02/10/23

ЛІСТ ДА СВЕЦКАГА ОРДЭНА КАРМЭЛІТАЎ БОСЫХ
ДВАЦЦАЦЬ ГАДОЎ ЛАСКІ

Генеральны настаяцель кармэлітаў босых
Corso d’Italia, 38 00198 Roma – Italia

 

ЛІСТ ДА СВЕЦКАГА ОРДЭНА КАРМЭЛІТАЎ БОСЫХ

ДВАЦЦАЦЬ ГАДОЎ ЛАСКІ

 

Дарагія браты і сёстры свецкага Кармэлю: СУПАКОЙ ВАМ і НАДЗЕЯ!

Я вельмі рады зноў звярнуцца да ўсіх вас, браты і сёстры свецкага Кармэлю ва ўсім свеце, — да сям’і, якая знаходзіцца ў дарозе, якая слухае голас Пана ў гэты момант нашай гісторыі. Ліст, які я скіроўваю да вас, звязаны з падзеяй: прайшло дваццаць гадоў з моманту зацвярджэння Канстытуцыі OCDS, якая з’яўляецца чымсці большым, чым проста заканадаўчы і арганізацыйны тэкст,  — у ёй змешчаны праект запавету, які пастаянна абнаўляецца і актуалізуецца.

З моманту ўзнікнення на Святой Зямлі, Кармэль засвоіў духоўнасць, якая грунтуецца на духу прарока Іллі, суправаджэнні Дзевы Марыі і паслухмянасці Езусу Хрысту. Сэрцам кармэліцкай харызмы з’яўляецца малітва і кантэмпляцыя, якая пражываецца ў камуніі, г. зн. у супольнасці. Гэтая духоўнасць натхняла пакаленні мужчын і жанчын у многіх частках свету; яна давала ім матывацыю, паказвала шлях да святасці, які вядзе праз пошукі еднасці з Богам.

Але менавіта геніальнасць і вопыт святой Тэрэзы ад Езуса, а таксама першага босага кармэліта, святога Яна ад Крыжа сфарміравалі тоеснасць і харызму, якія, укаранёныя ў старажытным ствале Кармэлю, вызначаюць і натхняюць жыццё свецкіх кармэлітаў босых сёння. І мы ведаем, што скарб духоўнасці і багацце шляху Тэрэзы і Яна прызначаны не толькі для манахаў і манахінь, братоў і сясцёр, але ў прынцыпе правакуюць на досвед Бога і на шлях супольнай малітвы, на чым грунтуецца таксама прыгажосць паклікання свецкіх у супольнасці.

Харызма манаскай сям’і вызначаецца не толькі бачаннем яе заснавальнікаў і не вычэрпваецца гэтым; яна пастаянна ўзбагачаецца і актуалізуецца на падставе вопыту новых сыноў і дачок, якія, чэрпаючы з вопыту заснавальнікаў і праяўляючы творчую вернасць, без сляпога пераймання сёння дазваляюць Духу асвяціць іх, каб, адчуваючы гэтую свежасць, жыць тым запалам, рызыкай і ласкаю, якія натхнялі заснавальнікаў. Сёння нам вельмі патрэбна слухаць адзін аднаго: свецкіх, манахінь і братоў, каб наша харызма стала яшчэ больш жывой і ажыўляла нашую тоеснасць у дадзены момант нашай гісторыі. Не будзем баяцца слухаць адзін аднаго!

Тэрэзіянская і кармэліцкая духоўнасць узбагаціла жыццё Касцёла і дала яму вялікіх святых, якія з’яўляюцца сведкамі таго, што кожны хрысціянін можа жыць у глыбокім і поўным сяброўстве і еднасці з Богам. Другі Ватыканскі Сабор прызнаў, «што ўсе хрысціяне любога стану і прафесіі пакліканы да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові»[1]. Вы, свецкія кармэліты ва ўсім свеце, з’яўляецеся для мяне жывым сведчаннем гэтай харызмы, бо жывеце ў прысутнасці Бога і з’яўляецеся сведкамі Яго любові і міласэрнасці.

Сёння мы хочам узгадаць важную падзею ў нашай кармэліцкай сям’і. Дваццаць гадоў назад, 16 чэрвеня 2003 года, Кангрэгацыя (цяпер Дыкастэрыя) па справавах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця зацвердзіла тэкст Канстытуцыі Свецкага Ордэна, уважліва даследаваўшы яго, і абвясціла: «Няхай новы тэкст Канстытуцыі Свецкага Ордэна Кармэлітаў Босых стане для яго членаў сапраўды дзейсным сродкам для таго, каб яны ўсё больш умацовалі сваю кансэкрацыю, атрыманую падчас хросту, у канкрэтных сітуацыях сямейнага, сацыяльнага, грамадскага і эклезіяльнага жыцця» (пар. Дэкрэт, Пратакол 228, 1-2003). Гэтым дэкрэтам святая Маці Касцёл прызнае, што пакліканне да свецкага Кармэля сапраўды з’яўляецца шляхам да святасці.

Канстытуцыя Свецкага Ордэна, у якой вызначаны галоўныя элементы гэтага паклікання, дапамагае свецкім кармэлітам ва ўсёй паўнаце зразумець сваё пакліканне да любові і служэння ў Касцёле і ў свеце і жыць ім. Канстытуцыя падзелена на сем частак:

1. Ідэнтычнасць, каштоўнасці і дзейнасць.

2. Наследаванне Езуса ў тэрэзіянскім Свецкім Кармэлі.

3. Сведкі асабістага досведу Бога і братэрская еднасць і лучнасць.

4. Служэнне Божаму плану.

5. З Марыяй, Маці Езуса.

6. Фармацыя ў школе Кармэлю.

7. Арганізацыя і ўлада.

І. Ідэнтычнасць, каштоўнасці і дзейнасць

Свецкія кармэліты знаходзяць сваю тоеснасць у тэрэзіянскай і кармэліцкай духоўнасці. Гэта сродак, дзякуючы якому, яны могуць жыць сваім пакліканнем да святасці ў свеце, — «яны сыны і дочкі Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль і святой Тэрэзы ад Езуса»[2]. Гэтая тоеснасць спадарожнічае ім ва ўсіх сферах жыцця, дапамагае прытрымліваццца хрысціянскай і кармэліцкай перспектывы. Свецкія кармэліты чэрпаюць натхненне, перш за ўсё, з жыцця і прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі, святога Юзафа, святой Тэрэзы ад Езуса, святога Ян ад Крыжа і прарока Іллі, і яны пакліканы да еднасці з Богам і сваімі братамі і сёстрамі. Кожны свецкі кармэліт, складаючы абяцанні, абавязваецца жыць у малітве, камуніі, рэалізоўваць служэнне ў Ордэне, Касцёле і свеце, зыходзячы з уласнай кармэліцкай тоеснасці.

У сваёй кнізе “Welcome to the Secular Order of Discalced Carmelites” («Сардэчна запрашаем у Свецкі Ордэн Кармэлітаў Босых») айцец Алаізіус Дзіні OCD сцвярджае, што «важным аспектам такой актыўнасці з’яўляюцца намаганні на карысць супольнасці. Асоба, якая хоча быць членам OCDS, павінна умець ствараць супольнасць, належаць да групы з агульнай мэтай, праяўляць інтарэс да іншых членаў, падтрымліваць у пошуках малітоўнага жыцця і ўмець прымаць такую падтрымку ад іншых» (2009, 17).

Гэтая тоеснасць і гэтыя каштоўнасці з’яўляюцца дынамічнай, жывой спадчынай, якая з кожным днём паглыбляецца і адкрываецца нанова. Аўтар кнігі звяртаецца да вобразу палаючага агню і жывой крыніцы — той, хто не гарыць у гэтым полымі і не п’е штодзённа з гэтай крыніцы, здраджвае спадчыне. Вернасць праяўляецца сёння, цяпер, тут. У любові нельга жыць з даходаў, а ўся памяць пра былое любові змяшчаецца ў цяперашняй любові (любіць цяпер).

IІ. Наследаванне Езуса ў тэрэзіянскім Свецкім Кармэлі

Запрашэнне Езуса заўсёды актуальнае: «Прыходзь і ідзі за Мною» (пар. Лк 18, 22; Мц 16, 24; Мк 1, 17; Лк 9, 23). Для свецкіх кармэлітаў «Хрыстус з’яўляецца цэнтрам жыцця і хрысціянскага досведу. Члены Свецкага Ордэна пакліканы кіравацца ў сваім жыцці патрабаваннямі, якія выплываюць з наследавання Хрыста ў лучнасці з Ім, прымаючы Яго вучэнне і цалкам аддаючы сябе Яму»[3]. Паглыбляць любоў да Езуса, слухаць Яго словы, кожны дзень узрастаць у блізкіх адносінах з Ім і прыстасоўвацца да Яго жаданняў і волі, з кожным днём прагнучы пазнаваць Езуса ўсё больш і больш, як умілаваны вучань, і слухаць біццё Ягонага сэрца. Свецкія кармэліты хочуць дзяліцца сваім досведам Бога з усімі, сведчыць пра Езуса жывога і ўваскрослага, які здольны перамяніць жыццё тых, хто давярае Яму, хто дазваляе, каб Ён глядзеў на іх і любіў іх.

III. Сведкі асабістага досведу Бога і братэрская еднасць і лучнасць

Мы ўсе пакліканы «ісці па ўсім свеце і абвяшчаць Евангелле» (пар. Мк 16, 15). Езус пасылае нас абвяшчаць, што «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16); што ёсць надзея; што ў нас ёсць Бог, які суправаджае нас і так моцна палюбіў нас, што ў паўнаце часу «паслаў Сына свайго» (Гал 4, 4). Мы павінны пазбавіцца боязі гаварыць пра тое, што даў нам Бог. Першыя вучні не закончылі вышэйшых навучальных устаноў — яны наведвалі школу блізкіх адносін з Езусам, перажылі Пасху і дазволілі аднавіць іх разам з Марыяй у досведзе Пяцідзясятніцы. Кожны стаў, са сваімі дарамі і абмежаваннямі, прыладай абвяшчэння Езуса ўсяму свету.

Але перш чым выйсці ў свет, каб абвяшчаць, што гэтая любоў перамяняе і аздараўляе, будзем акунацца ў асабісты досвед, каб быць сведкамі Божай любові, якая дадзена нам праз ласку, і абвяшчаць яе свету адважна і проста, хутчэй сваім жыццём, а не словамі, але таксама цішынёй, кантэмпляцыяй і (Божым) словам. Неабходна развіваць малітоўнае жыццё і клапаціцца аб ім — знаходзіць «час, прызначаны для прабыванне з Богам і ўмацавання сувязі з Ім, каб быць праўдзівым сведкам Ягонай прысутнасці ў свеце»[4]. Праз малітву, кантэмпляцыю, братэрства і апостальскую дзейнасць свецкія кармэліты даюць сведчанне свайго сяброўства з Езусам Хрыстом і праяўляюць сваю галоўную місію — быць сапраўднаю супольнасцю: малітоўнаю, пілігрымуючаю і місійнаю; «мясцовая супольнасць Свецкага Ордэна тэрэзіянскага Кармэлю, бачны знак Касцёла і Ордэна, з’яўляецца асяродкам перажывання і папулярызацыі асабістай і супольнаснай сувязі з Богам ў Хрысце і ў Духу Святым, а таксама з іншымі братамі і сёстрамі (пар. Рым 8, 29)»[5].

Будзем памятаць, што нашай галоўнай місіяй і апостальствам з’яўляецца жывы досвед таго, што нам дадзена. Недастаткова слоў і прамоваў. Мноства сустрэч з бясконцымі бясплённымі і часта ідэалагічнымі размовамі або дыскусіямі, занятыя пасады, замест пакорнай адкрытасці на слуханне Божай волі, у lectio divina, якое пачынаецца маўчаннем, жыццём і шукае праўды, без самаабароны. Кармэль — гэта школа не пэўных ідэй ці закрытых дактрын, а школа досведу Бога і ўдзячнасці, крэатыўнасці і энтузіязму, якія паходзяць ад Святога Духа. Калі вядзецца дыялог перад Богам у пошуках праўды, без ідэалагічнай зацікаўленасці, з жаданнем зразумець, урэшце прыйдзеце да праўды. «Ідэі не навязваюць, ідэі прапануюць», — сказаў папа Ян Павел II[6]. Будзем развіваць дыялог без навязвання і не баяцца слухаць тое, што кажа сэрца; ствараць асяроддзе даверу, без маўчання, якое раніць, знаходзячы час для сапраўднага слухання і сумеснага маўчання.

IV. Служэнне Божаму плану

Пакліканне да свецкага Кармэлю мае місійнае вымярэнне. Жаданне падзяліцца сваім досведам з Ордэнам, Касцёлам і ўсім светам вынікае з яго сяброўства з Панам: «Пакліканне Свецкага Ордэна сапраўды эклезіяльнае»[7]. Па гэтай прычыне служэнне Касцёлу з’яўляецца асноўнай часткай яго паклікання. Святая Тэрэза ад Езуса заснавала ордэн босых кармэлітаў менавіта для таго, каб дапамагаць у будаванні Касцёла, пачынаючы з уласнай рэчаіснасці. Свецкія кармэліты надаюць асаблівую ўвагу служэнню ў мясцовай дыяцэзіі, дзе знаходзіцца іх супольнасць. Яе члены прапаведуюць еднасць з біскупам і вернікамі дыяцэзіі. Свецкі кармэліт нясе кармэліцкую харызму ўсюды, дзе прысутнічае.

У сваёй кнізе «Свецкі Ордэн Босых Кармэлітаў: Правілы, Канстытуцыя і каментарый» айцец Педра Субьета OCD падкрэслівае, што «свецкія вернікі, члены свецкага ордэна, абавязаны жыць евангельскай святасцю ў свеце, карыстаючыся сродкамі, уласцівымі свецкай асобе: сужэнская і сямейная любоў; выкарыстанне зямных дабротаў у евангельскім духу; адказнасць, уласцівая свецкаму чалавеку ў сям’і і грамадстве; прыняцце з даверам штодзённых жыццёвых выклікаў, няўдач і цяжкасцяў. Яны перамяняюць свет знутры, як добрая закваска ў евангельскай прыпавесці» (2003, 56-57).

Пачуццё прыналежнасці да свецкага ордэна і фармацыя даюць свецкім кармэлітам сілу і матывацыю трываць («determinada determinación») у малітве і апостальскім служэнні. Заахвочваю вас праяўляць творчы падыход у распаўсюджванні кармэліцкай духоўнасці. Мы можам супрацоўнічаць адзін з адным у многіх галінах і сферах, кожны са сваёй рэлігійнай або свецкай пазіцыяй, але робячы свой уклад. Не будзем баяцца ўзаемнага ўзбагачэння. Свецкія — не міністранты для манахаў, вы — сталыя носьбіты харызмы, кваліфікаваныя сведкі, пакорныя і паслухмяныя Святому Духу, але здольныя аднаўляць духоўнасць Кармэлю праз новыя ініцыятывы, без дзіцячай фанабэрыстасці, без нязграбнай самадастатковасці; усе мы тут і цяпер з’яўляемся носьбітамі харызмы, якая была дадзена ўсім нам, каб ззяла сваім ззяннем. Давайце дапамагаць адно аднаму, каб даваць ёй крылы, разам распазнаючы, што падказвае нам Святы Дух. Не бойцеся прапаноўваць і слухаць, рызыкаваць і разпазнаваць, што нележыла б палепшыць і развіць! Не будзем павучаць толькі саміх сябе!

V. З Марыяй, Маці Езуса

Кармэліцкаму ордэну з самага пачатку спадарожнічала любячая прысутнасць Марыі, шанаванай пад тытулам Дзевы з гары Кармэль. Ёй быў прысвечаны першы касцёл, пабудаваны ў Ордэне, афіцыйная назва якога: Босыя браты Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Панна Марыя спадарожнічае свецкім кармэлітам і «прысутнічае асаблівым чынам, перадусім, як узор вернасці ў слуханні Пана, а таксама ў служэнні Яму і іншым людзям»[8]. Таму пакліканне ў свецкі Кармэль немагчыма зразумець без прысутнасці Найсвяцейшай Панны Марыі. Яна — маці, якая абараняе і клапоціцца; настаўніца, якая вядзе, заахвочвае, выхоўвае; сястра і сяброўка, якая суправаджае і натхняе, паказваючы ўзор супольнасці. Марыя заўсёды прысутнічае ў любой жыццёвай сітуацыі.

Марыйнай іконай, якая з самага пачатку натхняла першых кармэлітаў, быў абраз Дзевы Наведвання, якая, несучы ва ўлонні таямніцу Бога, адпраўляецца ў дарогу, каб служыць сваёй сваячцы Альжбеце. Дасканалы вобраз для кантэмпляцыі. Свецкі кармэліт, падобна да Марыі, з’яўляецца чалавекам кантэмпляцыі, «пілігрымам веры», які, захоўваючы і разважаючы пра ўсё ў сваім сэрцы (пар. Лк 2, 19), дазваляе Богу асвяціць кожную падзею жыцця ў належны час, у належны момант. Таксама і мы сёння хочам адкрыць жывога Бога ў гісторыі, разам распазнаючы Яго шляхі і прыслухоўваючыся, як Марыя, да Яго жадання будаваць Божае Валадарства на зямлі. Заклікаю ўвесь свецкі Кармэль, у гэты момант гісторыі, нанава адкрыць прысутнасць Марыі ў нашым жыцці, аднавіць марыйны досвед і духоўнасць Ордэна, ажывіць пабожнасць і паглыбіць ясную і творчую марыйную тэалогію, якая заахвочвала б нас да стварэння сямейнага адзінства і да клопату аб годнасці Яе дзяцей. Неабходна вяртацца да Марыі, каб аднаўляць Кармэль. Дапамажыце мне аднавіць гэты марыйны досвед Ордэна, каб Яна ажывіла нас і ўсё больш учыняла нас Яе дзецьмі ў Сыне.

VI. Фармацыя ў школе Кармэлю

Актыўная дзейнасць, скіраваная на тое, каб паказваць Езуса Хрыста ў свеце, і дзяленне з усімі асабістым досведам сяброўства з Ім ахоплівае таксама сапраўднае малітоўнае жыццё і інтэгральную фармацыю (чалавечую, духоўную, псіхалагічную). Фармацыя ў свецкім Кармэлі з’яўляецца істотнай і неабходнай часткай: «Галоўная мэта працэсу фармацыі ў Свецкім Ордэне — падрыхтоўка асобы да жыцця харызмай і духоўнасцю Кармэлю ў наследаванні Хрыста і ў служэнні пакліканню»[9]. Розныя этапы фармацыі свецкага кармэліта дапамагаюць яму паступова паглыбляць сваю ідэнтычнасць і пакліканне, каб мець магчымасць служыць Касцёлу і свету. Асноўнымі аспектамі яго фармацыі з’яўляюцца чалавечае, хрысціянскае і кармэліцкае вымярэнні. Дзякуючы ім свецкі кармэліт рыхтуецца быць сапраўдным вучнем Езуса і служыць сваім братам і сёстрам у Ордэне, у Касцёле і ў свеце. Галоўнай рухаючай сілай фармацыі з’яўляецца сам чалавек, якому дапамагае супольнасць, каб ён мог адказаць на натхненні Святога Духа.

Фармацыя ніколі не заканчваецца. Мы выхоўваем адзін аднаго ў паставе пакоры, якая заўсёды падтрымлівае нас у стане развіцця, а таксама ў вернай і сталай паслухмянасці, гэта значыць ва ўважлівым слуханні нашых братоў і сясцёр, а таксама Касцёла. Часам мы назіраем імкненне да самадастатковасці або ўпэўненасць у валоданні праўдай, што не адпавядае тэрэзіянскаму духу. Тэрэза на працягу ўсяго жыцця прасіла яе вучыць, не верыла, што валодае праўдаю, кожны дзень у страху прасіла святла і нястомна малілася, заклікаючы Святога Духа. Мы не з’яўляемся ўладальнікамі ні тэрыторыі, якая ўжо адмерана, ні праўдаў, якія здабылі; будзем жа кожны дзень станавіцца вучнямі таго, што найважнейшае, задаволенымі, што яшчэ многаму трэба навучыцца і шмат чаго адкрыць.

VII. Арганізацыя і ўлада

Свецкія кармэліты прысутныя ў 95 краінах. Юрыдычна яны належаць да правінцыі кармэлітаў босых, на тэррыторыі якой яны знаходзяцца, а «рада, якая складаецца са старшыні, трох дарадцаў і адказнага за фармацыю, з’яўляецца непасрэднай уладаю супольнасці. Галоўны абавязак рады — духоўная фармацыя, а таксама фарміраванне ў членаў супольнасці хрысціянскай і кармэліцкай сталасці»[10]. Паводле закону, кіраўнікі Свецкага Ордэна — генеральны настаяцель ордэна і вышэйшы настаяцель рэгіёна. Свецкі Ордэн заўсёды шукае кантакту з іншымі супольнасцямі OCDS у сваім рэгіёне, а таксама з братамі і сёстрамі ордэна кармэлітаў босых, даючы сведчанне аб братэрскай еднасці, паколькі тры галіны ордэна складаюць адзіную сям’ю» (пар. Дэкларацыя аб кармэліцка-тэрэзіянскай харызме, пп. 43-44).

Неад’емным элементам манаскай сям’і, а таксама рэлігійнага і евангельскага духу з’яўляецца тое, каб не імкнуцца да ўлады і не жадаць любой цаной займаць пасаду або валодаць уладай. Неўласціва для Кармэлю думаць, што я — адзіная асоба, якая можа кіраваць супольнасцю. Я з радасцю прымаю, калі прыйдзе час, змену кіраўніцтва, не ствараю фракцый і не пляту інтрыгі. У дадзены момант гісторыі Кармэлю прашу ўсіх працаваць над выкараненнем таго, што не аб’ядноўвае і не генерыруе дынаміку еднасці ў супольнасці, выяўляючы ў кожнай супольнасці раны і расколы. Сапраўдны досвед Бога стварае камунію. «Духоўная свецкасць», пра якую казаў папа Францішак, можа пракрасціся ў кожнага з нас пад выглядам руплівасці аб супольнасці, калі гаворка ідзе пра самасцвярджэнне і сіндром незаменнасці. Паклапаціцеся аб стварэнні асяроддзя здаровых патрабаванняў, у пачуцці свабоды.

НА КАРЫСЦЬ КАСЦЁЛА, ОРДЭНА І СВЕТУ

Канстытуцыя свецкага Кармэля была зацверджана на карысць не толькі членаў Свецкага Ордэна, але таксама на карысць усяго Ордэна, Касцёла і свету. Кармэліцка-тэрэзіянская харызма — гэта дар, атрыманы ад Бога, прызначаны не толькі для членаў ордэна, ім неабходна дзяліцца з усім светам. Кожны свецкі кармэліт з’яўляецца вестуном добрай навіны Евангелля і праз сваё малітоўнае і апостальскае жыццё дзеліцца сваёй харызмай і ідэнтычнасцю з усім светам. Свецкі ордэн босых кармэлітаў па-ранейшаму прыцягвае многіх мужчын і жанчын, якія адчуваюць пакліканне стаць часткай гэтай вялікай сям’і і, як кажа святая Тэрэза ад Езуса, актыўна «пераходзяць ад добрага да лепшага»[11], застаючыся вернымі свайму пакліканню. Гэтая плённасць Кармэлю з’яўляецца вялікай радасцю для мяне і ўсяго ордэна. Калі я наведваю нейкую супольнасць свецкага Кармэля, гэта напаўняе мяне энтузіязмам, і я вельмі ўражаны радасцю і жывасцю вашай прыналежнасці да Кармэля.

Шчыра спадзяюся, што Пан і далей будзе благаслаўляць вас у вашым пакліканні, у вашым запале і сяброўстве з Езусам, у малітве і братэрскім жыцці, у любові і служэнні ў Касцёле і ў свеце, а таксама ў блізкасці з Марыяй. Жадаю вам, каб дзякуючы вашай Канстытуцыі, вы рухаліся наперад, ідучы пад апекай Дзевы з гары Кармэль, Зоркі мора, і святога Юзафа, у паслухмянасці Езусу Хрысту, праслаўляючы Бога сваім жыццём.

Дзякую ўсім, хто пісаў Канстытуцыю ў той час, а таксама ўсім вам, хто жыве ёю кожны дзень, а таксама тым, хто прыйдзе пасля нас. Малюся за кожную супольнасць. Давайце сёння пачнем рухацца ад добрага да лепшага, дзякуючы за каштоўную спадчыну, якую мы атрымалі.

Усім вам, мае браты і сёстры, перадаю благаслаўленне і па-братэрску абдымаю.

Мігель Маркес Ка́лье OCD,
Генеральны настаяцель

15 жніўня 2023 г.

 

[1] Пар. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 40.

[2] Канстытуцыя OCDS Варшаўскай правінцыі, 1.

[3] Канстытуцыя OCDS Варшаўскай правінцыі, 10.

[4] Канстытуцыя OCDS Варшаўскай правінцыі, 21.

[5] Канстытуцыя OCDS Варшаўскай правінцыі, 24а.

[6] Ян Павел II. Сустрэча з моладдзю, Base Aérea de Cuatro Vientos, Мадрыд, 3 мая 2003 г.

[7] Канстытуцыя OCDS Варшаўскай правінцыі, 26.

[8] Канстытуцыя OCDS Варшаўскай правінцыі, 4.

[9] Канстытуцыя OCDS Варшаўскай правінцыі, 32.

[10] Канстытуцыя OCDS Варшаўскай правінцыі, 46.

[11] Св. Тэрэза ад Езуса. «Кніга заснаванняў», 29, 32.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave