16 ліпеня ў парафіі Божага Цела ў Мінску, якой апякуюцца кармэліты босыя, адбылося святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, галоўнай Апякункі кармэліцкага Ордэна і капліцы, дзе моляцца вернікі, пакуль трывае будаўніцтва касцёла. Галоўную св. Імшу ўзначаліў Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх у гаміліі засяродзіў увагу на гісторыі шкаплернага набажэнства, а таксама падкрэсліў бясцэнную ролю Божай Маці ў апецы над тымі, хто праз святы шкаплер выпрошвае Яе заступніцтва і хоча праз практыку хрысціянскага жыцця дасягнуць вечнага збаўлення. Падчас літургіі кармэліты босыя разам праспявалі ўрачыстую секвенцыю Flos Carmeli у гонар Каралевы святога шкапелра, а на заканчэнне біскуп узначаліў супольны старажытны спеў Salve Regina у гонар Багародзіцы.
Асаблівым чынам свецкія кармэліты Мінска падрыхтаваліся да святкавання ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль. Напярэдадні свята свецкія кармэліты ладзілі выставу-ярмарку твораў і сувеніраў ручной працы. Гэтая добрая ініцыятыва свецкіх ўзнікла ў наш складаны час, калі існуе неабходнасць ізаляцыі і магчымасць займацца любімай справай у хатніх умовах: шыць, маляваць, плесці, вырошчваць кветкі і г.д. Гэта добрая нагода бліжэй пазнаёміцца са светам захапленняў і талентамі парафіянаў, якімі шчодра адарыў іх Пан Бог. Усе наведавальнікі ярмаркі маглі набыць для сябе (альбо ў падарунак) паштоўкі, кнігі, цацкі, шкарпэткі, кветкі, карціны і бліжэй пазнаёміцца з членамі супольнасці свецкіх кармэлітаў. Усе сродкі, выручаныя ад продажу сувеніраў, былі прызначаны на патрэбы будаўніцтва нашай святыні. Дзякуем усім, хто дапамагаў у арганізацыі выставы, а найбольш Панне Марыі, якая аб’яднала ўсіх людзей добрай волі пад сваім плашчом.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave