Святы Рафал Каліноўскі – прыклад аднаўлення адносін з Богам

 

Даклад на дзень вікарыяту беларускіх кармелітаў

Мядзёл, 21 лістапада 2022 г.

          Дарагія браты кармеліты!

 

  1. Сёння, калі Каталіцкі Касцёл успамінае Ахвяраванне Марыі ў Ерузалемскай святыні, беларускія кармеліты адзначаюць Дзень вікарыяту свайго нябеснага апекуна святога Рафала Каліноўскага.

Марыя была ахвяравана Богу ў святыні, каб там рыхтавацца да прыняцця і спаўнення місіі быць Маці Збаўцы. Святы Рафал Каліноўскі ў сакрамэнце хросту таксама быў ахвяраваны Богу, каб, пазнаўшы сваё пакліканне, у кармелітанскай харызме выканаць Багам даручаную яму місію. Менавіта, з ваеннага інжынера стать інжынерам направы душаў людзкіх. 

Гэты шлях не быў лёгкім, бо ён перажыў час аслаблення і нават пэўнага крызісу веры, які праяўляўся ў занядбанню практыкі малітоўнага і сакрамэнтальнага жыцця. Аднак пад дзеяннем Духа Святога і дзякуючы грамадска-палітычным падзеям таго часу, асабліва дасведчанню сібірскай ссылкі, стаў на шлях навяртання. З ваенннага інжынера, якога заданнем была будова крэпасцяў, стаў духоўным інжынерам з мэтай будаваць духоўныя крэпасці, каб не дазволіць злому духу апанаваць чалавека.

  1. Святы Рафал Каліноўскі нарадзіўся ў 1835 г. у Вільні і на хросце атрымаў імя Юзаф. У сваёй сям’і атрымаў добрае рэлігійнае выхаванне. Цікавілі яго дакладныя навукі. Пасля школы распачаў вучобу ў Аграрнай акадэміі ў Горках, дзе вучыўся ў 1851-52 г.г. Такім чынам яго жыццё таксама звязана і з Беларуссю.

У Акадэміі адкрыў для сябе, што быць інжынерам у галіне аграрнай гаспадаркі – гэта не яго пакліканне. Ён марыў стаць спецыялістам ад будовы дарог і мастоў. З гэтай мэтай паехаў у сталіцу Расійскай Імперыі Санкт-Пецярбург. Аднак яму не ўдалося дастацца на гэты накірунак навучання. Таму распачў вучобу ў славутай Мікалаеўскай ваенна-інжынернай акадэміі, дзе вучыўся ў 1853-57 г.г.

Будучы студэнтам Ленінградскага палітэхнічнага інстытуту ў 1964-70 г.г. я кожную нядзелю праяжджаў непадалёк гэтай Акадэміі, калі ехаў да адзінага ў той час у горадзе на Няве касцёла Божай Маці Люрдскай. У той час не ведаў і не гадаў, што ў яе сценах у далёкіх ад каталіцкай веры абставінах вайсковай навучальнай установы фармаваўся характар і светапогляд будучага святога – апекуна сібіракоў.

Атмасфера вайсковай Акадэміі і сталіцы Расійскай Імперыі з яе лібералізмам адносіна маральных каштоўнасцяў негатыўна ўплывалі на маладога студэнта. Ім апанаваў рэлігійны індыферантызм Санкт-Пецярбурскай інтэлігенцыі і свецкасці вайсковай навучальнай установы, хаця ў ёй былі прадугледжаны лекцыі релігіі, таксама з удзелам каталіцкага святара. У выніку чаго перастаў маліцца і прымаць удзел у сакрамэнтальным жыцці. Ён цалкам акунуўся ў навуку і свецкае жыццё.

Як бачна, у жыцці Юзафа Каліноўскага заўважальнай становіцца адсутнасць пастаянства ў адносінах да духоўнага і рэлігійнага жыцця. Выхаваны ў каталіцкім асяроддзі, ён пад уплывам ліберальнага асяроддзя адыходзіць ад рэгулярных рэлігійных практык. Характарызавала яго ў той час хуткая знясіленасць, імкненне да лёгкага жыцця, камфорту і шчасця без Бога.

Пасля завяршэння ввучобы ў Акадэміі пачаў выкладаць у ёй матэматыку, што нагадвае пра яго інтэлектуальныя і педагагічныя здольнасці. Напэўна шмат абсальвэнтаў хацела бы быць на яго месцы, якое адкрывала кар’ерную перспектыву навукоўца.

Аднак малады інжынер і афіцэр царскай арміі Юзаф Каліноўскі гэтага не адчуваў. Казаў, што толькі жыве і не цікавіўся нічым. Усё, што рабіў не захапляла яго і было як быццам чужым.

Ён перажыў вялікі духоўны і жыццёвы крызіс, які стаў благаслаўлёным. Усё часцей задаваўся пытаннем аб сэнсе жыцця і ўсё настойлівяй шукаў трывалага пункту апоры. Стан сваёй душы называў хісткім. У такім духоўным становішчы пачаў чытаць “Вызнанні” святога Аўгусціна, аднак, тым не менш, не вяртаўся да рэлігійнага жыцця і заставаўся марнатораўным сынам, калі так можна выказацца, хаця захоўваў традыцыйныя рэлігійныя святочныя звычаі. 

Потым ззвольніўся з працы ў Акадэміі і з 1859 г. пачаў працаваць на будове чыгункі Курск-Кіяў-Адэса. Ад аднаго католіка, які на будове чыгункі  працаваў чарцёжнікам, атрымаў малітоўнік, з якога навучыўся даверу да Божай Маці. Калі знайшоўся ў жыццёвай небяспецы і шчасліва выйшаў з яе, то казаў, што гэта сталася заступніцтвам Марыі.

Гэта быў пачатак доўгага шляху яго вяртання да Бога. Марыя не заставіла яго без духоўнай апекі. Выхаваны ў Вільні, у падножжа Божай Маці Вострабрамскай – Маці міласэрнасці – ён выразна адчуў яе дапамогу.

Калі мы адкрываемся на Бога, то ўсведамляем сабе, як Божая ласка ўплывае на нас. Гледзячы не дзеі душы святога Рафала Каліноўскага, якая перажывала цёмную ноч рэлігійнага індэферантызму, мы можам паставіць пытанне: ці яго спатканне з чарцёжнікам не было праяўленнем Божага Провіду і Божай ласкі? Напэўна так.

У 1860 г. ён распачаў працу па разбудове брэстскай крэпасці. У горадзе над Бугам залажыў нядзельную школу для рамесляннікаў і вёў у ёй заняткі. Таксама апекаваўся беднымі.

Усё гэта нагадвае, што яшчэ будучы далёка ад жывой веры ў Бога, ён, тым не менш, паддаваўся дзеянню Божай ласкі, што найперш праяўлялася ў клопаце аб патрабуючых і нейкай рэлігійнай зацікаўленасці, аб чым сведчыць чытанне “Вызнанняў” святога Аўгусціна і давер Божай Маці.

3.       У студзені 1863 г. распачалося паўстанне, якое вельмі моцна  прыгнятала Юзафа Каліноўскага, бо, як вайсковы, мог быць пасланы змагацца з паўстанцамі, чаго не хацеў. Зважаючы на гэта, ён пайшоў у адстаўку з вайсковай службы і актыўна ўключыўся ў змаганні паўстанцаў на Літве, што было вельмі небяспечна, бо мог быць арыштаваны і асуджаны на смяротнае пакаранне або катаргу.

Цікава, што нават у такіх складаных абставінах пагрозы смерці, ён яшчэ не адважыўся вярнуцца да Бога ва ўсёй паўнаце. Бог, аднак, адносна яго, як марнатраўнага сына, меў іншыя планы. Калі быў арыштаваны яго стрыечны брат і асуджаны на катаргу, то Юзаф пастанавіў даць яму рэлігійную памятку, каб падтрымлівала яго ў ссылцы. Папрасіў зводную сястру, каб падарыла яму свой крыжык. Яна згадзілася пры ўмове, што выспаведаецца. Ён пагадзіўся, датрымаў слова і пасля дзесяцігадовага перапынку прыстуніў да споведзі. Потым напісаў, што досвед той споведзі можа зразумець толькі той, хто перажыў падобнае. Адыходзячы ад канфесіяналу, прызнаючы сваю немач і Божую міласэрнасць, дазнаў духоўнага супакою.

Тут відавочна, што нават прымус, якога дасведчыў з боку зводнай сястры, калі ён згодны з Божай воляй, можа мець добрыя наступствы.

4.       У 1864 г. Юзаф Каліноўскі быў арыштаваны і асуджаны на смерць.

          Пасля арышту знаходзіўся ў пераменяным у вязніцу падамініканскім кляштары ў Вільні, дзе меў магчымасць штодня слухаць Імшу з касцёла Святога Духа. Гэта быў час адраджэння рэлігійнай свядомасці і падрыхтоўкі да новых выпрабаванняў.

Дзякуючы стараннем яго сям’і смяротнае пакаранне было заменена на дзесяць гадоў катаргі ў Сібіры. У ссылку з сабой узяў крыж, Святое Пісанне і кніжку Тамаша Кэмпійскага “Пра наследаванне Хрыста”. Ён лічыў, што каб успамагаць іншых, сам павінен быць духоўна моцным.

Ссылку павінен быў адбываць за Байкалам, чаго не хацеў і маліўся каб гэтага не сталася. І на самой справе быў сасланы ў Сібірскае Усолле недалёка ад Іркуцка.

Накіраванне да Усолля лічыў ласкай Божай міласэрнасці, якая вырашыла яго будучы лёс у зямной пілігрымцы. Менавіта тады, паводле яго прызнання, ён пазнаў сілу малітвы.

На катарзе выдабываў соль, што вельмі сімвалічна. Вядома, што соль мае гаючыя ўласцівасці, асабліва ад хваробаў лёгкіх і скуры. Дробка солі зменяе смак ежы. Соль таксама выкарыстоўваецца для захавання прадуктаў ад сапсавання.

Катаржнік Юзаф Каліноўскі патрабаваў духоўнай солі, каб заставацца духоўна здаровым і самому дарыць гэтую соль іншым.

Падчас сібірскай ссылкі, дзякуючы паслузе святароў, якія туды былі сасланы, ён прымаў актыўны ўдзел у сакраментальным жыцці. З дзіўнай сілай духа, цярплівасцю і любоўю да паплечнікаў па ссылцы напаўняў іх духам малітвы, дапамагаў матэрыяльна і добрым словам усяляў надзею і спакой. Таксама дапамагаў дзецям ссыльных і мяцовых жыхароў у іх адукацыі.

Пасля звальнення з Сібірскага Усолля ў 1868 г. павінен быў заставацца на пасяленні ў Іркуцку, што таксама сімвалічна. З Іркуцкам асацыюецца возера Байкал з вельмі чыстай вадой. Вядома, што вада з’яўляецца знакам жыцця. Там дзе ёсць вада, там ёсць і жыццё. Вярнуўшыся на шлях навяртання Юзаф Каліноўскі патрабаваў вады Божай ласкі. У Іркуцку, дзе быў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцнейшай Панны Марыі, ён меў магчымасць рэгулярнага ўдзелу ў Эўхарыстыі. Таксама працаваў з моладдзю.

У 1872 г. атрымаў дазвол пераезду на Урал у горад Перм, дзе заставаўся некалькі гадоў. Мне давялося бачыць дом побач касцёла, у якім ён жыў, што давала яму магчымасць прымаць удзел у рэлігійным жыцці. На месцы таго дома быў пабудаваны дом сясцёр Маці Тэрэсы з Калькуты. Пазней праз нейкі час ён прабываў у Смаленску.

Як бачна, праведзены ў далёкай Сібіры час не быў змарнаваны. У катаржных умовах фармаваўся будучы святы Рафал Каліноўскі. Менавіта там ён прыняў рашэнне пасля вяртання з ссылкі стаць законнікам.

Сімвалічна таксама і тое, што цяпер у Сібірскім Усоллі існуе кантэмпляцыйны кляштар сясёр кармэлітанак і парафія святога Рафала. Пасеянае святым Рафалам Каліноўскім зерне веры дае свае ўсходы. Ва Усходняй Сібіры – месцы ссылак – цэлебруецца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты, ўзносіцца пастаянная  малітва, што вядзе людзей да Бога. 

 У 1874 г. Каліноўскі быў звольнены ад пакарання ссылкі, але з забаронай вяртання на Радзіму ў Вільню. Таму накіраваўся ў Кракаў, дзе займаўся выхаваннем князя Аўгуста – сына кіраўніка партыі кансерватараў Уладыслава Чартарыскага. Фармацыя прынесла свае плёны. Аўгуст стаў салезіянінам і ў 2004 г. быў беатыфікаваны святым Янам Паўлам ІІ.

  1. У 1877 г. былы царскі афіцэр, паўстанец і катаржнік Юзаф Каліноўскі пераступіў парог кармелітанскага кляштара ў г. Грац у Аўстрыі, дзе распачаў навіцыят і прыняў законнае імя Рафал.

Пасля абавязковай законнай і тэалагічнай фармацыі, якую праходзіў у Венгрыі, у 1881 г. склаў вечныя шлюбы і прыехаў у кляштар у Чэрнай у Польшчы, дзе атрымаў святарскія пасвечанні ў 1882 г.

У сваёй законнай і святарскай паслузе адзначаўся надзвычайнай руплівасцю ў адбудове кармелітанскай супольнасці. Таксама здабыў славу шанаванага духоўнага кіраўніка і спавядніка.

Палаючы апостальскай руплівасцю, не шкадаваў намаганняў і нават пакутаў для збаўлення вернікаў і дапамагаў сваім братам кармелітам і сёстрам кармэлітанкам узысці на гару дасканаласці. У справе сакрамэнтальнага паяднання ён многіх падняў з бруду граху. Працаваў дзеля справы аб’яднання Касцёлаў і пакінуў гэтую місію як запавет сваім братам і сёстрам па манаскаму ордэну.

Да самай смерці выконваў шматлікія адказныя абавязкі ў ордыне кармелітаў. Перайшоў у дом Пана 15 лістапада 1907 г. у кляштары ў Вадавіцах. 17 лістапада 1991 г. быў кананізаваны святым Янам Паўлам ІІ.

Такім чынам ў яго паслузе ва ўсёй поўні праявілася кармелітанская харызма: ad intra i ad dextra – унутры законнай супольнасці і ў канкрэтным жыцці Касцёла.

  1. Гэты кароткі біяграфічны агляд жыцця святога Рафала Каліноўскага паказвае, як чалавек безладнага і хаатычнага жыцця без цвёрдых духоўных каштоўнасцяў, які дзесяць гадоў жыў без Бога, навяртаецца і становіцца святым. Як гэта магчыма?

Яго прыклад сведчыць, што для Бога няма нічога немагчымага, незалежна ад таго, колькі разоў мы пацярпелі няўдачы, колькі магчымасцей змарнавалі, колькі часу згубілі. Пакуль жывём, заўсёды застаецца шанец. Святы Рафал Каліноўскі яго выкарыстаў. Ён яшчэ раз пацвердзіў правіла, што святыя маюць мінулае, а грэшнікі – будучыню.

6.       Трэба падкрэсліць, што святы Рафал Каліноўскі мае шмат агульнага з асобай святога Аўгусціна. Абодва доўгі час вялі далёкі ад жывой веры лад жыцця. Іх сям'і малілася за абодвух. Як навяртанне святога Аўгусцина, верагодна, не было б магчыма без пастаянных малітваў яго маці святой Монікі, таксама і вяртанне Рафала Каліноўскага да Бога, адбылося дзякуючы гарачаму заступніцтву яго блізкіх. Ва ўсякім выпадку, таксама твор святога Аўгусціна «Вызнанне» адыграў значную ролю ў навяртанні святога Рафала Каліноўскага.

У часы Студзеньскага паўстання ён перажыў рэлігійнае абуджэнне і пачаў адчуваць патрэбу ў веры. У далёкай Усходняй Сібіры падчас дзесяцігадовай ссылкі яна праявілася ў яго жыцці праз малітву і хрысціянскае сведчанне. Працуючы ў саляварні, ён не скардзіўся на свой лёс. Годна прынімаў яго і быў духоўнай апорай для сяброў па няшчасці. У цяжкіх жыццёвых умовах праяўляў цярпенне і любоў. З яго праменяваў боскі супакой. Гэты перыяд яго жыцця з’яўляецца сведчаннем таго, што ўжо жыў не ён, але ў ім жыў Хрыстус (пар. Гал 2, 19-20), як кажа святы апостал Павел. У ім адбылася карэнная духоўная перамена. Марнатраўны сын вярнуўся да Айца.

Трэба таксама падкрэсліць, што святога Рафала Каліноўскага, як апекуна сібіракоў, зняволеных і ад спраў складаных і безнадзейных, па праву можна назваць апекуном чатырох народаў: польскага, літоўскага, беларускага і расійскага, бо сярод іх жыў, цярпеў і ўзрастаў у святасці. Таму да яго неабходна звяртацца з просьбай аб дапамозе ва ўстанаўленні і падтрымцы міру паміж імі.  

          7.       Якім быў святы Рафал у росквіце веры і любові да Бога?

Перш за ўсё ён прысвяціў сваё жыццё служэнню манаскаму ордэну кармелітаў і клапаціўся пра яго развіццё. Аддна служыў людзям. Дасканала ведаў і разумеў праблемы, далёкіх ад Бога людзей. Быў іх даверанай асобай – асабліва ў канфесіянале. Дзякуючы гэтаму ён стаў “мастом”, па якім грэшнікі вярталіся да Бога. Нездарма яго называлі «вязнем канфесіяналу».

Ён імкнуўся быць даступным кожнаму, хто хацеў навярнуццца ці шукаў духоўнай дапамогі. Колькіх людзей ён прывёў да Бога, закранаючы іхнія праблемы і развейваючы найбольшыя сумневы, як гэта рабіў раней у сабе, ведае толькі Бог. Святы Рафал Каліноўскі з’яўляецца выдатным прыкладам таго, як Бог можа зрабіць вялікае дабро нават са зла.

Яго жыццё таксама можа быць школай для кожнага з нас: для тых, хто пастаянна шукае свайго месца ў жыцці. Для тых, хто адчувае, што жыццё выслізгіваецца скрозь пальцы. Для тых, каго Божыя запаведзі раздражняюць і выдаюцца абмяжаваннем свабоды. Для тых, хто бачыць у сабе больш слабасцей ніж цнотаў.

Святы Рафал паказвае, што заўсёды ёсць надзея на перамену і шанец, што аднойчы мы напішам словы, сказаныя ім: «Вы павінны быць жаўнерамі Езуса Хрыста; не жаўнерамі, якія шукаюць задавальнення, але вернымі салдатамі Караля, які пражыў сваё жыццё ў служэнні іншым, у стомленасці і пакутах».    

8.       Для дасягнення святасці патрэбна любоў да Бога і бліжняга. У жыцці святога Рафала Каліноўскага дамінавала любоў да бліжняга да такой ступені, што яго смела можна назваць слугою бліжняга, асабліва патрабуючага.

Гэтага, аднак, нельга сцвердзіць у яго адносінах да Бога, хаця лучнасць з ім не была разарвана. Падчас вучобы і працы шукаў сталых каштоўнасцяў і сэнсу жыцця, не выракаючыся Бога, Касцёла і хрысціянскіх традыцый. Можа адсутнасць яснага адказу на паўстаючыя пытанні стала прычынай таго, што ён прайшоў індывідуальны шлях дарастання ў веры і паглыблення яе. Яго прыклад пацвярджае праўду аб тым, што ў кожнага чалавека свой шлях да Бога і святасці.

9.       Разважаючы над жыццёвым шляхам святога Рафала Каліноўскага, адыходам ад Бога і вяртаннем да яго, паўстае пытанне: “Ён навярнуўся да Бога, ці, ніколі не страціўшы з ім кантакту, будаваў усё цяснейшыя адносіны з ім?” “Навярнуўся праз паўстанчае навяртанне ці дасведчанне паўстання і катаргі прыспешыла гэты працэс?” Аналізуючы яго складаны жыццёвы шлях, напрашваецца выснова, што святы Рафал Каліноўскі, хаця і аслабіў сувязь з Богам, але ніколі яе не страціў, захоўваючы пры гэтым прагненне і волю яе адшукання.

Усё гэта азначае яго актуальнасць у наш час паступаючага секулярызму і маральнага рэлятывізму, якія вядуць да ўтраты сувязі з Богам і веры ў яго. Прыклад святога Рафала Каліноўскага ў адшуканні сувязі з Богам павінен спадарожнічаць сучаснаму чалавеку з мэтай вяртання да Езуса, які ёсць адзіным Збаўцам свету ўчора, сёння і ва ўсе часы (пар. Гбр 13, 8).

Дзякую за ўвагу.

 

          Выкарыстаная літаратура:

 

  1. file:///C:/Users/Casimirus/Downloads/greg,+%7B$userGroup%7D, +Wilkowski.Kalin.pdf.
  2. https://deon.pl/wiara/sw-rafal-kalinowski-patron-zbuntowanych,368317.

2.       https://www.przymierzezmaryja.pl/sw-rafal-kalinowski-powstaniec-i-karmelita,11274,a.html.

3.       https://archiwum-ordynariat.wp.mil.pl/pl/40_6197.html.

 

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

Святы Рафал Каліноўскі – прыклад аднаўлення адносін з Богам

22/11/22

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave