20 лістапада ў літургічны ўспамін св. Рафала Каліноўскага кармэліты босыя ў Беларусі перажывалі ўрачыстасць свайго апекуна і заступніка.
Браты з супольнасцяў у Гудагаі, Мядзелі і Нарачы сабраліся ў кляштары кармэлітаў босых у Мінску спачатку на прывітальны пачастунак і смачную каву. Афіцыйная частка сустрэчы распачалася малітвай Літургіі гадзінаў апоўдні ў новым парафіяльным касцёле Божага Цела. Пасля рэгіянальны настаяцель а. Пётр Фроштэга OCD прывітаў усіх прысутных кармэлітаў босых, а асабліва бр. Алега Шэнду OFMCap, настаяцеля кустодыі братоў капуцынаў у Беларусі, які быў запрошаны духоўна суправаджаць прысутных у гэты дзень.
Наступным пунктам праграмы была духоўная канферэнцыя бр. Алега на вельмі канкрэтныя і практычныя тэмы, звязаныя з манаскай кансэкрацыяй, пакліканнем, духоўнасцю, а таксама з сучаснымі выклікамі і пагрозамі для вернасці манаскаму харызмату. Святар засяродзіў увагу на тым, што малітва і братэрскія адносіны павінны будавацца на шчырасці і добразычлівасці, каб манах у сучасным свеце быў жывым носьбітам Божай любові і кансэкраванага жыцця з Богам і дзеля Бога.
Пасля канферэнцыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой у цішыні сэрца кожны з братоў меў магчымасць пабыць сам-насам з Езусам, давяраючы свае і супольныя справы Божай усемагутнасці і міласэрнасці.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў рэгіянальны настаяцель а. Пётр Фроштэга OCD, а гамілію прамовіў бр. Алег Шэнда OFMCap. У кантэксце літургіі слова святар паразважаў над постаццю і духоўнасцю св. Рафала Каліноўскага ў перыяд зямнога жыцця Святога, а таксама заахвоціў дбаць пра адзінства і ахвярнасць у манаскім і святарскім служэнні.
Пасля св. Імшы мінская супольнасць кармэлітаў босых запрасіла ўсіх удзельнікаў сустрэчы на смачны абед і супольную рэкрэацыю. У атмасферы радасці і братэрства браты падзяліліся штодзённымі клопатамі, намаганнямі і дасягненнямі.
А. Юрый Кулай OCD.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave