Ліст да ўсяго Ордэна з нагоды ўрачыстасці

СВЯТОГА ЯНА АД КРЫЖА

14 снежня 2021 года

Прывітанне і словы ўдзячнасці

Дарагія браты і сёстры вялікай сям’і тэрэзіянскага Кармэлю,

з вялікай радасцю звяртаюся да Вас у гэтыя асаблівыя дні Адвэнту, на шляху ў Бэтлеем, у чаканні Жыцця, якое развіваецца ва ўлонні Марыі, у сэрцы гісторыі нашых дзён і ў кожным з нас. У актаву ўрачыстасці святога Яна ад Крыжа хацелася б разам з Вамі паразважаць над двума аспектамі: перадусім я хацеў бы падзяліцца з Вамі тым, што перажываю ў гэтыя першыя месяцы як Генерал Ордэна, і прадставіць Вам некаторыя пункты, якія асвятляюць мой і, спадзяюся, Ваш шлях; акрамя таго, падзяліцца з Вамі думкамі пра некаторыя ключы да жыцця нашага святога айца ў сінадальнай перспектыве. Гэта толькі некалькі заўваг, якія, спадзяюся, заахвоцяць нас крочыць за Касцёлам у гэты гістарычны момант.

На шляху

Мінула тры месяцы пасля нашага Генеральнага капітула, які быў часам рэфлексіі і братэрскай сустрэчы, адкрытай на дзеянне Духа Святога. Капітул заўсёды нагадвае і падкрэслівае неабходнасць дзейнасці ў камуніі, у супрацоўніцтве, у служэнні Ордэну і Касцёлу. Дзякую айцу Саверыо за яго клопат, адданасць справе і мудрасць у яго служэнні Генеральнага настаяцеля, як старэйшага брата; дзякую за працу і актыўнасць усяму кіраўніцтву Ордэна, правінцыяльным і мясцовым настаяцелям, а таксама кляштарам сясцёр, федэрацыям, таварыствам і ра́дам, манахіням і Свецкаму Ордэну. Дзякую ўсім Вам за самаадданасць і трываласць ў бескарыслівым служэнні дзеля агульнага дабра.

Пасля першых хвілін адаптацыі, навучання і знаёмства, пачатковы страх, выкліканы пачуццём няздатнасці да выканання даручанага мне задання, паступова саступае месца даверу, які дазваляе, каб яго вялі і настаўлялі. «Рабі, што можаш, даверся Мне»[1], — сказаў Пан святой Тэрэзе. Гэтыя словы сталі натхненнем для маіх першых крокаў.

Гэтым словам, якія заахвочваюць аддаць першынство Пану, у першыя месяцы майго служэння Генеральным настаяцелем (разам з дэфінітарамі і братамі з курыі) спадарожнічала глыбокае перакананне ў сіле камуніі ўсяго Ордэна. Гэта ставіць мяне перад неабходнасцю, якую я разглядаю як праект на бліжэйшыя гады: досвед жывога Бога адзінаю сям’ёю; перажыванне Эўхарыстыі, дбаючы пра свядомасць еднасці ў разнастайнасці; намаганне ахоўваць атрыманы бясцэнны дар, якім перадусім з’яўляецца супольнае пакліканне — скарб, каштоўнасць якога бясцэнная.

Чатыры словы на цяперашні час, які абавязвае

Ёсць чатыры словы, якія заселі (палаюць) у маёй душы ў ходзе гэтых першых хвілін шляху, на якім даручаю сябе Вам, каб Вы дапамагалі мне змяняць яго пры нагодзе і крочыць у іх святле, у подыху Духа Святога, рука ў руцэ з Марыяй і Юзафам. Прапаную іх Вам як рэфлексію, якае асвятляе цяперашні момант нашага жыцця і жыцця нашых супольнасцяў:

  • Немагчыма
  • Magnificat
  • Плённасць бягучага моманту
  • Паслухмяны зыход (exodus)

1. У многіх выпадках ці акалічнасцях шлях становіцца немагчымым, як быццам мы маем справу з Галіяфам, які ва ўсім нас пераўзыходзіць. Спакусаю было б здацца і адысці ў бок; на нас навальваецца расчараванне і роспач, і адначасова экзістэнцыяльнае, псіхічнае і фізічнае знясіленне, якое, аднак, не ў стане згасіць полымя, якое палае ўнутры, нібы «іскра», што нагадвае нам: не мы ўсё гэта ініцыявалі, гэта было і ёсць прагненнем і мараю Бога. Сярод столькіх змаганняў у кожным з нас гучыць унутраны голас: «Паколькі гэта немагчыма для цябе, то менавіта таму магчыма для Мяне»; «Будзь пакорным. Прасі дапамогі, не здавайся». Мы адпачываем толькі ў надзейнасці гэтага голасу: «Гэта Я, не бойся». Немагчыма — гэта прывілеяваная тэрыторыя досведу Бога, Кармэлю. Самае лепшае ў нашай гісторыі адбылося пры «немагчымых» акалічнасцях. Я гавару Вам гэта з вялікай упэўненасцю, заахвочваючы Вас нанова адкрыць тую моц, якая нараджаецца, калі нашыя сілы і ўяўленне перастаюць дзейнічаць і толькі давер вяртае нас да сапраўднага дынамізму першынства Бога.

2. Magnificat Марыі з’яўляецца нашай школай жыцця на гэты час. Марыя — гэта заўсёды гарант плённасці ў самыя цяжкія хвіліны. Песня Марыі аб’яўляе праўду Бога ў часы цемры. У сэрцы Марыі, убогім і пакорным, можна ўбачыць самую бясспрэчную праўду ў гісторыі — перамогу Бога, Ягонае збаўленне сярод ўсіх катастроф і несправядлівасці. Свабоднае і пакорнае сэрца дзяўчыны з Назарэта, даступнае і адкрытае на праходжанне Бога, беспрэцэдэнтным чынам змяняе гісторыю чалавецтва. Магутным не даюць апошняга слова. Пакорныя нанава пішуць гісторыю збаўлення. Што сёння з’яўляецца Магніфікатам Кармэлю? Якую песню мы чуем у глыбінях нашай крохкасці і маласці? Я маю на ўвазе тое, чаго не можа суцішыць ні ніякая няўдача, ні адкрытая рана. Заахвочваю Вас перажыць гэты час, як Magnificat, услухоўваючыся ў прагненне Бога адносна нашай зраненай зямлі.

3. Нашыя містыкі заўсёды ўсхвалялі Божую вернасць у бягучы момант. Ніколі не сумняваліся яны ў плённасці Духа Святога, які нараджае жыццё тут і цяпер, нават калі здавалася, што яно зруйнавана. Дух, як добра ведалі нашы айцы, здольны вызначыць шлях у пустыні і зрабіць так, што зраненыя становяцца сапраўднымі лекарамі для сваіх часоў. Святыя Кармэлю з’яўляюцца настаўнікамі хрысціянскай вытрываласці, стойкасці, сёння можна сказаць: яны занава ствараюць знішчанае жыццё і нанова ўкладваюць — «насуперак усялякай надзеі» — у яслі жыцця мары Бога, тое, што пачуў і ў што паверыў святы Юзаф у самую неспакойную ноч свайго жыцця.

4. У многіх частках свету мы з’яўляемся сведкамі прымусовага зыходу (exodusu). Свет шукае свайго дому, свайго агменю. Мы жывем у перыяд пераходу ў абяцаную зямлю. Некаторыя гавораць, што мы рухаемся ў напрамку знішчэння планеты або канца часоў: прарокі няшчасця з’яўляюцца ў самыя канвульсіўныя часы ў гісторыі... але з’яўляюцца таксама вялікія святыя. Гэта праўда, што наша зямля хворая целам і душой. Але ўяўнае заканчэнне — гэта заўсёды час «раптоўнага пачатку». Таксама і мы, кармэліты — айцы, браты, сёстры і свецкія — жывем у час паслухмянага зыходу. Мы не выключаны з гэтага моманту гісторыі, нават калі часта трымаемся за бяспеку «Егіпта», «спакой» таго, што ўжо вядома. Гэты час не для таго, каб адчуваць сябе камфортна: у Тэрэзы заўсёды быў час для таго, каб быць у дарозе. Не рызыкуючы адважна сказаць «так», мы не народзім жывога і годнага даверу Кармэлю будучыні. Давайце не будзем абараняць будынкі, не будзем абараняць сябе, але давайце абараняць жывы досвед: у веры, надзеі і любові. Да якога паслухмянага зыходу мы сёння пакліканы як супольнасць і як кармэліты?

Ян ад Крыжа ў сінадальным ключы

  • Ціхая любоў
  • Педагогіка святога Яна
  • Сяброўства з некаторымі жанчынамі і свецкімі
  • Першынство Духа Святога

14 снежня мы адзначаем 430-ю гадавіну смерці святога Яна ад Крыжа: таго моманту пераходу, калі разарвалася заслона сустрэчы і аб’явілася таямніца любові, якую ён перажываў у ночы гэтага жыцця. Усё нашае жыццё скіравана да гэтага вырашальнага моманту. І ўсё, што мы робім і чым жывем, будзе агорнута святлом менавіта той хвіліны, якую перажыў Ян ад Крыжа неўзабаве пасля таго, як пачуў званы́ касцёла Збаўцы, якія склікалі на Ютрань. Аднойчы мы таксама пачуем звон званоў, якія паклічуць нас да канчатковага нараджэння. Усё нашае жыццё — гэта Адвэнт, які носіць ва ўлонні сапраўднае жыццё. Калі думаеш пра Яна ад Крыжа, значэнне нашага жыцця становіцца ўсё больш ясным.

У гэтыя дні я думаю пра шлях, па якім ідзе Касцёл, запрашаючы нас да сінадальнасці, да працэсу ўзаемнага слухання, сумеснай адказнасці і адкрытасці на новае, для таго каб даць магчымасць асвяціць яго і ацаніць. «Мы вядзем дыялог, для таго каб зразумець, а не пераконваць», — сказаў Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй прамове ў якасці Папы Рымскага 21 снежня 2012 года.

Ціхая любоў і любячая ўвага

У самым цэнтры сваёй гісторыі Ян ад Крыжа ўслухоўваўся ў красамоўную цішыню Бога. Жыццёвыя нягоды (галодная пілігрымка ў дзяцінстве, зняволенне ў Таледа і ссылка ў Ла Пеньюэлу ў апошнія месяцы жыцця) сфарміравалі з яго ўважлівага слухача ціхай любові Бога, у цяжкасцях і ў ночы. Ян ад Крыжа вучыцца ціхай любові і любячай увазе, дазваляючы Богу раніць яго і весці «ў цяністыя зараснікі дрымучых лясоў»[2]. Ён пранікаецца праўдаю пра рэчы, пэўныя асобы і Бога, [бо] надзелены тою моваю, якую найбольш выслухоўвае Бог: ціхая любоў. Галоўнаю рысаю сапраўднай сінадальнасці з’яўляецца ўнутраная пастава любові як прынцып інтэрпрэтацыі жыцця, зыходзячы з эмпатыі саўдзелу, якая адкрывае Бога ў Яго маўчанні — у глыбіні сябе і кожнага чалавека. Ян ад Крыжа — той, хто адкрывае пярліны ў начах і на сметніках свету.

Метад святога Яна

Бывала, што калі хто-небудзь чытаў уголас нейкія радкі, Ян ад Крыжа прасіў паўтарыць іх, каб вывучыць на памяць; потым ён каментаваў гэтыя радкі, якіх навучыўся ад іншых. Аднойчы ён спытаў брата Францішка: «Браце, хто такі Бог?». І брат адказаў: «Бог — той, кім Ён хоча быць». Гэты адказ даў магчымасць брату Яну на працягу некалькіх дзён каментаваць гэтае вельмі арыгінальнае азначэнне абсалютнай свабоды Бога, які робіць тое, што хоча, дзеля нашага дабра. Добра вядома таксама пытанне, якое ён задаў Францішцы ад Маці Божай: «Сястра, чым ты займаешся гэтыя дні на малітве?». Яна адказала: «Я гляджу на прыгажосць Бога і цешуся, што яна ў Яго ёсць». З гэтага дыялогу нарадзіліся пяць апошніх строф «Духоўнай песні», у прыватнасці, верш 36 пра прыгажосць Бога. Гэты вельмі сардэчны стыль навучання сёння можна было б акрэсліць як «сінадальны», гэта значыць, здольны выкарыстоўваць дыялогі, збіраючы ўсё, чаму вучышся для навучання іншых, каб у выніку выкарыстання гэтага спосабу ўсе браты станавіліся цалкам кампетэнтнымі ў такім стылі навучання. Няхай наш святы айцец Ян ад Крыжа ўчыніць і нас, сваіх дзяцей, сапраўднымі экспертамі ў гэтым!

Сяброўства з некаторымі жанчынамі

Ян ад Крыжа падтрымліваў вельмі прыгожыя сяброўскія адносіны з некаторымі жанчынамі, з якімі ён пазнаёміўся на працягу свайго жыцця. Ён меў здольнасць слухаць жанчын і ўступаць з імі ў глыбокі дыялог, разумеючы іх і разумеючы сябе падчас слухання, пачынаючы ад Тэрэзы ад Езуса, Ганны ад Езуса і кармэлітак з Беаса або Гранады. Гэтаксама было і са свецкімі жанчынамі, такімі як Хуана дэ Педраса і Ана дэ Пеньялоса. У тыя часы гэта не было ні звычайным, ні тым больш не лічылася дасканалымі паводзінамі, але ён, падобна да Езуса, умеў падысці і выслухаць тое, што жанчыны могуць унесці ў яго жыццё, і нават ў яго творы. Ян ад Крыжа засвойваў тэрэзіянскі стыль, праходзячы свой асабісты навіцыят у кармэлітак ў Вальядалідзе, дазваляючы весці і настаўляць яго праз жыццё гэтых жанчын. Думаю, што такая ўнутраная пастава з’яўляецца першым крокам, які робіць магчымым стварэнне розных адносін паміж людзьмі, паміж братамі і манахінямі. У такім узаемным слуханні, калі харызма праяўляецца ў сінадальнасці сумеснага досведу манахінь, братоў і свецкіх асобаў, Ордэну прапануецца прайсці шлях, у стылі Яна ад Крыжа. «Толькі гэтая ўзаемнасць і ўсведамленне каштоўнасці рознай уражлівасці, мужчынскай і жаночай, можа прывесці да разумення, якое робіць нас годнымі даверу»[3].

Не валодаць.

Дух Святы — цэнтральная дзеючая асоба на шляху праўды

У кнізе «Жывое полымя любові» святы Ян ад Крыжа заахвочвае духоўных кіраўнікоў да разумення таго, што яны проста пасрэднікі паміж асобаю і Духам Святым: заклікае іх слухаць, а не меркаваць пра сябе, што яны «валодаюць», каб яны былі хутчэй прадстаўнікамі і прыёмнікамі сігналаў, а не перадатчыкамі і кіраўнікамі[4]. У некалькіх тэкстах святы праяўляе такую суровасць адносна такіх [духоўных кіраўнікоў], якія перашкаджаюць дзеянню Духа і становяцца цэнтральнымі дзеючымі асобамі падарожжа тых, каму яны спадарожнічаюць. Такая ўнутраная пастава — адзін з найбольш аўтэнтычных укладаў Кармэлю ў гэты шлях сінадальнасці, які прапануе нам Касцёл: нашая здольнасць слухаць кожнага чалавека і паважаць рытм і прагненне Духа, Яго дзеянне ва ўсіх, без маніпуляцый, без навязвання нашых жаданняў і спадзяванняў.

Гэтыя чатыры пярліны з’яўляюцца прыкладам сінадальнага багацця Яна ад Крыжа, які запрашае нас крочыць з Касцёлам у глыбокай камуніі, не замыкаючыся ў сабе, не занядбоўваючы домам і садам, якія даў нам Бог (кантэмпляцыя, місія і братэрскае жыццё), каля ўваходу ў пячору (як Ілля), у аголенасці і ўбостве слухаючы, што Дух кажа Касцёлу і Кармэлю, свету і кожнаму з нас. Не бойцеся слухаць праўду пра тое, што кожнага роду ўбоства ці прыніжэнне вядзе да самога сябе. На працягу некалькіх наступных гадоў перад Ордэнам ляжыць каштоўны шлях глыбокага слухання. Запрашаю ўсіх Вас — свецкіх, манахінь, братоў — перажыць гэты момант пад знакам СЛУХАННЯ і АДВАГІ, падтрымліваючы адзін аднаго і клапоцячыся адзін пра аднаго, каб у пакоры і рашучасці служыць Пану. Пойдзем усе разам, з пілігрымуючай унутранай паставай «Магніфікату» Марыі і поўнай любові бравадай «Духоўнай песні» Яна ад Крыжа!

Жадаю ўсім благаслаўлёнага святкавання ўрачыстасці святога Яна ад Крыжа.

Добрага перажывання Адвэнту.

Айцец Мігель Маркес Ка́лье OCD,

Генеральны настаяцель

 

[1] Св. Тэрэза ад Езуса. «Духоўныя справаздачы», 1, 3.

[2] Св. Ян ад Крыжа. «Духоўная песня», 36.

[3] Manes, R. Melodia ciszy. Zaskakująca postać Józefa z Nazaretu. Mediolan, 2021, с. 66.

[4] Пар. Св. Ян ад Крыжа. «Жывое полымя любові», 3, 46.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

Ліст Генерала кармэлітаў босых з нагоды ўрачыстасці  св. Яна ад Крыжа

17/12/21

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave