26 лістапада ў кармэліцкай парафіі Божага Цела ў Мінску адбылася інтэграцыйна-забаўляльная сустрэча “Андрэйкі” для маладых парафіянаў перад пачаткам перыяду Адвэнту. З дапамогаю мясцовай катэхеткі с. Валянціны з Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці св. Вінцэнта да Поль (шарыткі) удзельнікі мелі магчымасць паўдзельнічаць у вясёлых конкурсах і забаўляльных віктарынах. Пункты праграмы мелі як індывідуальны, так і супольны характар. Падчас перапынкаў быў салодкі пачастунак, які падрыхтавалі самі ўдзельнікі мерапрыемства.
27 лістапада, калі ў Касцёле перыядам Адвэнту распачаўся новы літургічны год, у парафіяльнай капліцы Маці Божай Шкаплернай падчас галоўнай св. Імшы, якую ўзначаліў пробашч парафіі а. Юрый Кулай OCD, адбыўся абрад прыняцця да міністрантскай службы трох кандыдатаў: Захара і Ягора Сухоцкіх, а таксама Яўгена Шчэннікава. А. Ігнат Падарэцкі OCD, вікарый парафіі і апякун міністрантаў, прадставіў кандыдатаў і запэўніў прысутных аб іх падрыхтаванасці да выканання гэтай важнай функцыі. Пасля слоў дапушчэння святары апранулі хлопцам комжы. У сваю чаргу міністрант Аляксандр Казелька, пасля выражэння сваёй гатоўнасці і згоды, быў прыняты ў шэраг лектараў парафіі. Новы лектар, на знак прыняцця функцыі чытання Божага слова, быў апрануты ў альбу, а таксама атрымаў крыж і кнігу Святога Пісання.
Жадаем новым міністрантам і лектару дароў Духа Святога ў служэнні пры алтары Пана і апекі Багародзіцы на шляху ўзрастання ў Божай ласцы.
А. Юрый Кулай OCD.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave