14/08/21

Урачыстасць Унебаўзяцця НПМ

ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 1, 3956)

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам». І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу, бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі. І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў. Прыняў свайго слугу Ізраэля, памятаючы пра сваю міласэрнасць, як абяцаў бацькам нашым, Абрагаму і яго патомству навекі». Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом.

 

КАМЕНТАРЫЙ

Марыя — адзінае стварэнне, у якім ззянне Божага вобраза ніколі не была зацемнена; Яна — «Беззаганнае зачацце», некранутая справа Тройцы, умілаваная Айцом, Сынам і Духам Святым, якія заўсёды атрымлівалі дасканалы адказ на сваю любоў.

Адказ Марыі на любоў Бога гучыць у сённяшнім Евангеллі (Лк 1, 39–59) і ў словах Альжбеты, якая праслаўляе вялікую веру, што схіліла Марыю без вагання прыняць Божую волю, і ў словах Дзевы, якая спявае свой гімн праслаўлення Найвышэйшага за вялікія справы, якія Ён учыніў у Ёй. Марыя звяртае ўвагу і глядзіць на сябе толькі для таго, каб прызнаць сваю мізэрнасць, і з яе ўзносіцца да Бога, каб праслаўляць Яго ласкавасць і міласэрнасць, Яго справы і моц на карысць малых, пакорных, убогіх, сярод якіх яна стаіць перад Ім у найвялікшай прастаце. Адказ на бязмерную любоў Бога, які выбраў Яе сярод усіх жанчын, каб Яна стала маці Ягонага Сына, застаецца нязменным, такім, які Марыя дала анёлу: «Вось я, слуга Пана» (Лк 1, 38). Для Марыі быць слугой — значыць цалкам адкрыцца на Бога і быць Яму паслухмянай: Ён можа ўчыніць з Ёй усё, што захоча. І Бог, злучыўшы Яе з мукай свайго Сына, аднойчы ўзвысіць Яе, і ў Ёй здзейсняцца словы гімна: «Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных» (Лк 1, 52). Пакорная слуга сапраўды «была з целам і душою ўзята ў неба да нябеснай славы... каб больш прыпадобніцца да свайго Сына, Валадара валадароў» (LG 59[1]). У Марыі Унебаўзятай усё хрысціянства мае магутную заступніцу, а таксама цудоўны ўзор. Ад Яе кожны вучыцца пакорна прызнаваць сваю мізэрнасць, ахвяроўваць сябе Богу ў поўным падпарадкаванні Яго волі і верыць непахіснай верай у Яго міласэрную і ўсемагутную любоў.

Айцец Габрыэль ад св. Марыі Магдалены OCD

З кнігі “Żyć Bogiem”, том III, с. 524

 

[1] LG —Дагматычная Канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium. 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave