17 снежня свецкія кармэліты сабраліся пры парафіі і супольнасці айцоў кармэлітаў босых у Мінску, каб падзяліцца аплаткай і перадаць святочныя віншаванні з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння.
Распачалася перадкалядная сустрэча супольнай Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліў а. Пётр Фроштэга OCD. У гаміліі ён звярнуў увагу на тое, як біяграфія аднаго чалавека, Езуса з Назарэта, паўплывала на сусветную гісторыю і гісторыю жыцця кожнага чалавека. А. Пётр падкрэсліў, як важна ўважліва ўглядацца ў Яго, каб не прапусціць нават найменшай праявы Ягонай прысутнасці.
Пасля св. Імшы свецкія кармэліты мелі магчымасць асабіста памаліцца, узнесці просьбы і падзякі, зазірнуць у глыбіню свайго сэрца падчас унутранай малітвы. Фармацыйная сустрэча і Lectio Divina дапамаглі прысутным глыбей паразважаць над дзеяннем Духа Святога і прысутнасцю Бога у сваім жыцці.
Наступным момантам сустрэчы стаў супольны абед. Фарматар свецкага ордэна с. Наталля Куніцкая прачытала фрагмент Евангелля пра Нараджэнне Хрыста, а Рэгіянальны настаяцель кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр благаславіў аплаткі, падзякаваў прадстаўнікам свецкіх за іх прысутнасць у жыцці супольнасці Кармэлю і павіншаваў усіх з надыходзячым святам. Важным момантам вігілійнай сустрэчы стала супольнае дзяленне аплаткай, падчас якога кожны мог асабіста выказаць узаемныя віншаванні.
с. Ганна Луцкая, OCDS
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave