18/07/2023

У Гудагаі адбыўся фэст у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль

15 і 16 ліпеня ў гудагайскі Санктуарый прыбылі шмат пілігрымаў з розных куткоў Беларусі і замежжа, каб у святым месцы прадставіць свае інтэнцыі і праславіць Бога за Яго ласкі. На сёлетніх урачыстасцях адзначалі 260-ю гадавіну пабудовы святыні і 50-ю гадавіну смерці ксяндза Адама Вайцяхоўскага, вялікага шанавальніка Маці Божай Шкаплернай, які адышоў у вечнасць менавіта 16 ліпеня.

Ужо з раніцы суботы звычайна ціхае мястэчка Гудагай пачало напаўняцца гукамі пілігрымаў і машын. Трывалі апошнія прыгатаванні да фэсту, а з розных мясцін прыбывалі вернікі, каб пакланіцца перад цудадзейным абразом Маці Божай Гудагайскай і прыняць удзел у набажэнствах.

Адметным у гэтым годзе стала пілігрымка байкераў на чале з айцамі-кармэлітамі: Паўлам Германам і Пятром Фарынай з Нарачы. Пілігрымка байкераў сабрала разам шмат аматараў з Астраўца, Ашмян, Смаргоні, Вілейкі, Пастаў, Нарачы, Мядзела і Камарова.Таксама пілігрымы прыбывалі на аўтобусах, машынах, роварах і пешшу з Маладзечна, Гродна, Мінска, Нясвіжа, Стаўбцоў, Смаргоні, Астраўца ды іншых мясцін Беларусі.

Распачаліся адпустовыя ўрачыстасці Святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Усіх прысутных прывітаў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ гэтага святога месца айцец Аркадзь Куляха OCD. У гаміліі біскуп Юрый сказаў пра тое, што Марыя моцна любіць нашую беларускую зямлю, бо маем так шмат месцаў яе цудадзейных аб’яўленняў і ласкаў, адным з якіх з’яўляецца Гудагай.

Наступным пунктам праграмы урачыстасцяў было набажэнства Крыжовага шляху па самай вялікай Кальварыі ў нашай краіне, у якім узялі ўдзел сотні вернікаў. Перажываць набажэнства дапамагалі падрыхтаваныя разважанні, малітвы і спевы. Кожны ўдзельнік Крыжовага шляху меў магчымасць адчуць міласэрны дотык Хрыста ў сакрамэнце пакаяння і паяднання.

Працэсіяй святла распачалася начная Святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Безліч свечак і аганькоў асвятлілі вуліцы Гудагая ў цёплую ліпеньскую ноч. Жанчыны і мужчыны ў народных строях неслі цудадзейны абраз, які пасля размясцілі на палявым алтары. Пасля Імшы пілігрымы мелі магчымасць маліцца ў касцеле перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

У другі дзень фэсту ранішнюю нядзельную Імшу цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Цэлебрацыю заключнай святой Імшы ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч. Разам з ім у Эўхарыстыі ўзялі ўдзел біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і святары. Да малітвы далучыліся таксама Генадзь Бычко, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама і Віктар Карповіч, старшыня Гудагайскага сельвыканкама.

Напрыканцы Святой Імшы ўсім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі фэсту і дапамагаў матэрыяльна і малітоўна, а таксама ўсім прысутным на ўрачыстасцях вернікам і пілігрымам з розных мясцін Беларусі падзякаваў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD, які запрасіў наведваць Гудагай часцей. Наступнае свята парафіі - Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі - адбудзецца 8 верасня. Але кожны дзень на працягу года тут, у Гудагаі, чакае Марыя, якая ахінае плашчом сваіх умілаваных дзяцей.

 

Тэкст і фота: Ірэна Ахрамовіч

Варта таксама паглядзець на catholic.by:

Крыжовы шлях на Гудагайскай кальварыі

Фэст у Гудагаі: дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Шкаплернай адзначыў адразу дзве гадавіны

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave