ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 1, 16.18-21.24)
Якуб быў бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом. Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў». Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.
КАМЕНТАРЫЙ
Агульнае правіла пры ўдзяленні ўсякіх духоўных ласкаў нейкаму разумнаму стварэнню заключаецца ў тым, што заўсёды, калі Божая прыхільнасць выбірае кагосьці для нейкай асаблівай ласкі або да нейкага вышэйшага стану, надзяляе яго ўсімі дарамі, якія неабходныя гэтай выбранай асобе і, у дадатак, усебакова ўпрыгожваюць яе.
Гэта найбольш пацвердзілася на асобе святога Юзафа, зямнога бацькі нашага Пана Езуса Хрыста і сапраўднага абранніка Валадаркі свету і Панны анёлаў. Спрадвечны Айцец выбраў яго як вернага карміцеля і вартаўніка сваіх галоўных скарбаў, а менавіта свайго Сына і сваёй абранніцы; і Юзаф з найвялікшай адданасцю выканаў свой абавязак. Таму Пан кажа: «Слуга добры і верны, увайдзі ў радасць гаспадара твайго» (Мц 25, 21). Пан цалкам справядліва дадае: «Увайдзі ў радасць гаспадара твайго». Хоць насамрэч гэта радасць уваходзіць у сэрца чалавека, Пан сказаў менавіта: «Увайдзі ў радасць», каб містычным чынам адзначыць, што гэтая радасць не толькі ўнутры яго, але яна акружае яго адусюль і паглынае.
А як я ўспрымаю сваё пакліканне? Ці дзякую я Богу за пакліканне да стану, у якім знаходжуся, з усімі яго радасцямі і цярпеннямі? Ці ўпускаю я ў сэрца Божую радасць?
З казання св. Бэрнарда Сіенскага (1380-1444)
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave