06/10/2023

РЭКАЛЕКЦЫІ ВІКАРЫЯТА
КАРМЭЛІТАЎ БОСЫХ У БЕЛАРУСІ

            З 2 па 6 кастрычніка ў доме Найсвяцейшай Тройцы пры кляштары айцоў вербістаў у Баранавічах (Пінская дыяцэзія) законнікі Рэгіянальнага Вікарыята кармэлітаў босых у Беларусі перажывалі свае манаскія рэкалекцыі. Гэта цудоўная нагода, калі ўсе члены ўсіх манаскіх супольнасцяў Беларусі пакідаюць свае штодзённыя справы і абавязкі, каб акунуцца ў атмасферу цішыні, малітвы і разважання.

            Духоўныя практыкаванні ўзначаліў а. Крыштаф Вэсалоўскі OCD, які з’яўляецца членам манаскай супольнасці і душпастырам у парафіі ў Лодзі. Рэкалекцыяніст падчас абвяшчэння гамілій і канфэрэнцый абапіраўся на Святым Пісанні, а таксама на Апостальскім лісце св. Яна Паўла ІІ Novo millennio ineunte, скіраваны да біскупаў, духавенства і свецкіх вернікаў на заканчэнне Вялікага Юбілею 2000 г. Гэты ліст акрэслівае прыярытэты для Каталіцкага Касцёла на трэцяе тысячагоддзе і на пазней. Такім чынам гэта дакумент для ўсяго Касцёла. Святар закрануў у разважаннях тэмы веры, святасці, радасці ад жыцця Добрай Навіной, якой з’яўляецца Евангелле. Закрануў таксама тэмы малітвы, сакрамэнту паяднання і Эўхарыстыі, выкарыстоўваючы духоўную спадчыну святых Кармэлю і Паўсюднага Касцёла. Сінтэзам рэкалекцыйных разважанняў можа стацца свайго роду сімвалічны ланцужок заданняў на шляху да з’яднання з Богам: пазнаваць – любіць – наследаваць.

            Браты падчас гэтых рэкалекцый не толькі разам цэлебравалі Эўхарыстыю, Літургію Гадзінаў, медытацыю і слухалі глыбокія духоўныя канфэрэнцыі. Быў час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, але і на асабістыя сустрэчы і інтэграцыю падчас пасілкаў, а таксама на братэрскае прабыванне пры філіжанцы кавы. Такія нагоды заўсёды спрыяюць узаемнаму духоўнаму ўзбагачэнню і пакідаюць у сэрцы пачуццё радасці ад сустрэчы.

            Пасля духоўнага падмацавання кармэліты босыя вярнуліся ў свае кляштары і парафіі Беларусі з напоўненым заплечнікам духоўнасці кармэліцкага харызмату, каб з новым запалам і руплівасцю абвяшчаць Евангелле Хрыста.

а. Юрый Кулай OCD

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave