31 мая 2024 года, калі Касцёл успамінае Адведзіны Найсвяцейшай Панны Марыі, гудагайская парафія святкуе ўрачыстасць тытулу касцёла. Драўляную святыню ў Гудагаі пабудавала у 1763 годзе Людвіка Ганна Война, з Сулістроўскіх, якая разам са сваім мужам і вернікамі навакольных мясцовасцей пажадала аддаць хвалу Богу і Найсвяцейшай Маці ў Яе выяве, што ўжо тады лічылася славутай ласкамі. Такім чынам касцёл Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі стаў таксама мэтай пілігрымаў, якія прыбывалі сюды з просьбамі аб аздараўленні фізічным, маральным і духоўным. Кармэліты босыя, апекуны святыні, у хроніках запісалі шматлікія сведчанні дзеяння Пана Бога на гэтым святым месцы. У наш час Гудагай шырокавядомы не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі, а галоўны адпуст у гонар Маці Божай Шкаплернай (у гэтым годзе пройдзе 20 і 21 ліпеня) збірае ды аб’ядноўвае тысячы вернікаў.
У дзень урачыстасці тытулу касцёла ў Гудагаі цэлебравалі дзве Святыя Імшы. Эўхарыстыю а 12.00 гадзіне ўзначаліў пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ксёндз Уладзімір Русак. Святар прамовіў таксама палымянае казанне, у якім заахвоціў сабраных да будавання адносін паміж людзьмі на грунце хрысціянскіх праўдаў. Разам з прысутнымі вернікамі маліліся святары з Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага дэканатаў, а таксама Генадзь Паўлавіч Бычко – старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў, які пасля набажэнства павіншаваў сабраных са святам парафіі.
Вячэрнюю Святую Імшу а 18.00 гадзіне ўзначаліў дэкан Астравецкага дэканата, біскупскі вікарый і пробашч парафіі святых Космы і Дам’яна кс. канонік Юзаф Багдзевіч. Казанне да прысутных прамовіў ксёндз Андрэй Бурак - вікарый архікатэдральнага касцёла ў Мінску. Святар засяродзіў разважанне на таямніцы адзінства вернікаў і адказнасці адзін за аднаго. Разам з сабранамі парафіянамі і гасцямі санктуарыя маліліся кс. Яўген Ціхан з Астраўца, кс. Віктар Захарэўскі з Варнян, кс. Анаталь Захарэўскі з Міхалішак, кс. Дзмітрый Леўчык з Гервят, мясцовыя кармэліты босыя і сёстры кармэліткі Дзіцятка Езуса, а таксама Уладзімір Іосіфавіч Барысевіч - старшыня Гудагайскага сельскага выканаўчага камітэта і Эдуард Іванавіч Садоўскі – дырэктар Камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Гудагай". Павіншавалі і памаліліся таксама за парафіян Леакадзію Бабіч, Алену Кранкоўскую, Рамуальда Ціхановіча і Юрыя Паршутовіча, якія 31 мая адзначаюць дзень нараджэння.
Святкаванне закончылі эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, урачысты спеў “Цябе Бога праслаўляем” і благаслаўленне сабраных Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Спадзяёмся, што ўрачыстасць напоўніла ўдзельнікаў шчодрымі ласкамі і застанецца надоўга ў сэрцы ды памяці. Цяпер мясцовая супольнасць веруючыў будзе гатовіцца да галоўнага свята санктуарыя, якое пройдзе 20 і 21 ліпеня. Дзверы гудагайскай святыні адкрыты заўсёды для пілігрымаў і наведвальнікаў, якія хочуць памаліцца ды адпачыць у асаблівай атмасферы касцёла, ружанцовых дарожак, мясцовай Кальварыі ды пепаўторнай прароды і краявідаў.
Тэкст: Аркадзь Куляха OCD
Фота: Ірэна Ахрамовіч, с. Вера Кучук
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave