15/07/2021

Ліст Генеральнага настаяцеля кармэлітаў босых да Свецкага кармэліцкага ордэна

 

 

 

"Браты, я (…) сягаю да таго, што наперадзе. Паводле мэты імкнуся да ўзнагароды высокага паклікання Божага ў Хрысце Езусе"  (Флп 3, 13–14)

 

Дарагія Браты і Сёстры са Свецкага Ордэна!

 

Мы знаходзімся ў канцы шасцігадовага перыяду 2015–2021 гг., які быў адзначаны радасцямі, хваляваннямі і вялікай надзеяй. Таму, у чаканні бліжэйшага Генеральнага капітулу, мне хацелася б падзякаваць Пану за ўсё тое, што Ён дазволіў нам перажыць і рэалізаваць, а таксама падзякаваць кожнаму і кожнай з Вас за тое, што падтрымлівалі нас сваімі малітвамі і братэрскай салідарнасцю. Прагну выказаць таксама ў гэтым лісце пачуццё сардэчнай і напоўненай малітваю блізкасці да тых, хто хварэе, і тых, хто з-за пандэміі страціў членаў сям’і, братоў і сяброў або пакутуе з-за сітуацыі, выкліканай ёю: няхай Пан падтрымае Вас сваёю ласкаю і вернай любоўю.

                                 

1. На працягу гэтых шасці гадоў у лістах, скіраваных да Вас, я стараўся звярнуць увагу на некаторыя элементы, якія лічу істотнымі для членаў OCDS. Дазволю сабе нагадаць тут некаторыя з іх, для таго каб захаваць іх у памяці і не ўпасці ў характэрную для нашага часу хваробу — «распад памяці»[1].

Ліст да членаў OCDS за 2016 год уяўляў сабою справаздачу адносна прапановаў, якія былі прадстаўлены рознымі Правінцыямі і зрабілі ўнёсак у разважанні падчас Генеральнага капітулу 2015 года. У іх гаварылася пра неабходнасць (ці адсутнасць такой неабходнасці) стварэння міжнароднай Рады OCDS, пра паглыбленне фармацыі адносна харызмы Тэрэзіянскага Кармэля, пра ўзмацненне зносін паміж братамі, манашкамі і OCDS. Гэтыя прапановы ўсё яшчэ актуальныя і застаюцца заданнем на будучыню.
У 2017 годзе мы гаварылі пра місію свецкіх кармэлітаў у розных яе формах. Місіянерская дзейнасць — гэта частка паклікання да OCDS, але перадусім — права і абавязак кожнага чалавека, якому ўдзелены сакрамэнты хросту і канфірмацыі. Мы адчуваем неабходнасць больш шырокага і актыўнага супрацоўніцтва нашых свецкіх у місіі Касцёла, перажыванай у камуніі з братамі і манашкамі Ордэна там, дзе гэта магчыма. Кожны паводле свайго асаблівага паклікання закліканы прапагандаваць духоўнае жыццё як сяброўства з Панам, што павінна адлюстроўвацца ў канкрэтных дзеяннях на карысць іншых.
У 2018 годзе я засяродзіўся на некаторых аспектах ідэнтычнасці членаў OCDS, у прыватнасці, на неабходнасці практыкаваць малітву і маўчанне, клапоцячыся пра ўласны ўнутраны свет, дзе прабывае Пан,[2] і пераадольваючы спакусу павярхоўнасці, з-за якой чалавек застаецца пустым і бясплодным і вымушаны падпарадкоўвацца таму, што абумоўліваецца светам. У наступным годзе я падкрэсліў ролю Рады ў мясцовых і правінцыяльных супольнасцях — менавіта ў іх праяўляецца жыццяздольнасць супольнасцяў і правінцый, калі гаворка ідзе пра клопат аб братэрстве, фармацыі і місіянерскім сведчанні.
З таго, што я заўважыў у гэты час пандэміі, многія правінцыяльныя Рады працягвалі праводзіць анлайн кангрэсы, фармацыйныя і малітоўныя сустрэчы, якія, нягледзячы на абмежаванні, аказаліся вельмі важнымі ў справе падтрымкі членаў супольнасцяў і іх [духоўнага] суправаджэння.

Нарэшце, у лісце за 2020 год я нагадаў пра 50-ю гадавіну абвяшчэння святой Маці Тэрэзы доктарам Касцёла і пра 20-ю гадавіну II Міжнароднага кангрэса OCDS, пра некаторыя плады якога я ўзгадаў і вызначыў заданні, якія належыць выканаць у некаторых правінцыях. Гэта быў год, адзначаны распаўсюджваннем пандэміі Covid-19. Выпрабаванне, якое мы ўсё яшчэ перажываем, прымушае нас глыбока ўсвядоміць нашу мізэрнасць і слабасць. Давайце перажываць гэта як каштоўную нагоду для таго, каб навучыцца трываць перад Богам бясконцай любові ў пакорнай і даверлівай надзеі, з упэўненасцю, што «навекі Яго міласэрнасць » (Пс 136 [135]).

2. Што датычыць агульнай сітуацыі ў свецкім Ордэне, то прывяду некаторыя статыстычныя дадзеныя (актуальны стан на 6 мая 2021 г.). Агульная колькасць членаў з абяцаннямі (часовымі і канчатковымі) складае 28 824, яны прысутныя ў 92 краінах. Кананічна зацверджаных (эрыгаваных) супольнасцяў OCDS — 775, да іх трэба дадаць яшчэ супольнасці або групы, якія знаходзяцца на стадыі фарміравання, — 341; на працягу гэтага шасці-гадовага перыяду кананічна зацверджана (эрыгавана) 97 супольнасцяў. Гэта важныя дадзеныя, якія гавораць не толькі пра колькаснае ўзрастанне OCDS, але і, перадусім, пра яго жыццяздольнасць і працавітасць.

3. Хацелася б таксама звярнуць увагу на некаторую асцярогу і замяшанне адносна пэўных пазіцый, якія то тут, то там з’яўляюцца ў некаторых членаў OCDS. Перш за ўсё, прысутнасць палярызацыі і радыкалізацыі. Здаецца, некаторыя рысы нашага свету, адзначаныя папам Францішкам, такія як партыкулярызм, папулізм і фундаменталізм, праніклі і да нас. Гэта цягне за сабой тое, што «разгараюцца спрадвечныя канфлікты, якія лічыліся пераадоленымі. Адраджаецца блізарукі, экстрэмісцкі, помслівы і агрэсіўны нацыяналізм»[3]. Такі нацыяналізм з’яўляецца прыкметаю эгаістычнага індывідуалізму, які стаіць за праяўленнямі запалу адносна пэўных форм фальшывай артадоксіі. У прыватнасці, гэта праяўляецца ў падтрымцы тых людзей Касцёла, якія выказваюць спрэчныя меркаванні, бо яны не цалкам згодныя з рашэннямі Другога Ватыканскага Сабору, а прывязаныя да той мадэлі Касцёла, якая стала канчаткова састарэлай. На жаль, такая пазіцыя падтрымкі стварае канфлікты і непатрэбныя падзелы і становіцца антысведчаннем, якое супярэчаць жаданню Езуса, каб вучні Ягоныя жылі ў адзінстве любові і ў праўдзе (пар. Ян 15, 17; 17, 23). Яшчэ святая Маці Тэрэза папярэджвала нас аб небяспецы «неразважлівага запалу»[4], які наносіць вялікую шкоду супольнасцям і астуджае ў іх любоў. Сёння мы пакліканы будаваць супольнасці, якія паказваюць свету клопат добрага самараніна, адзначаюцца бескарыслівасцю[5], далікатнасцю[6], сустрэчай[7]. Сапраўдныя братэрскія адносіны маюць на сабе адбітак павагі і такіх унутраных паставаў, якія праяўляюцца ў імкненні «набліжацца, выказваць сваё меркаванне, слухаць, глядзець, пазнаваць і разумець адзін аднаго, знаходзіць агульную мову — усё гэта змяшчаецца ў выразе „весці дыялог“»[8].

Іншая праблема заключаецца ў неналежным карыстанні сацыяльнымі сеткамі, калі яны выкарыстоўваюцца для распаўсюджвання зняважлівай крытыкі і фальшывых звестак, якія датычаць Настаўніцкага Інстытуту (Касцёла ці біскупаў), або якія шкодзяць добраму імені іншых асобаў. Варта задумацца: ці тыя, хто паводзіць сябе такім чынам, сапраўды з’яўляюцца часткай Ордэна і ці на самай справе яны з’яўляюцца дзецьмі святой Маці Тэрэзы? Будзем жа мудра выкарыстоўваць гэтыя сродкі і старацца з іх дапамогай будаваць масты. Калі ёсць неабходнасць у дыскусіі, то давайце рабіць гэта дзеля таго, каб шукаць праўду, ніколі не губляючы павагі і любові, а таксама пастаяннага клопату пра «захаванне еднасці духа ў саюзе спакою» (Эф 4, 3).

Узнікаюць таксама апасенні адносна тэндэнцыі, якая існуе ў некаторых кругах і заключаецца ў вяртанні да пэўнай формы клерыкалізму або пасіўнага падпарадкавання свецкіх з OCDS. Адносіны, якія мы хочам будаваць паміж OCDS і манахамі, заключаюцца ў супрацоўніцтве і ўзаемнай павазе да прававой аўтаноміі. Што датычыць OCDS, то нагадаю: свецкі Ордэн карыстаецца аўтаноміяй у кіраванні, у фармацыі і ў арганізацыі сваёй дзейнасці, паводле дакументаў, зацверджаных адпаведнымі ўладамі. Мы не можам вяртацца ў мінулае, бо гэта азначала б закрыцца для таго, чаго Дух Святы чакае ад нас сёння. Мы пакліканы ісці разам (synodos), як народ Божы, які пілігрымуе ў гісторыі, прызнаючы, што дапаўняем адзін аднаго ў нашым пакліканні і ў служэнні адзінай харызме, і ведаючы, што Ваша свецкае пакліканне прадугледжвае прысвячэнне сябе будаванню Валадарства ў свеце[9].

4. На заканчэнне хацелася б пакінуць Вам некалькі пунктаў для разважання, каб вы маглі з дынамічнай вернасцю працягваць Ваш шлях у супрацоўніцтве з іншымі галінамі Ордэна і сям’і Тэрэзіянскага Кармэля. Бо ўсе мы пакліканы «быць місіяй» у свеце, які змяняецца і які пакутуе, знаходзячы сілы ў адносінах сяброўства з Панам. Гэта стане магчымым тады, калі Вы будзеце перажываць свае ўнутраныя мучэнні, шукаючы святло ў веры, якая не выпускае з-пад увагі Божую вернасць на працягу ўсёй гісторыі. У гэтым сэнсе «вернік — гэта „той, хто захоўвае памяць“»[10]. Мы знаходзімся ў лічбавым асяродзі, так што наш унутраны свет заўсёды аказваецца залітым хвалямі інфармацыі і вобразаў, якія не належаць нам і затрымліваюць нас на паверхні рэчаў і справаў. Таму нам трэба тэрмінова знайсці настрой духа, прадпісаны нашым Статутам, і асабліва патрэбна разважанне над Божым словам, якое вучыць нас захоўваць памяць і падтрымліваць жывую надзею, пастаянна аднаўляючы запавет з Богам у Хрысце.

Такім быў досвед святых Тэрэзы ад Езуса і Яна ад Крыжа: яны былі паглыбленыя ў сучасныя ім праблемы Касцёла і Ордэна, але іх сэрцы цалкам знаходзіліся ў Нябеснай Айчыне. Падобна да іх, мы таксама ў поўных пакоры і даверу адносінах з Панам павінны шукаць святла і сілы для працы ў служэнні Касцёлу і Ордэну. І гэтаксама як яны, мы павінны крочыць і працаваць разам. Тэрэза шукала саюзнікаў сярод манахаў і свецкіх, якія дапамаглі ёй у рэалізацыі справы заснавання кляштараў згодна з харызмай, якую яна атрымала. У гэтым сэнсе важна, каб кожны член Ордэна ведаў, што ён нясе адказнасць за тую частку Касцёла, да якой належыць, а таксама за актыўнае і сталае будаванне сваёй кармэліцкай супольнасці.

Для гэтага патрэбна адкрытасць на слуханне і падпарадкаванне фармацыі. Гаворка ідзе перадусім пра фармацыю да тэалагальнага жыцця, да канкрэтнай веры, якая адкрываецца на надзею і дзейнасць «праз любоў» (Гал 5, 6), — такой веры, якую мелі Марыя і Юзаф, сканцэнтраванай на Слове Бога і ўважлівай да штодзённых патрэб Яго ўцелаўлення. Неад’емнай часткай гэтай фармацыі з’яўляецца вывучэнне і засваенне твораў нашых святых з пункту гледжання свецкага паклікання.

Няхай святло, якое праменіць ад Укрыжаванага Уваскрослага, асвячае Вашае жыццё і Вашыя сэрцы, каб Вы ў поўні маглі перажываць Вашае пакліканне і Вашую місію ў Касцёле і ў сучасным свеце. Няхай асаблівым чынам падтрымлівае Вас заступніцтва Марыі, Маці Касцёла, і святога Юзафа, Яе Абранніка, апекуна ўсяго Касцёла і «шчодрага Апекуна» нашага Ордэна.

Няхай Пан благаславіць і сцеражэ Вашыя сем’і і Вашыя супольнасці!

З братэрскім прывітаннем,

а. Саверыо Каністра́ OCD,

Генеральны настаяцель

Рым, 24 мая 2021 г., у свята Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла

 

 


[1] Пар. Папа Францішак. Энцыкліка Fratelli tutti (аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве), 13-14.

[2] Пар. Св. Тэрэза ад Езуса. «Шлях дасканаласці», 28, 8-10.

[3] Пар. Fratelli tutti, 11.

[4] Пар. Св. Тереза Авильская. «Внутренний замок». Обитель первая, 2, 17.

[5] Пар. Fratelli tutti, 139.

[6] Пар. Fratelli tutti, 194.

[7] Пар. тамсама, 215.

[8] Пар. тамсама, 198.

[9] Пар. ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 31; Ян Павел ІІ. Паслясінадальная апостальская адгартацыя Christifideles laici (аб пакліканні
і місіі свецкіх у Касцёле і ў свеце), 15.

[10] Пар. Папа Францішак. Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium («Радасць Евангелля»), 13.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave