04/09/2021


Пахаванне а. Бэрнарда Радзіка OCD

 

Пасля пахавальных урачыстасцяў, якія адбыліся ў Нарачы і ў Мядзелі, труна з целам а. Бэрнарда Радзіка была прывезена ў Кракаў.

3 верасня а 11.00 у касцёле кармэлітаў босых на вул. Ракавіцкай 18 адбылася ўрачыстая жалобная св. Імша, якую ўзначаліў а. Гжэгож Малец OCD, ІІ Дарадчык Варшаўскай Правінцыі Кармэлітаў Босых. Св. Імшу канцэлебравалі дыяцэзіяльныя святары, а таксама айцы з абедзвюх кармэліцкіх правінцый у Польшчы. Св. Імшу канцэлебравалі таксама айцы з Рэгіянальнага Вікарыяту ў Беларусі, дзе на працягу 30 гадоў спачылы а. Бэрнард жыў і працаваў.

У гаміліі а. Гжэгож у форме малітвы ўзгадаў асобу а. Бэрнарда, указваючы на яго дзяцінства, маладосць, манаскае пакліканне, а таксама вернае і пакорнае служэнне парафіянам і супольнасцям, у якіх яму давялося жыць. Узгадаў, што а. Бэрнард нарадзіўся і вырас у глыбока рэлігійнай сям’і, дзе прывівалася любоў і пашана да Бога і Касцёла, а таксама вялікая сардэчнасць і адкрытасць на кожнага чалавека. Таксама і тое, што, рыхтуючыся да манаства і святарства, марыў патрапіць на місіі ў Афрыку, аднак, паслухмяны волі настаяцеляў, рупліва служыў і працаваў як святар і кармэліт усюды, куды Бог пасылаў яго на беларускай зямлі. Быў не толькі душпастырам і манахам у касцёле, але таксама ў пілігрымках, на футбольным полі, падчас фізічнай працы, а праз сваю сардэчнасць, усмешку, пачуццё гумару і адкрытасць, як адзначыла адна парафіянка, стаў членам кожнай сям’і ў Нарачы, як каталіцкай, так і праваслаўнай. Быў святаром прымірэння і надзеі. Вучыў, што варта прабачаць, бо гэта вельмі важная справа.

На заканчэнне св. Імшы а. Гжэгож зачытаў ліст а. Правінцыяла Яна Маліцкага, які ў гэты час знаходзіцца ў Рыме на Генеральным Капітуле.

А. Сяргей Трысцень, І Дарадчык Вікарыяту ў Беларусі, выказаў словы ўдзячнасці Маці спачылага а. Бэрнарда за дар, які ахвяравала Ордэну ў асобе свайго сына. А. Сяргей узгадаў, што памерлы а. Бэрнард быў тым братам, які вучыў манаскаму жыццю ўсіх маладых братоў-беларусаў, а будучы святаром і кармэлітам, ахвяраваў сябе да рэшты, служачы Беларускай зямлі, якая была ягонай зямлёй.

Пахавальныя ўрачыстасці на Ракавіцкіх могілках узначаліў І Дарадчык Вікарыяту ў Беларусі а. Сяргей Трысцень. Цела а. Бэрнарда было пахавана ў супольнай грабніцы кармэлітаў босых на Ракавіцкіх могілках.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave