ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 21, 1–11)
Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў, кажучы ім: Ідзіце ў вёску, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх.
І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам, які кажа: Скажыце дачцы Сіёна: Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.
Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус. Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх сваё адзенне, і Ён сеў на яго. І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі: Гасанна Сыну Давіда!Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вьшынях!
І калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: Хто гэта? А народ адказваў: Гэта прарок Езус з Назарэту галілейскага.
КАМЕНТАРЫЙ
Вялікі тыдзень распачынаецца напамінам пра трыумфальны ўезд Езуса ў Ерузалем, які адбыўся ў нядзелю, напярэдадні Яго мукі. Езус — хоць звычайна Ён пазбягаў праяваў публічнага ўсхвалення і ўцякаў, калі народ хацеў аб’явіць Яго валадаром, — сёння дазваляе ўрачыста суправаджаць Яго. Толькі цяпер, калі Езус ідзе на смерць, Ён згаджаецца, каб Яго публічна аб’явілі Месіяй — бо, паміраючы на крыжы, Ён будзе Месіяй, Адкупіцелем, Валадаром і Пераможцам у поўным значэнні гэтага слова.
Літургія заклікае, каб вернікі звярнулі ўвагу на славу Хрыста, вечнага Валадара; таму што тады мы лепш зразумеем Яго прыніжэнне і муку як неабходны крок да канчатковага ўзвышэння. Тут гаворка ідзе не аб тым, каб суправаджаць Езуса ў трыумфе на працягу адной гадзіны, але каб пайсці за Ім ажно на Галгофу, дзе, паміраючы на крыжы, Ён назаўсёды затрыумфуе над грахом і смерцю. Гэтыя пачуцці выказвае Касцёл, калі, благаслаўляючы вербы, моліцца, каб хрысціянскі народ выканаў знешні абрад «з глыбокай пабожнасцю, перамагаючы ворага і ўсёй душой праслаўляючы міласэрную справу Божага збаўлення». Няма больш прыгожага спосабу ўшанавання мукі Хрыста, як прыпадобніцца да яе, каб разам з Езусам перамагчы ворага, грэх.
а. Габрыэль ад св. Марыі Магдалены OCD, “Żyć Bogiem”, том I, стар. 394.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave