7 чэрвеня ў парафіі Божага Цела і манаскай супольнасці кармэлітаў босых у Мінску адбылася вельмі цудоўная і доўгачаканая ўрачыстасць – пасвячэнне новазбудаванаг касцёла Божага Цела. Гэты касцёл быў пабудаваны як вотум беларускага народа за дар сакрамэнту Эўхарыстыі. Душпастыры і вернікі вельмі доўга і рупліва рыхтаваліся да гэтай падзеі.
Апоўдні ў мінскі Кармэль прыбыў галоўны цэлебрант Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Таксама з дастойных іерархаў прыбылі: арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў свой час благаславіў вуглавы камень пад будову гэтага касцёла, і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Грэка-каталіцкую Царкву прадстаўляў Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Прысутнічаў таксама Правінцыял Вашаўскай Правінцыі кармэлітаў босых а. Лукаш Кансы OCD і Рэгіянальны Вікарый кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фроштэга OCD. Прыбылі кармэліты босыя з усіх супольнасцяў у Беларусі, а таксама шматлікія святары з Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі, з іншых дыяцэзій і з-за мяжы, а таксама сёстры законныя. У святкаванні прыняў таксама ўдзел прадстаўнік дзяржаўнай улады – намеснік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Заводскага р-на г. Мінска Врублеўскі Дзмітрый Часлававіч. Прысутнічаў архітэктар праекта касцёла спадар Аляксей Яроменка, дабрадзеі, будаўнікі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Прыбылі госці з Мядзела, Нарачы, Дарава, з іншых парафій і шматлікія вернікі парафіі Божага Цела ў Мінску.
Перад уваходам у касцёл Мітрапаліта арцыбіскупа Юзафа Станеўскага прывіталі парафіяне з традыцыйным караваем. Пасля пробашч парафіі а. Юрый Кулай OCD уручыў Арцыпастыру сімвалічны ключ, якім ён тройчы пастукаў у дзверы касцёла. Затым пробашч адчыніў дзверы касцёла і запрасіў усіх увайсці на цэлебрацыю літургіі пасвячэння. Спеў падчас літургіі ў гэты дзень узначаліў хор “Голас душы” з парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску.
У пачатку цэлебрацыі Мітрапаліт Юзаф Станеўскі павіншаваў усіх прысутных з “наваселлем” і заахвоціў да радасці і ўдзячнасці Богу. Пазней усіх прывітаў настаяцель супольнасці кармэлітаў босых у Мінску а. Сяргей Трысцень OCD. Пасля гэтага адбыўся абрад благаслаўлення вады, акрапленне вернікаў, сценаў касцёла і алтара, які здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі, засяроджваючы ўвагу на тым, каб вернікі не забывалі дарогу да касцёла дзеля атрымання Божых ласкаў, адпушчэння грахоў і сілкавання Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Заахвоціў таксама, каб самі былі жывымі камянямі і на зямлі ўтваралі Божую будоўлю дабра, спакою і адзінства. Праспяваўшы супольна літанію да Ўсіх Святых, галоўны цэлебрант арцыбіскуп Юзаф прачытаў малітву пасвячэння касцёла і намасціў алтар алеем хрызма. Біскуп Аляксандр у гэты час намасціў сцены новага касцёла і здзейсніў акаджэнне. Затым ва ўрачыстай працэсіі прадстаўнікі розных парафіяльных малітоўных суполак прынеслі абрус на алтар, аздабілі яго свечкамі, а супольнасць сясцёр шарытак упрыгожыла прэзбітэрый кветкамі. Пасля гэтага новапасвячаны касцёл раз’ясніўся святлом і агнём запаленых свечак. У працэсіі з дарамі вернікі прынеслі дары для цэлебрацыі Эўхарыстыі. Пасля Святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў змешчаны ў табэрнакулюме.
Наступным пунктам літургіі стаў спеў гімна Цябе, Бога праслаўляем, як знак радасці і праслаўлення Бога за дар новай святыні. На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі а. Юрый Кулай OCD выказаў усім словы ўдзячнасці, былі ўручаныя падзякі заслужаным дабрадзеям і парафіянам, а арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў памятную дошку, якая будзе ўсталявана ў касцёле дзеля захавання памяці пра гэтую падзею.
Вечарам на прыкасцёльнай тэрыторыі быў арганізаваны парафіяльны святочны сямейны пікнік, дзе ў радаснай і сямейнай атмасферы парафіяне і госці са сваімі душпастырамі, адзначылі радасную падзею пасвячэння доўгачаканай святыні.
8 чэрвеня ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў парафіі Божага Цела ў Мінску адбылася святая Імша падзякі за будову, за дабрадзеяў і за дар новапасвячанага касцёла. Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У пачатку цэлебрацыі дастойны іерарх павіншаваў усю парафію, радуючыся, што можа ўзначаліць гэтую велічную справу. Узгадаў таксама, што знешні фасад касцёла нагадвае яму касцёл св. Тэрэзы ад Езуса ў Вільні, дзе ён распазнаваў і распачынаў сваё святарскае служэнне. У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў важную ролю Духа Святога і заахвоціў быць адкрытымі на Яго дзеянне праз вернасць Божаму слову і Касцёлу як Містычнаму Целу Хрыста. Заахвоціў быць жывымі камянямі, якія сведчаць сваім жыццём пра Ўваскрослага Пана. На заканчэнне пробашч парафіі і вернікі падзякавалі дастойнаму Госцю, што з’яўляецца і надалей хоча быць актыўнай часткай гісторыі парафіі і касцёла Божага Цела ў Мінску.
А. Юрый Кулай OCD.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave