29/10/2023

Рэкалекцыі OCDS: Малая дарога святой Тэрэзы як шлях святасці...

«МАІМ НЕБАМ БУДЗЕ ЧЫНІЦЬ ДАБРО НА ЗЯМЛІ!»

З 27 па 29 кастрычніка члены супольнасці Свецкага Ордэна Кармэлітаў Босых, што ў Мінску, перажывалі свае штогадовыя рэкалекцыі ў кляштары айцоў кармэлітаў у Мядзелі. Гэтыя рэкалекцыі падрыхтаваў і правёў для нас а. Андрэй Авен OCD. Мы разважалі над выбранымі тэкстамі «Дзеяў душы» святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, прыглядаліся да яе духоўнага досведу і асноўных прынцыпаў яе «малой дарогі». Гэтая тэма  вельмі важная, тым больш, што ў 2023 годзе мы адзначаем 150-ю гадавіну з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса (2 студзеня 1873 г.), а таксама стагоддзе яе беатыфікацыі (29 красавіка 1923 г.).

Удзельніцы рэкалекцый падзяліліся сваімі ўражаннямі:

Ядвіга: «Падзяка Пану Богу за ласку перажыць і духоўна ўдзельнічаць у рэкалекцыях прысвечаных святой Тэрэзе ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча праз паслугу а. Андрэя, які шчыра прыкладаў намаганні духоўна накарміць нас сапраўднай рэчаіснасцю «малой дарогі» Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, каб кожная імкнулася стаць сапраўдным дзіцём, каб мець поўны давер да Пана Бога ў сваім жыцці, каб імкнулася наследаваць Хрыста, паглыбляць харызму і духоўнасць Кармэлю, каб мець жаданне і патрэбу паступова рухацца да  праўдзівай Любові, да шчасця быць з Езусам і ўсімі святымі, праслаўляць веліч і ўсемагутнасць Найсвяцейшай Тройцы».

Ганна: «На працягу гэтага юбілейнага года нямала чытала і слухала канферэнцый, прысвечаных святой Тэрэзе ад Дзіцятка Езуса. Доктар Касцёла, якая не пакінула пасля сябе вялікіх трактатаў, прапануе крочыць «малой дарогай». Падчас рэкалекцый я ясна адчула ў сабе жаданне ісці гэтым шляхам, рассыпаючы дробныя «пялёсткі» сваіх добрых учынкаў на шляху да святасці. Дзякую а. Андрэю за эмацыянальны заклік, цікавы і змястоўны аповед свайго бачання і сяброўства са святой».

Стэфанія: «Прыклад святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса натхніў мяне да большай паслухмянасці Езусу, да праяўлення большай любові да Яго, святая Тэрэза паказвае шлях да святасці, які вядзе праз пошук еднасці з Богам на малітве».

Яніна: «Удзячная а. Андрэю за дні, праведзенныя на рэкалекцыях: добра арганізаваны побыт, сумесную малітву, даступнае данясення інфармацыі аб сутнасці «малой дарогі» святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. Падчас апошняй канфеэнцыі я ясна прадставіла сабе гэтую высокую «лесвіцу», па якой мне хацелася б дайсці да неба, каб сустрэцца з Айцом. З-за сваёй боязі вышыні, я вельмі спадзяюся на Яго дапамогу (хоць выкарыстаць ліфт было б найлягчэй). Непрыкметна прайшлі дні. Без мітусні, усё ў свой час, з сяброўскімі адносінамі, у сямейным духу правялі lectio divina і фармацыйную сустрэчу. Малодшыя сёстры з клопатам адносіліся да нас, больш сталых. Дзякую ўсім за прысутнасць».

Няхай асоба св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса а таксама яе духоўнасць, у прыватнасці, «малая дарога», дапамагае кожнаму з нас крочыць уласцівым шляхам да Бога, няхай дазволіць Яму ўзяць нас на рукі. Тады шлях будзе больш простым.

Удзячныя ўдзельніцы рэкалекцый Свецкага Ордэна ў Мінску

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave