ЕВАНГЕЛЛЕ (Мк 11, 1-10)
Калі наблізіліся да Ерузалема, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў і сказаў ім: “Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі хтосьці вам скажа, навошто вы гэта робіце, адкажыце: Ён патрэбны Пану, і зараз жа адашле зноў яго сюды”. Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля дзвярэй знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго. І некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: “Што вы адвязваеце асляня?” Яны адказалі ім, як наказаў Езус, і тыя адпусцілі іх. І прывялі да Езуса асляня, і паклалі на яго сваё адзенне, а Ён сеў на яго. І многія слалі адзенне сваё на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя на палях. І тыя, хто ішоў спераду і следам за Ім, усклікалі: “Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!”
КАМЕНТАРЫЙ
Вялікі тыдзень распачынаецца напамінам пра трыумфальны ўезд Езуса ў Ерузалем, які адбыўся ў нядзелю, напярэдадні Яго мукі. Езус — хоць звычайна Ён пазбягаў праяваў публічнага ўсхвалення і ўцякаў, калі народ хацеў аб’явіць Яго валадаром, — сёння дазваляе ўрачыста суправаджаць Яго. Толькі цяпер, калі Езус ідзе на смерць, Ён згаджаецца, каб Яго публічна аб’явілі Месіяй — бо, паміраючы на крыжы, Ён будзе Месіяй, Адкупіцелем, Валадаром і Пераможцам у поўным значэнні гэтага слова.
Літургія заклікае, каб вернікі звярнулі ўвагу на славу Хрыста, вечнага Валадара; таму што тады мы лепш зразумеем Яго прыніжэнне і муку як неабходны крок да канчатковага ўзвышэння. Тут гаворка ідзе не аб тым, каб суправаджаць Езуса ў трыумфе на працягу адной гадзіны, але каб пайсці за Ім ажно на Галгофу, дзе, паміраючы на крыжы, Ён назаўсёды затрыумфуе над грахом і смерцю. Гэтыя пачуцці выказвае Касцёл, калі, благаслаўляючы вербы, моліцца, каб хрысціянскі народ выканаў знешні абрад «з глыбокай пабожнасцю, перамагаючы ворага і ўсёй душой праслаўляючы міласэрную справу Божага збаўлення». Няма больш прыгожага спосабу ўшанавання мукі Хрыста, як прыпадобніцца да яе, каб разам з Езусам перамагчы ворага, грэх.
а. Габрыэль ад св. Марыі Магдалены OCD, “Żyć Bogiem”, том I, стар. 394.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave