды можна здзейсніць. Яе святасць — не нешта эфірнае, незямное; яе словы датыкаюцца да зямлі, каб узняцца ў вышыні: «Сцвярджаю, што неабходна больш цвёрдасці душы для таго, каб (калі хтосьці не дасканалы) ісці шляхам дасканаласці, чым для таго, каб раптам стаць мучанікам. Бо дасканаласць не дасягаецца за кароткі час»[18]. Тэрэза паказала неабходнасць трываласці ў штодзёным жыцці.
«Не думайце, што гэта не будзе вам нічога каштаваць, і што застаецца толькі адшукаць у сабе гатовае»[19]. Гэты шлях выклікае захапленне, гэта не звычайны шлях. Адкрываць, як і дзе мы будзем патрэбныя, каб не тырчаць у пасрэднасці, — менавіта гэта захапляе ў тэрэзіянскай святасці. Адсюль яе радыкалізм: «Не закладайце свой фундамент толькі на чытанні малітваў і кантэмпляцыі, бо калі не набываеце цнотаў, а толькі практыкуеце іх, то назаўсёды застанецеся карлікамі»[20].
Святасць — гэта супрацьлегласць павярхоўнасці, гаворка тут ідзе не пра нейкую абраднасць. Моцна прываблівае святасць Тэрэзы з яе характэрным патроху, якая не ўхіляецца ад выкліку: усё або нічога; з яе абсалютнаю рашучасцю, безумоўнай адданасцю і вытрываласцю, якая не здаецца, нягледзячы на няўдачы і падзенні, і якая дазваляе дапамагчы ёй і падняць, каб жыць у праўдзе і «каб справы былі згодныя з дэкларацыямі і словамі»[21].
Звязаныя з міласэрнасцю Бога:
«Няхай валадарыць Ён, а я буду яго нявольніцай»
Існуе такое тэрэзіянскае прагненне, праз якое можна даць азначэнне святасці і якое паказвае нам магчымы шлях узрастання ў ёй сёння, падчас святкавання гэтага чатырохсотгоддзя, у гэты асаблівы час, у які Бог паклікаў нас да жыцця. Тэрэза хацела быць звязанаю з Богам і жыць, прыцягнутаю Ягонаю міласэрнасцю: «Нават калі б я хацела адлучыцца ад гэтага сяброўства і гэтай еднасці, то няхай мая воля, о Пане майго жыцця, будзе прымушана да таго, каб не аддалялася ад Тваёй»[22]. Міласэрнасць — гэта дом, у якім жыве Тэрэза, адзінае месца, дзе яна адчувае сябе ў бяспецы.
Услед за Тэрэзай мы хочам жыць так, каб быць звязанымі з міласэрнасцю Бога, па-тэрэзіянску клапоцячыся аб тым, каб быць хрысціянамі. Пра гэта Тэрэза па-майстэрску прыгожа піша ў апошнім з заклікаў душы да Бога, які мы павінны ведаць на памяць: «Няхай жыве ўва мне большы, чым я, і лепшы для мяне, чым я, каб я магла служыць Яму. Няхай жыве Ён і ажыўляе мяне! Няхай валадарыць Ён, а я буду Яго нявольніцай; іншай свабоды не хоча мая душа»[23]. Быць свабоднымі ад іншых повязяў у служэнні міласэрнасці, каб займацца малітвай, каб «быць слугамі любові».
Нам трэба звязаць сябе з міласэрнасцю, аддаючы нашыя сэрцы, падтрымліваючы адзін аднаго і прымаючы чалавечае пасрэдніцтва як вузел, які дадае сілы, неабходныя для таго, каб успрымаць нават дрэнныя падзеі, як добрыя. З гэтай сувязі паўстае супольнасць, як характэрны знак хрысціянскай святасці, як тэрэзіянская спецыфіка і як сведчанне для свету: «Старайцеся быць даступнымі (...), каб яны палюбілі вашу адкрытасць у размовах з імі і захацелі вашага стылю жыцця і стылю наладжвання адносін, і не адчувалі ні жаху, ні баязлівасці з-за цнотаў (...). Гэта вельмі важнае ўказанне: чым больш святы, тым больш адкрыты ў размовах»[24]. Святасць праяўляецца ў добрых паводзінах, у клопаце аб іншых, у такіх адносінах, пры якіх прымаюцца і ўхваляюцца адрозненні і ў кожным «іншым» чалавеку будуецца табернакулюм, у якім Бог хоча быць распазнавальным. Міласэрнасць — гэта дазвол на тое, каб хтосьці мог клапаціцца пра мяне і каб я мог клапаціцца пра іншага: любоў да Бога і да бліжняга сведчаць адна аб адной і пацвярджаюць адна адну[25].
Святасць нашай Маці Тэрэзы вядзе нас па сінадальным шляху, які прапанаваны нам у гэты час Касцёлам, так што Марфа і Марыя ідуць разам[26]. Яна пакідае перад намі ясныя сляды братэрства і адвагі, а таксама пэўны кірунак: «будзем жа прагнуць малітвы, клапаціцца аб малітве» і крочыць тым шляхам, якім ішоў Езус: «Няхай вочы вашыя будуць скіраваны на Яго, і няхай не баяцца ні таго, што Сонца Справядлівасці зойдзе, ні таго, што Ён нас пакіне і нам давядзецца ісці сярод ночы і блукаць, калі толькі мы першымі не пакінем Яго»[27].
Ад імя маіх братоў і сясцёр, рассеяных па ўсім свеце, дзякую Табе, Пане Міласэрнасці, за Тэрэзу, нашу Маці. Дзякую за дар яе святога жыцця для свету, для Касцёла і для ўсяго Кармэля, а таксама за тое, што яе прысутнасць і сёння з’яўляецца святлом, сілаю і ласкаю ў жыцці кожнага кармэліта і кожнай кармэліткі. Дзякую за тое, што нам пастаянна перадаецца яе навучанне, яе досвед і яе словы, якія заклікаюць нас быць святымі, прысвячаць сваё жыццё, быць непахіснымі ў рашэнні «рызыкнуць жыццём», давяраць Табе і кожны дзень, ажно да апошняга ўздыху, звяртацца да Цябе яе словамі: «Я — Твая, я нарадзілася для Цябе, што хочаш, каб я рабіла?».
Айцец Мігель Маркес Ка́лье OCD,
Генеральны настаяцель кармэлітаў босых
Рым, 12 сакавіка 2022 г.
[1] У сямейнай капліцы замку Хаўер (Іспанія), якім у XVI ст. валодаў бацька святога, захоўваецца дубовы крыж з фігураю Хрыста, які ўсміхаецца. Паводле традыцыі, на фігуры выступіў крывавы пот падчас канання Францішка Ксавэрыя на Далёкім Усходзе.
[2] Зварот Святога Айца Францішка да ўдзельнікаў Генеральнага Капітула Ордэна Кармэлітаў Босых 11 верасня 2021 года (гл. https://karmel.by).
[3] Св. Тэрэза ад Езуса. «Кніга жыцця», 19, 15; пар. Быц 39, 19; Лк 1, 49.
[4] Папа Францішак. Апостальская адгартацыя «Gaudete et exsultate», 33.
[5] Св. Тэрэза ад Езуса. «Шлях дасканаласці. Першая рэдакцыя: рукапіс з Эль Эскарыяль», 10, 1.
[6] Св. Тэрэза ад Езуса. «Унутраны замак», ІІ, 1, 4.
[7] Св. Тэрэза ад Езуса. «Кніга жыцця», 8, 5.
[8] Тамсама, 21, 11.
[9] Св. Тэрэза ад Езуса. «Духоўныя справаздачы», 28.
[10] Пар. Св. Тэрэза ад Езуса. «Шлях дасканаласці», 28, 10.
[11] Св. Тэрэза ад Езуса. «Духоўныя справаздачы», 47.
[12] Лац. nec caput, nec pedes; пар. Тит Ливий. «История Рима от основания Города», кн. 50: «Римляне посылают, чтобы примирить Никомеда и (этого) Прусия, трёх послов, из которых у одного вся голова была в шрамах, у другого больные ноги, а третий слаб умом; Катон сказал, что у такого посольства нет ни головы, ни ног, ни духа».
[13] Св. Тэрэза ад Езуса. Ліст да а. Грацыяна (Малагон, канец снежня 1579 г.).
[14] Св. Тэрэза ад Езуса. «Унутраны замак», VІ, 7, 6.
[15] Тамсама, VІ, 7, 5.
[16] Св. Тэрэза ад Езуса. «Шлях дасканаласці», 16, 11.
[17] Св. Тэрэза ад Езуса. «Унутраны замак», VІ, 7, 15.
[18] Св. Тэрэза ад Езуса. «Кніга жыцця», 31, 17.
[19] Св. Тэрэза ад Езуса. «Унутраны замак», V, 3, 12.
[20] Тамсама, VІІ, 4, 9.
[21] Тамсама, VІІ, 4, 7.
[22] Св. Тэрэза ад Езуса. «Уласцівасці Божай любові», 3, 15.
[23] Св. Тэрэза ад Езуса. «Заклікі душы да Бога», 17, 3.
[24] Св. Тэрэза ад Езуса. «Шлях дасканаласці», 41, 7.
[25] Пар. Апостальская адгартацыя Папы Францішка «Gaudete et exsultate», н. 143–146.
[26] Пар. Св. Тэрэза ад Езуса. «Унутраны замак», VІІ, 4, 12.
[27] Св. Тэрэза ад Езуса. «Кніга жыцця», 35, 14.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave