24 красавіка адбылася чарговая сустрэча супольнасці Свецкага Ордэну ў парафіі Божага Цела ў Мінску. Падчас св. Імшы, якой распачалася сустрэча свецкіх кармэлітаў, адбылося аднаўленне абяцанняў. Слова Божае на гэты дзень (Евангелле паводле Яна 6, 60 – 69) прагучала цалкам у адпаведнасці гэтай падзеі. Верыць ці сумнявацца? Застацца ці адысці? Былі вучні, але адышлі… Іх шмат адышло, але не ўсе. Дык што нам рабіць? Верыць і заставацца. Ісці і сведчыць. Узрастаць у веры, надзеі, любові!
“Тэалагальныя цноты: вера, надзея, любоў” – менавіта гэтай тэме была прысвечана фармацыйная сустрэча, якую падрыхтавала і правяла адказная за фармацыю с. Наталля Куніцкая. Падчас дзялення сваімі перажываннямі зноў і зноў гучала думка, што свецкаму кармэліту немагчыма ўзрастаць у кармэліцкай харызме без свядомага развіцця ў сабе веры, надзеі, любові.
У сваёй канферэнцыі “Бог настаўнік” а. Петр Фраштэга падкрэсіў думку св. Арнольда Янсена: “Божая воля заўсёды збаўленная, нават тады, калі яна не адпавядае нашым жаданням”. На прыкладзе жыцця Абрагама бачна, як Бог клапоціцца пра тое, каб чалавек захаваў свабоду. Свабода, у сваю чаргу, заключаецца ва ўменні адмовіцца ад аднаго дабра дзеля здабыцця большага. Найвышэйшым дабром з’яўляецца Бог. Чалавек, які можа адмовіцца ад усяго дзеля Бога, з’яўляецца па-сапраўднаму свабодным. Пан Бог ведае, што калі чалавек тут, на зямлі, за нешта ўчэпіцца рукамі, то становіцца нявольнікам гэтай каштоўнасці і, нават калі яна найвялікшая, мы губляем свабоду. Чалавек, які даверыўся Богу – гэта мудры чалавек, бо толькі Бог ведае нашу будучыню і свет.
Дык будзьма мудрымі: знойдзем сваё месца, станем сабой, прысвяціўшы свае таленты на служэнне Богу і людзям.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave