20/07/2022


У Гудагаі адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай

16 і 17 ліпеня 2022 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, дзе служаць кармэліты босыя, разам з пяццю беларускімі біскупамі з Віцебска, з Гомеля і з Мінска, маліліся вернікі з розных куткоў Беларусі ды з-за мяжы. Урачыстасць была прымеркавана таксама 15-й гадавіне каранацыі славутага ласкамі абраза Маці Божай Гудагайскай.

 

Свята распачалося ў суботу Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Грэка-католікі з Брэста, разам са сваім святаром, айцом Ігарам Кандрацевым, праславілі Бога спевам акатыста ў гонар Багародзіцы.

 

Увечары сабраныя, сярод якіх былі біскуп Алег Буткевіч, біскуп Казімір Велікаселец і біскуп Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў набажэнства, прайшлі Крыжовы шлях па найдаўжэйшай у Беларусі Кальварыі. Апоўначы Гудагай рассвятлілі аганькі ў руках удзельнікаў працэсіі святла вакол касцёла і могілак.

 

Начную Святую Імшу ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Усю ноч людзі маліліся ў касцёле.

 

Першую Святую Імшу ў другі дзень урачыстасці ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Галоўную Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўсіх набажэнствах ўдзельнічаў таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. На заканчэнне святкавання да сабраных са спецыяльным словам звярнуўся вікарый кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фроштэнга.

 

У супольнай малітве дапамагалі хоры Verbum Dei і Голас душы з Мінска, а таксама касцёльнае трыё пад кіраўніцтвам Таццяны Васюкевіч. Спевы падчас набажэнства Крыжовага шляху выканала група пад кіраўніцтвам Жаны Грамбоўскай. У добрым перажыванні ўрачыстасці дапамагалі валанцёры: з Мінска разам з ксяндзом Андрэем Бураком, з Адамавіч, з Брэста і з гудагайскай парафіі. Дэкарацыі выканалі сёстры кармэліткі Дзіцятка Езус.

 

Дзякуючы рэпартажам супрацоўнікаў партала Catholic.by, Астравецкай праўды і Ірэны Ахрамовіч можам яшчэ раз духоўна стаць часткай свята-малітвы.

 

Слова Рэгіянальнага вікарыя кармэлітаў босых у Беларусі айца Пятра Фроштэнгі:

…Нішто так не яднае людзей, як супольная малітва, асабліва, калі яна ўзносіцца праз заступніцтва міласэрнай Матулі ўсіх вернікаў - Найсвяцейшай Панны Марыі.

 

Роўна 15 гадоў таму, 15 ліпеня 2007 года, у Гудагаі, што на Астравеччыне, адбылася гістарычная падзея: Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк усклаў папскія кароны на славуты ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай, якая тут ушаноўваецца як Маці Божая Шкаплерная.

 

Перад Яе матчыным абліччам усе, хто сабраўся ў Гудагаі — беларусы, палякі, літоўцы — адчувалі сябе роднымі братамі і сёстрамі, нягледзячы ні на якія межы і рознасць моваў.

 

Так было заўсёды, Маці Божая Гудагайская заўсёды вітала ўсіх з любоўлю. Яна сустракала і надалей сустракае сваіх дзяцей у цудадзейнай выяве. Яна таксама сустракае нас праз служэнне сваіх братоў і дзяцей, якімі зяўляюцца кармэліты босыя. Шмат гадоў айцы кармэліты апекуюцца гэтым святым месцам у Гудагаі.

 

Сёння хачу выказаць шчырую падзяку ўсім маім братам. Шмат хто клапоціўся, рыхтуючы адпустовыя урачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай тут у Гудагаі. На працягу шматлікіх гадоў мясцовая суполнасць братоў кармэлітаў рабіла гэта з вялікай адданасцю. Сёння хачу выказаць падзяку айцам Аркадзю, Юрыю, Казіміру, брату Андрэю і ўсёй іх камандзе, якая рыхтаваліа сёлетнюю ўрачыстасць. Я думаю, што мы ўсе тут прысутныя хочам гэта зрабіць. Яны кажуць, што працаваць для Маці Божай Гудагайскай ды пілігрымаў, якія тут збіраюцца - гэта прывілея.

 

Дасць Бог, праз год ізноў сустрэнемся тут у Гудагаі, каб дзякаваць за велікія і малыя цуды, якія здзейсніў Бог праз Марыю. Да новых сустрэч!

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave