21/12/22

Ліст да Свецкага Ордэна Кармэлітаў Босых

ГЕНЕРАЛЬНАЯ КУРЫЯ КАРМЭЛІТАЎ БОСЫХ

CORSO D’ITALIA, 38

00198 ROMA – ITALIA

Рым, 18 снежня 2022 г.

 

Дарагія браты і сёстры са Свецкага Ордэна Кармэлітаў Босых
дэлегаты і асістэнты супольнасцяў OCDS!

 

Вялікая радасць мець магчымасць прывітаць вас у гэты час Адвэнту, калі мы рыхтуемся да святкавання Нараджэння Пана. А пачынаючы з кастрычніка 2021 года ўсе мы перажываем час рэфлексіі, у якім Касцёл запрашае нас да супольнага крочання наперад у духу сінадальнасці. Гэты перыяд закончыцца 16-ым Звычайным сходам Сіноду Біскупаў у кастрычніку 2023 года.

У апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium папа Францішак паказвае Касцёл, які «вырушае ў дарогу» (н. 24), Касцёл місійны і евангелізуючы. Зададзім сабе пытанне: як мы можам быць Касцёлам, які вырушае ў дарогу ў нашай кармэліцкай рэчаіснасці? Як мы можам быць місіянерамі і евангелізатарамі ў нашай рэчаіснасці і ў наш час?

Наша рэфлексія, асабістая і ў супольнасцях, дапамагае нам «даследаваць знакі часу і інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля» (Gaudium et spes, н. 4). Што кажа нам Бог сярод таго, што адбываецца ў свеце і ў нашым уласным жыцці? Як мы можам быць сведкамі Божай любові ў нашым свеце і нагадваць пра яе ў свеце, згаладалым па глыбокім духоўным досведзе? Як мы можам крочыць разам,
у камуніі з цэлым Касцёлам і са светам? Адказ на гэтыя пытанні можна даць толькі тады, калі мы будзем уводзіць у жыццё неабходныя элементы сінадальнасці, якімі з’яўляюцца малітва, чытанне Святога Пісання, слуханне адно аднаго, дыялог і распазнаванне ў супольнасці.

Пачатак Ордэна Кармэлітаў быў сінадальным. Варта заўважыць, што яго заснавальнікам з’яўляецца не нейкая асоба, а супольнасць. Святы Альберт Ерузалемскі звяртаецца да брата Б. і да іншых братоў на гары Кармэль, гаворачы: «вы жадаеце ад нас, каб мы згодна з вашым ідэалам [літар. з вашым супольным замерам] акрэслілі для вас форму жыцця, якой вы павінны былі б прытрымлівацца ў будучым» (Першапачатковы статут, 3). Наш супольны замер (г.зн. дасягненне еднасці з Богам, братэрскае жыццё, любоў і служэнне Касцёлу) яднае нас і запрашае да крочання разам з Езусам, а таксама з нашымі братамі і сёстрамі. Святая Тэрэза гаворыць: «Пойдзем разам, Пане» (Шлях дасканаласці, рэд. з Вальядалід, 26, 6). Езус заўсёды прысутны і Ён крочыць перад намі, Ён з’яўляецца цэнтрам нашых супольнасцяў (Канстытуцыя, н. 10; 24а).

Браты, манахіні і свецкія — усе мы ўдзельнічаем у той самай харызме, перажываючы яе «згодна са сваім асабістым станам жыцця» (К 1), не ў адасобленасці, а ў камуніі і супрацоўніцтве адны з другімі. У нашым крочанні з Езусам, а таксама з братамі і сёстрамі мы маем цудоўных спадарожнікаў, такіх як Найсвяцейшая Панна Марыя (К 4), святы Юзаф (К 31), прарок Ілля (К 5), святая Тэрэза ад Езуса (К 7), святы Ян ад Крыжа (К 8) і іншыя. Дазволім жа, каб нас навучалі тыя, на долю якіх выпаў глыбокі духоўны досвед і якія крочылі разам у камуніі з Богам і іншымі. Будзем старацца і далей уносіць свой уклад у гэтую сінадальную рэфлексію, так, як напраўляе нас Дух Святы, і будзем старацца быць «святлом» (Мц 5, 14) адзін для аднаго.

У гэтым крочанні разам наш Ордэн Кармэлітаў Босых запрашае нас распачаць падрыхтоўку да святкавання 150-й гадавіны з дня нараджэння святой Тэрэзы з Лізьё, а таксама стагоддзя яе беатыфікацыі (2023 г.) і кананізацыі (2025 г.).
З гэтаю мэтаю падрыхтаваны фармацыйныя матэрыялы, якія будуць паступова публікавацца на інтэрнет-старонцы Ордэна: www.carmelitaniscalzi.com . Даступны ўжо першыя даведнікі для чытання [твораў святой Тэрэзы]. Давайце возьмем удзел [у гэтай падрыхтоўцы] і дазволім Тэрэзе з Лізьё дапамагчы нам у нашай рэфлексіі, асабістай і ў супольнасцях.

Заахвочваю вас таксама прачытаць пасланне, якое наш Генеральны настаяцель айцец Мігель Маркес Ка́лье OCD скіраваў да ўсяго Ордэна з нагоды ўрачыстасці святога Яна ад Крыжа. Гэты Ліст таксама можна знайсці на згаданай інтэрнет-старонцы Ордэна. У гэты першы год [служэння] як Генеральны дэлегат па справах Свецкага Ордэна я меў шмат нагодаў перажываць выключныя моманты з многімі з вас. Вялікай радасцю для мяне з’яўляецца ўсведамленне таго, што ва ўсіх месцах, у якіх мы былі разам, я сустракаў свецкіх кармэлітаў, актыўных, радасных і дынамічных, якія любяць сваё пакліканне да любові і служэння ў Касцёле. Шмат ад каго чуў, што гаварылі: «Калі я стаў свецкім кармэлітам, гэта змяніла маё жыццё». І магу вам сказаць, што, стаўшы свецкімі кармэлітамі, вы змяняеце таксама жыццё ў сваім бліжэйшым акружэнні і ў свеце, таму што тыя, хто жыве ў еднасці (паміж сабою) і ў камуніі з Богам, прадстаўляюць Яго паўсюль, дзе знаходзяцца.

Раздзел ІІІ-А Канстытуцыі OCDS мае загаловак «Сведкі асабістага досведу Бога». Сведка — гэта той, хто асабіста нешта перажыў, хто ведае гэта па ўласным вопыце. Будзем жа працягваць нашу супольную вандроўку, перажываючы на ўласным вопыце Божую любоў і міласэрнасць так, каб мы маглі быць у свеце праўдзівымі сведкамі Бога. Прапаную вам два пытанні для рэфлексіі. Мы запрошаныя «ісці разам» са ўсімі членамі Касцёла і з усім светам. Таму: Як мы крочым разам у Свецкім Ордэне Босага Кармэлю? А таксама: Што свецкі кармэліт можа сёння сказаць Касцёлу і свету? Хачу падзякаваць усім дэлегатам і духоўным асістэнтам, якія спадарожнічаюць супольнасцям Свецкага Кармэлю. Мэтаю духоўнага асісціравання, як гэта акрэслівае дакумент, выдадзены братамі кармэлітамі босымі «Пастырскае асісціраванне адносна Свецкага Ордэна Кармэлітаў Босых», з’яўляецца «прапагандаванне еднасці з Касцёлам і Ордэнам Кармэлітаў Босых праз сведчанне і сумесны ўдзел у духоўнасці Кармэлю, супрацоўніцтва ў пачатковай і пастаяннай фармацыі OCDS, заўважальнае звонку праяўленне ўзаемных адносін паміж манахамі і свецкімі» (арт. 3.3). Хачу, каб вы ведалі, што ўсе мы ў Ордэне вельмі ўдзячныя вам за вашу адданасць. Дзякуем Богу за кожнага з вас і высока цэнім вашу прысутнасць у нашым жыцці.

Дзякую таксама кармэліткам босым, якія супрацоўнічаюць з супольнасцямі Свецкага Кармэлю і якія дазваляюць ім сустакацца ў сваіх кляштарах. Як я бачыў, існуюць адносіны сапраўднага братэрства і супрацоўніцтва, у якіх праяўляецца братэрская любоў і прысутнасць Езуса.

Дзякую за вашу шчодрасць, якую ўсе мы вельмі высока цэнім усім сэрцам.

Працягваем наш супольны шлях да святаў Нараджэння Пана. Не будзем баяцца, Пан блізка: «Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды» (Ян 1, 14). Езус жыве ў нас і ў свеце і ніколі нас не пакіне.

Жадаю вам, каб гэты час Адвэнту дапамог вам узрастаць у вашым сяброўстве з Езусам, і хачу, каб у гэтыя святы Нараджэння Пана напоўнілі вашыя сэрцы спакой і любоў Бога, і каб далі вам сілы крочыць за Ім, любіць Яго ў кожны дзень вашага жыцця.

Заставаймася заўсёды з’яднаныя ў малітве.

З братэрскім прывітаннем


а. Раміра Касале OCD,
Генеральны дэлегат па справах OCDS

 

Выкарыстаныя крыніцы:

1. Папа Францішак Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium (Радасць Евангелля).

2. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя Gaudium et spes (пра Касцёл у сучасным свеце).

3. Першапачатковы статут Братоў Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, дадзены
св. Альбертам, патрыярхам Ерузалемскім, і зацверджаны папам Інакенціем IV.

4. Св. Тэрэза ад Езуса. Шлях дасканаласці; рэд. з Вальядалід.

5. Канстытуцыя Свецкага Ордэна Кармэлітаў Босых.

6. Asystencja Pastoralna względem Świeckiego Zakonu Karmelitów Bosych.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave