ЕВАНГЕЛЛЕ (Мк 16, 15–20)
Езус з’явіўся Адзінаццаці і сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не зашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць. І Пан Езус, пасля размовы з імі, узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога. А яны пайшлі і паўсюль абвяшчалі Евангелле. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.
КАМЕНТАРЫЙ
Унебаўшэсце — гэта таямніца хвалы, таму што Божы Сын пасля здзейсненай місіі вяртаецца да Айца ў хвале. «Узнёсся Бог пад радасныя воклічы» — спяваем у псальме.
У Евангеллі паводле Марка Езус перад сваім адыходам падрыхтоўвае вучняў да неадкладнай місіі: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены (…). Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць шматлікія знакі» Божай дзейнасці. Калі Езус быў узяты на неба і сеў праваруч Бога, апосталы, пасля спаслання Духа Святога, разышліся, каб усюды абвяшчаць Евангелле. Відавочная адсутнасць Пана выяўлялася ў Яго ўтоенай прысутнасці, таму што Ён сам супрацоўнічаў з імі і пацвярджаў навуку знакамі, якія яе суправаджалі. Святасць вучняў узрастала, калі пачалі ісці згодна з верай, а не дзякуючы бачанню, бо сведчылі аб Хрысце словам і любоўю, якая ідзе ажно да аддавання жыцця за братоў. Праслаўляем Пана, які сёння адкрывае нам брамы неба і як Добры Пастыр ахвяруе Айцу згубленную авечку, якую знайшоў, абмыў і намасціў алеем свайго Духа. Яму хвала на векі! Амэн.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 317.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave