Да ўсяго Тэрэзіянскага Кармэля:
да кармэлітак босых, да свецкіх кармэлітаў, кармэлітаў босых,
да кармэліцкай сям’і…
«Дай нам, о Пане, спакой на Украіне».
24 лютага, мінае год як выбухнула вайна на Украіне. Год абсурду, кашмару, шаленства і самавольства вайны. Не патрэбна шмат словаў, каб апісаць незразумелую і скажоную дынаміку вайны з усё большым гневам і здзіўленнем, з усё большым абурэннем і слязамі бяссілля, гэтай вайны на Украіне і ўсіх войнаў. У той час, калі толькі выбухнула вайна, я заахвочваў увесь Ордэн да супольнай малітвы, усім сэрцам і з усіх сіл.
Сёння пішу да вас гэтыя словы з Ірака, з зямлі Кнігі Быцця, з зямлі Божага стварэння, дзе Бог убачыў, што «ўсё было добра»… З зямлі Абрагама, нашага «Айца ў веры» які паверыў насуперак ўсялякай надзеі, што Божае абяцанне споўніцца…
Прашу сёння ўвесь Ордэн, увесь Кармэль маліцца «аб нязломнай надзеі», верыць, што надыходзіць спакой і што наша малітва будзе спадарожнічаць нашым братам і сёстрам на Украіне.
Кашмар вайны няхай не знечуляе нашу гарачую малітву; будзем маліцца, чуючы, як бомбы падаюць на нашыя сем’і, на нашых дзяцей, нашых братоў і сяброў… Будзем маліцца, не заплюшчваючы вочы і не затыкаючы вушы… і давайце будзем рабіць гэта ў спакоі, не ўзбройваючы сябе помстаю, але з мячом веры «насуперак ўсялякай надзеі»…
Запрашаю вас сесці разам з Марыяй, як у Вячэрніку ў дзень Пяцідзясятніцы, калі яшчэ былі напалоханыя, і дзверы былі зачыненыя.
Заахвочваю вас запаліць лямпу як кармэліцкая сям’я, каб стаць перад Панам у адарацыі, з ружанцам у руцэ або ў цішыні камуніі.
Святая Марыя, Каралева спакою, суціш вайну і дай нам спакой, спакой паміж нашымі братамі і сёстрамі, Тваімі дзецьмі.
Айцец Мігель Маркес Ка́лье OCD,
Генеральны настаяцель
https://www.carmelitaniscalzi.com/2023/02/24/24-febbraio-2023-preghiera-in-tutto-il-carmelo-teresiano-per-chiedere-la-pace-in-ucraina/
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave