05/08/23

Свята Перамянення Пана

ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 17, 1–9)

І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару.  І перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса. Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».

КАМЕНТАРЫЙ

У апісанні перамянення Езуса, якое падае́ евангеліст Мацвей, усё поўніцца ззяннем, якім прамяніцца аблічча Езуса. Пётр, Якуб і Ян бачаць аблічча Ягонае, якое ззяе, як сонца, а Яго адзенне, якое стала такім белым, як, паводле дапаўнення св. Марка, «ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць» (Мк 9, 3).

Ззянне, якое дадзена сузіраць сёння разам з Апосталамі і нам, — нібы водбліск полымя вечнай любові, якую Айцец адчувае да Сына і якою Сын адказвае Айцу. «Любоў, якая прыводзіць у рух зоркі і сонца», — гэта ўсёабдымнае полымя, якое перамяняе ў сябе, паглынае і яднае з сабою волю таго, каго ахоплівае.

У сцэне Перамянення фігура Езуса, якую бачаць Апосталы, не знявечаная і знішчаная цярпеннем, хоць Майсей і Ілля гавораць з Езусам менавіта пра «адыход, які Ён павінен быў здзейсніць ў Ерузалеме». Езус з’яўляецца перад іх вачыма ў чалавечай натуры, якая і валадарыць, і падпарадкаваная Айцу, і з’яднаная з Ім у любові. Ён паўстае перад імі як Той, Хто самым дасканалым, найчысцешым чынам удзельнічае, перажывае і ўдзяляе іншым плён гэтага полымя Мукі, якім з’яўляецца хвала́. Яго хвалебнае перамяненне дазваляе нязломна спадзявацца, што Той, Хто «прывёў да славы многіх сыноў» (Гбр 2, 10), услед за Езусам прывядзе таксама і тых, якія, згінаючыся пад цяжарам цярпення, па Яго прыкладзе даверліва паддаюцца волі Айца, верачы, што Езус адорыць іх удзелам у сваёй перамозе.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 36-37.

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave