Балесная рэфлексія
(МАЛІТВА — ГЭТА ЧАС АБУДЗІЦЦА І РАСПАЧАЦЬ ШЛЯХ, У ЕДНАСЦІ)
Бяру на сябе смеласць скіраваць да вас неадкладны сардэчны заклік да малітвы, якая не здаецца, да адважнай веры і да еднасці паміж братамі, мацнейшай за ўсялякую вайну і ўсялякую пагрозу. Да спакойнага Рыма даходзіць выразны голас аднаго з нашых братоў, які знаходзіцца ў самым сэрцы Кіева (сталіцы Украіны), які дзякуе нам за нашы малітвы і падтрымку сярод сігналаў сірэн, якія гучаць навокал, і чэргаў блізкіх выстралаў.
Хацелася б абудзіцца і хацеў бы абудзіць вас, калі дазволіце мне, дарагія браты і сёстры, не на паралізуючы тэрор вайны, а на пакорную адвагу тых, якія збіраюцца, як першыя хрысціяне, каб маліцца з цвёрдай упэўненасцю, што Езус на крыжы з’яўляецца пераможцам гісторыі.
Мы — босыя кармэліты. Мы паходзім ад пустэльнікаў, многія з якіх, верагодна, былі крыжакамі, але збавіліся ад зброі, каб адправіцца на іншую, не менш цяжкую і складаную вайну. Мы паходзім ад жанчыны, якая правяла сваё жыццё ва ўнутранай вайне за тое, каб падпарадкаваць сябе Любові ўсяго свайго жыцця і тым самым заваяваць сваю ўласную свабоду, свабоду дачкі Бога.
Мы ўсе на адной вайне
Парафразіруючы святога Паўла, можна сказаць: калі церпіць адна частка цела, церпім усе мы. Мы з украінскім народам і з народам рускім, і з усімі народамі супраць вайны, супраць усіх войнаў, нават тых, пра існаванне якіх не гавораць, бо яны не цікавяць. Вайна пачалася не цяпер. Яна трывае даўно на ўкраінскай зямлі і ў многіх кутках свету, нават калі пра яе не гавораць. Прашу аб вашай малітве за ахвяраў гэтай вайны (украінцаў і расіян), а таксама за іх сем’і. Мне паведамляюць, што некаторыя ўкраінскія маці збіраюць ідэнтыфікацыйныя дадзеныя расійскіх салдат, забітых на тэрыторыі Украіны, і высылаюць маці ў Расію вестку пра іх сына, забітага на фронце.
Гэтыя чалавечыя жэсты сярод жахаў вайны з’яўляюцца адказам добрых і адважных сэрцаў, якія думаюць пра маці ахвяраў з боку праціўніка. Гэта іншая вайна тых, чыя маўклівая любоў падтрымлівае гэты свет, які, здаецца, развальваецца. Гэтая любоў становіцца перамогаю і падтрымлівае свет.
Вайна часта паказвае, што на самай справе мы абураемся, але не абудзіліся; напалоханыя, але не ўстаем; злыя на тое, што адбываецца, але не распачынаем шлях; салідарныя з тымі, хто далёка, але не такія ўважлівыя да тых, хто блізка; шчодрыя і велікадушныя, але бяспечна застаемся ў нашых зонах камфорту. Маліцца — гэта значыць абудзіцца для таго, чаго мы не бачым і не прызнаем у сабе, сваёй сям’і, супольнасці і краіне ў гэты вырашальны момант для свету, Касцёла і Кармэля.
Заахвочванне
(«Прыйдзе з дарогі, калі дасі Яму прытулак» — св. Ян ад Крыжа) КАРМЭЛЬ ПРЫМАЕ
Дарагія браты і сёстры Кармэля Тэрэзы ад Езуса і Яна ад Крыжа, мы жывем у добра прыстасаваных і добра абстаўленых кляштарах і дамах. Дазволю сабе, як айцец і брат, заахвоціць вас прадастаўляць бежанцам (з захаваннем належнай тактычнасці і законнасці) шматлікія памяшканні, якія ў нас пустуюць, даступныя і нявыкарыстаныя. Не будзем замыкацца ў нашым спакойным дабрабыце, не чуючы просьбаў бяздомных. Там, дзе гэта магчыма (я маю на ўвазе асабліва цяпер, у Еўропе), з дапамогаю грамадскіх арганізацый дадзім магчымасць заняць памяшканні і нейкія часткі нашых кляштараў тым, хто цяпер не мае дзе жыць. Як выглядала б наша малітва, калі б, маючы дастаткова ежы і адзення, дом і дах над галавою, мы не дапамаглі, бачачы гэтую чараду маці і іх дзяцей, якія праходзяць каля нас? Гаворка ідзе не пра тое, што патрэбна нам самім, а пра тое, чаго не выкарыстоўваем і што даступна.
Прашу вас адкрыць свае сэрцы на гэты заклік, каб вы прынялі Езуса, які просіць месца ў вас. Дзякую вам за дапамогу, якую вы пасылаеце і якая даходзіць да нашых украінскіх братоў і сясцёр, і заахвочваю і надалей праяўляць шчодрасць такім чынам, якім кожны з вас можа гэта рабіць і лічыць адпаведным.
Прапанова
(НЕ ТОЛЬКІ УКРАІНА)
Даручаю вашай малітве, перадусім, шматлікія сітуацыі несправядлівасці, якія эгаістычна абмінаюцца сродкамі масавай інфармацыі, войны ў многіх кутках свету, не толькі ва Украіне: беднякі з Сахеля (засушлівы рэгіён Афрыкі) не падымаюць шуму, і дзеці, якіх выкарыстоўваюць сэксуальна, не крычаць; мірныя народы некаторых афрыканскіх краін уціхамірваюцца ісламскімі тэрарыстамі; плямёны ў амазонскіх трапічных лясах у наш час вынішчаюцца па эканамічных прычынах; страшэнныя паводкі ў Аўстраліі, у сястрынскай епархіі Лісмор; імкненні многіх людзей, якія спрабуюць дасягнуць Еўропы па марах, якія абмываюць нашы ўзбярэжжы, патанаюць у цішыні; не даходзяць да нас крыкі шматлікіх жанчын, якія церпяць здзекі ў краінах, дзе іх пратэсты сістэматычна падаўляюцца; Калумбія знаходзіцца ў жахлівай палітычнай сітуацыі і ў стане эканамічнай нестабільнасці; рознага роду мафія «белых каўнерыкаў» прыгнятае іншых, і гэтая мафія часта падтрымліваецца і благаслаўляецца мужчынамі і жанчынамі, якія сцвярджаюць, што вераць у Бога, якога самі ж распінаюць у нявінных людзях; шмат адзінокіх пажылых людзей самотна жывуць у нашых вялізных гарадах... І мала хто ўжо гаворыць пра Сірыю ці Афганістан. Так шмат, шмат сітуацый... не толькі ва Украіне.
Прашу вас, браты і сёстры, не замоўчвайце шматлікія рэальныя сітуацыі, за якія мы хочам разам маліцца. Інфармуйце нас пра сітуацыю ў вашай краіне або рэгіёне, каб мы маглі пра яе ведаць. Мы хочам быць з’яднаным целам, якое церпіць і святкуе як адна сям’я. Гэта наш шлях да Вялікадня і пачуцця еднасці з Марыяй і Юзафам каля падножжа такога мноства крыжоў гісторыі, бачных і нябачных, якія прадказваюць раніцу Уваскрасення. Благаслаўлёнай дарогі да Вялікадня, калі ўжо ўвайшлі мы ў Ерузалем з Хрыстом церпячым!
Рым, 4 красавіка 2022 года
Дзень хросту святой Тэрэзы ад Езуса
Айцец Мігель Маркес Ка́лье OCD,
Генеральны настаяцель
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave