У пятніцу 15 ліпеня а 18.00 гадзіне ў Мядзелі распачалося святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай. Святую Імшу ўзначаліў айцец Генрых, пробашч парафіі, які таксама прамовіў гамілію пра асаблівую матчынаю апеку Марыі ў жыцці кожнага верніка і заахвоціў да наследвання Яе цнотаў у хрысціянскім жыцці. Пасля святой Імшы адбылося памаліліся навэнну да Маці Божай Шкаплернай і заспявалі антыфону “Salve Regina”.
Адразу пасля Імшы на Мядзельскай Кальварыі адбылося набажэнства Крыжовага шляху, які праводзіў айцец Андрэй. На гэтае набажэнства сабраліся вернікі не толькі з Мядзела, але таксама з суседніх парафій: з Нарачы і з Пастаў. Былі таксама вернікі з Гродна і з Мінска. У правядзенні набажэнства крыжовага шляху дапамагаў мядзельскі моладзевы хор. Святары падчас набажэнства неслі паслугу споведзі.
У суботу 16 ліпеня а 9.00 адбылася святая Імша, якую цэлебраваў айцец Генрых. Пасля святой Імшы прайшла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую па чарзе узначальвалі ружанцовыя малітоўныя групы і таксама вернікі мядзельскай парафіі. А 11.30 хор дарослых разам з вернікамі маліліся Гадзінкі пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі.
А 12.00 гадзіне распачалася адпустовая святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз канонік Пётр Шарко былы адміністратар мядзельскай парафіі. Падчас гаміліі ён узгадаў той час, калі быў пробашчам у Мядзелі і ў Шэметаве. Святар падзяліўся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі, а таксама звярнуў увагу на заклік Хрыста: “Прыйдзіце да Мяне ўсе, абцяжараныя і змучаныя, і Я супакою вас. Вазьміце Маё ярмо і вучыцеся ад Мяне. Бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце супакой для вашых душаў» (пар. Мц 11,28-29). На заканчэнне гаміліі ксёндз Пётр падкрэсліў вялікую ролю Марыі ў жыцці кожнага веруючага чалавека: “Яна, Каралева шкаплера, заўсёды ахінае нас сваёй матчынай апекаю”. На заканчэнне святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія, якая завяршылася благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Нягледзячы на пахмурнае надворье атмасфера ўрачыстасці была сонечнай і цёплай.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave