19 сакавіка ва ўрачыстасць св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, парафію Божага Цела ў Мінску, якой апякуюцца кармэліты босыя, наведаў Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі. Іерарх у суправаджэнні настаяцеля мясцовай супольнасці кармэлітаў босых а. Сяргей Трысценя паглядзеў і пазнаёміўся са станам будаўніцтва касцёла і кляштара, а таксама правёў і памаліўся разам з вернікамі набажэнства крыжовага шляху, пасля чаго ўзначаліў урачыстую Эўхарыстыю ў гонар св. Юзафа.
Св. Юзаф з’яўляецца апекуном Паўсюднага Касцёла, але таксама вельмі моцна ўшаноўваецца супольнасцямі Кармэлю, згодна з прыкладам св. Тэрэзы ад Езуса, доктара Касцёла і рэфарматаркі Кармэлю. У сваёй гаміліі арцыбіскуп заахвоціў браць прыклад са св. Юзафа, які не вагаўся быць паслухмяным Богу нават насуперак надзеі, і такім чынам стаўся, праз вернасць Божаму запавету, добрым і верным слугой свайго Пана.
Душпастыры і вернікі падзякавалі Пану Богу за дар св. Юзафа для Паўсюднага Касцёла і Кармэлю ў Беларусі, а таксама падзякавалі Яго Эксцэленцыі арцыбіскупу Тадэвушу за яго шматгадовае, вернае і непахіснае служэнне Мітрапаліта Богу і Касцёлу ў Беларусі і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave