Евангелле (Лк 19, 28–40)
У той час: Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем. І калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх, кажучы: Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і, калі ўвойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі нехта спытаецца ў вас, навошта адвязваеце, скажыце яму так: Яно патрэбна Пану. Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім. А калі яны адвязвалі асляня, гаспадары яго запыталі іх: Навошта адвязваеце асляня? Яны адказалі: Яно патрэбна Пану. І прывялі яго да Езуса, і, накінуўшы на асляня сваё адзенне, пасадзілі Езуса. І калі Ён ехаў, рассцілалі адзенне сваё на дарозе. А калі наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам славіць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі, кажучы: Благаслаўлёны Кароль, які ідзе ў імя Пана! Спакой у небе і хвала на вышынях! Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік, забарані вучням Тваім. А Ён адказаў: Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць.
Каментарый
Вялікі тыдзень распачынаецца напамінам пра трыумфальны ўезд Езуса ў Ерузалем, які адбыўся ў нядзелю, напярэдадні Яго мукі. Езус — хоць звычайна Ён пазбягаў праяваў публічнага ўсхвалення і ўцякаў, калі народ хацеў аб’явіць Яго валадаром, — сёння дазваляе ўрачыста суправаджаць Яго. Толькі цяпер, калі Езус ідзе на смерць, Ён згаджаецца, каб Яго публічна аб’явілі Месіяй — бо, паміраючы на крыжы, Ён будзе Месіяй, Адкупіцелем, Валадаром і Пераможцам у поўным значэнні гэтага слова.
Літургія заклікае, каб вернікі звярнулі ўвагу на славу Хрыста, вечнага Валадара; таму што тады мы лепш зразумеем Яго прыніжэнне і муку як неабходны крок да канчатковага ўзвышэння. Тут гаворка ідзе не аб тым, каб суправаджаць Езуса ў трыумфе на працягу адной гадзіны, але каб пайсці за Ім ажно на Галгофу, дзе, паміраючы на крыжы, Ён назаўсёды затрыумфуе над грахом і смерцю. Гэтыя пачуцці выказвае Касцёл, калі, благаслаўляючы вербы, моліцца, каб хрысціянскі народ выканаў знешні абрад «з глыбокай пабожнасцю, перамагаючы ворага і ўсёй душой праслаўляючы міласэрную справу Божага збаўлення». Няма больш прыгожага спосабу ўшанавання мукі Хрыста, як прыпадобніцца да яе, каб разам з Езусам перамагчы ворага, грэх.
а. Габрыэль ад св. Марыі Магдалены OCD, “Żyć Bogiem”, том I, стар. 394.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave